Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Царква “Новае жыцьцё” не выключае аднаўленьня акцыяў пратэсту


Альгерд Невяроўскі, Менск Сёньня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе працягнецца слуханьне справы менскай поўна-эвангельскай царквы “Новае жыцьцё” . Гэтая пратэстанцкая суполка дамагаецца, каб Менскі гарвыканкам адмяніў сваё рашэньне аб прымусовым выкупе будынку царквы ўладамі, а таксама перапрафіляваньня яго ў культавы.

Калі патрабаваньні ня будуць задаволеныя, вернікі могуць аднавіць акцыі грамадзянскага пратэсту.

Разгляд гэтай справы ў Вышэйшым гаспадарчым судзе стаў магчымым толькі пасьля 23-х дзённай кастрычніцкай галадоўкі вернікаў і ўмяшаньня Адміністрацыі прэзыдэнта. Вернікі дабіваюцца адмены рашэньня Менскага гарвыканкаму, паводле якога будынак былога калгаснага кароўніка, што ў мікрараёне Сухарава пераабсталяваны ў царкву, быў прымусова прададзены дзяржаве за невялікія грошы.

Наступнае патрабаваньне – наданьне таму будынку статусу культавага, зьмены мэтавага прызначэньня зямельнага ўчастку і спагнаньня з гарадзкіх уладаў на карысьць царквы усіх судовых грашовых выдаткаў. Пастар “Новага жыцьця” Вячаслаў Ганчарэнка, праўда, прызнаецца, што для вернікаў найбольш важныя першыя два пункты патрабаваньняў. Напярэдадні судовага паседжаньня спадар Ганчарэнка выступіў з адкрытым зваротам да грамадзкасьці.

Гаворыць пастар Ганчарэнка:

Ганчарэнка: “На маю думку гэтае пытаньне зацягнулася. Бо мінула ўжо тры месяцы ад пачатку акцыі пост-галадоўка і нам абяцалі ўсё зрабіць хутка. А цяпер мы бачым, што ўсё перайшло ў нейкі іншы запаволены рэжым. Мы чакаем, што нашы патрабаваньні будуць задаволеныя ў поўным аб’ёме. Гэтыя пытаньні простыя і суд мае права іх задаволіць. Калі ж нашы патрабаваньні ня будуць выкананыя, мы будзем думаць аб працягу акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня. Што гэта азначае, мы пакуль ня кажам”.

Вышэйшы гаспадарчы суд ужо адмяніў шэраг пастановаў гарвыканкаму ў справе царквы “Новае жыцьцё”, але канчатковага рашэньня пакуль не прыняў.

Вячаслаў Ганчарэнка лічыць, што пытаньне аб праве вернікаў хваліць Бога ва ўласным будынку ўвогуле не павінна паўставаць у цывілізаваным грамадзтве.
XS
SM
MD
LG