Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ПАРЭ заклікаў беларускія ўлады запрасіць міжнародных экспэртаў у справе палітвязьняў


Валер Каліноўскі, Менск У часе перамоваў з прадстаўнікамі беларускіх уладаў прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн заклікаў афіцыйны Менск прыцягнуць міжнародных экспэртаў дзеля вывучэньня праблемы палітвязьняў у Беларусі, якая застаецца спрэчнай у адносінах паміж Беларусьсю і Эўропай.

У часе перамоваў з кіраўніком Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў заявіў, што адносіны Беларусі з Расеяй і Эўразьвязам не зьяўляюцца канкурэнтнымі.

Спадар ван дэр Ліндэн пагадзіўся з такой думкай і выказаў уласнае адчуваньне пасьля дня перамоваў, што ў выніку расейска-беларускага энэргетычнага канфлікту афіцыйны Менск гатовы актывізаваць стасункі з Радай Эўропы і Эўразьвязам.

Спадар ван дэр Ліндэн заклікаў, каб у адкрытым дыялёгу бакі ўспрымалі аргумэнты двух бакоў і прапанаваў у спрэчных пытаньнях выкарыстоўваць экспэртызу і інструмэнты Рады Эўропы.

Ван дэр Ліндэн: “Калі мы маем розныя погляды на праблему палітычных вязьняў, давайце зьвернемся па дапамогу міжнародных экспэртаў”

Ён выказаў спадзеў, што адкрыты дыялёг паміж Эўропай і Беларусьсю пачнецца, і будуць крокі афіцыйнага Менску насустрач Эўропе. Разам з тым ён прызнаў:

Ван дэр Ліндэн: “На сёньня зразумела, што Беларусь не адпавядае крытэрам і агульным каштоўнасьцям, якія вылучаюцца Радай Эўропы".

Заўтра ван дэр Ліндэн сустрэнецца з жонкай палітвязьня Аляксандра Казуліна Ірынай і лідэрамі арганізацый няўрадавага сэктару Беларусі.
XS
SM
MD
LG