Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ПАРЭ сустрэнецца з Ірынай Казулінай


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня другі дзень візыту прэзыдэнта ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэна ў Менск. Ён правядзе перамовы зь кіраўніком Савету Рэспублікі Генадзем Навіцкім, лідэрамі арганізацый няўрадавага сэктару, кіраўнікамі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Беларускага каталіцкага касьцёлу, выступіць перад студэнтамі БДУ, а таксама сустрэнецца з жонкай палітвязьня Аляксандра Казуліна Ірынай.

Учора спадар ван дэр Ліндэн заклікаў беларускія ўлады запрасіць міжнародных экспэртаў у справе палітвязьняў дзеля вырашэньня спрэчкі, якая існуе паміж Эўропай і Беларусьсю ў гэтым пытаньні.

Прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн у якасьці адной з шасьці перадумоваў свайго прыезду ў Беларусь выстаўляў магчымасьць наведаць у турме палітзьняволенага Аляксандра Казуліна, аднак беларускія ўлады адмовілі. Пра гэта сам спадар ван дэр Ліндэн ўчора паведаміў лідэрам беларускай апазыцыі, у прыватнасьці Вінцуку Вячорку:

Вячорка: “Тым не менш ён прыняў рашэньне ехаць, для таго каб ствараць пляцоўку для дыялёгу і данясеньня каштоўнасьцяў Рады Эўропы да беларускіх уладаў, а канкрэтна – да парлямэнцкіх уладаў”.

Прэзыдэнт ПАРЭ абмеркаваў тэму палітвязьняў са сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Канаплёвым і міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым, якія не прызналі такой праблемы. Для вырашэньня спрэчкі Рэнэ ван дэр Ліндэн заклікаў афіцыйны Менск прыцягнуць міжнародных экспэртаў:

Ван дэр Ліндэн: “Калі мы маем розныя погляды на праблему палітычных вязьняў, давайце зьвернемся па дапамогу міжнародных экспэртаў”.

Сёньня раніцай Рэнэ ван дэр Ліндэн сустрэнецца з жонкай палітвязьня Аляксандра Казуліна Ірынай. Спадарыня Казуліна заявіла Свабодзе, што гэтая сустрэча для яе вельмі важная.

Казуліна: “Бо я не ўпускаю ніводнага шанца для таго каб сустракацца і размаўляць зь людзьмі, якія могуць як-небудзь паўплываць на лёс майго мужа. І таму, канешне, я буду гаварыць аб гэтым, а тым, каб усе перамовы з нашымі ўладамі пачыналіся з праблемы вызваленьня палітзьняволеных у нашай краіне”.

Ірына Казуліна перакананая, што міжнародная рэакцыя можа нейкім чынам уплываць на сытуацыю ў Беларусі. Падрабязнасьці сваёй рамовы з ван дэр Ліндэнам Ірына Казуліна зможа перадаць свайму мужу 27 студзеня, турэмныя ўлады дазволілі ёй доўгатэрміновае спатканьне на тры дні.

На думку праваабаронцы Алеся Бяляцкага, які сёньня таксама будзе сустракацца з ван дэр Лінданам, магчымасьці Рады Эўропы ўплываць на сытуацыю ў Беларусі абмежаваныя.

Бяляцкі: “Беларусь зьяўляецца адзінай краінай кантынэнту, якая не ўваходзіць у Раду Эўропы, і гэтая сытуацыя, мабыць, будзе доўжыцца, таму што нішто не гаворыць нават пра мінімальныя зьмены ў стаўленьні да патрабаваньняў, якія ў свой час былі вылучаныя Радай Эўропы”.
XS
SM
MD
LG