Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як збліжалася вёска з горадам?


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае драматург, гісторык Алесь Петрашкевіч Эфір 18 студзеня 2007 году

Баба Сарахвіна прызвычаілася ўставаць пад гімн БССР, які штодня а 6-й раніцы вырываўся з радыёкропкі. Пасьля яна адрывала лісток календара, што вісеў ля рэпрадуктара. І ўжо пасьля бралася за гаспадарку. Але якая там гаспадарка... Усяго і засталіся шэсьць курэй, кот і цюцька. Ды болей ёй і ейнаму Івану, саслабелым васьмідзесяцігадовым старым, і ня трэба было. Дзеці і ўнукі даўно зьехалі -- хто ў Воршу, хто ў Віцебск. Самі сабе неяк даюць рады...

Вось патрэбы вялікай у раньнім уставаньні не было. І тым ня меней завядзёнкі не парушала. Сёньня праспала, бо радыё, як замаўчала адвячоркам, гэтак і цяпер маўчыць. А перадача ж абарвалася на самым цікавым месцы: нейкая маладуха бадзёрым голасам тлумачыла абяцаньні Хрушчова, што хутка надыдзе камунізм, і вёскі стануць гарадамі.

Запала гэта ў галаву бабе Сарахвіне, паўночы думала, як гэта файна будзе жыць: аўталаўка, напэўна, штодня прыяжджаць будзе, і лазьню пабудуюць, аўтобусы ў раён паедуць. Пад ранак толькі прыснула...

Ходзікі паказвалі амаль восьмую. І раптам рэпрадуктар спачатку захрыпеў, а пасьля і закашляў. -- Напэўна, дрот адрамантавалі, -- ўзрадавалася старая. І прымач загаварыў. Загаварыў усё тым жа бадзёрым голасам, як бы працягваў з таго самага месца, дзе замоўк учора: “Цяперашняе пакаленьне людзей будзе жыць пра камунізьме... Вёска зблізіцца з горадам...” Ва ўяўленьні бабулі зноў пачалі ўзьнікаць радасныя малюнкі.

-- А ведаеш, стары, кажуць, што пры тым самым камунізьме грошы адменяць. -- А за што ты хлеб будзеш купляць? -- Дык кажуць, што ён і не патрэбны будзе. Усім будуць выдаваць таблетку. Адной на дзень хопіць.

-- Галавіна ты бы баба., --сказаў дзед, -- Для каго тут горад будаваць? Для нас старых?

-- Можа ўнукі вернуцца?

-- Якраз табе і вернуцца... З гораду гразь сюды мясіць?

-- Дык жа наша вёска стане горадам, -- не здавалася Сарахвіна, -- і асфальт пакладуць. -- Галавіна ты, баба Галавіна...

Баба Сарахвіна падышла да календара, і адарвала лісток -- 31 кастрычніка 1961 году.


Вячаслаў Ракіцкі: “І ў студыі Радыё Свабода сёньня са мною гісторык, драматург Алесь Петрашкевіч. У тую пару, калі разьвіваліся падзеі, пра якія мы будзем гаварыць, ён быў яшчэ і высокім чыноўнікам. Ягоны кабінэт у гэтак званым Чырвоным доме – будынку ЦК кампартыі БССР – быў недалёка ад кабінэту самога Пятра Машэрава, першага сакратара той партыі, аднаго з ідэолягаў і практыкаў збліжэньня вёскі з горадам. Спадар Петрашкевіч, раскрыю слухачам сакрэт, што гэтая жанчына, пра якую я расказаў на пачатку перадачы, была вашай сваячкай. Зразумела, што яна не дачакалася ні абяцанага камунізму ў краіне, ні ідэалістычных пераменаў у жыцьці сваёй вёскі. Дык чаго яна дачакалася на сконе свайго жыцьця?”

Алесь Петрашкевіч: ”Нічога ні яна, ні ейныя суродзічы, малодшыя за яе, не дачакаліся. Усё, як кажуць, сышло на пусты канец”.

Ракіцкі: “Вось жа вы, працуючы ў ЦК, хоць і займаліся пытаньнямі культуры, тым ня меней штодня на свае вочы бачылі, як пісаліся пляны мерапрыемстваў у перабудове вёскі, якія практычныя захады рабілі. Зрэшты, часта пра беларускія ўлады ў былым СССР казалі, што яны наперадзе прагрэсу: не пасьпеюць кашлянуць у Крамлі, а ў Беларусі ўжо рапартуюць пра вынікі. А часта і ўвогуле ініцыятывы нараджаліся ў Менску, а затым пашыраліся на ўвесь Савецкі Саюз.У выпадку зь перабудовай вёскі 1960-х – 1970 гадоў, чыёй ініцыятывы было болей – крамлёўскай, ці беларускай?”

Петрашкевіч: “Першая ініцыятыва было Хрушчова. Але яна была толькі дэкляраваная. Ужо тады, відаць, зразумелі, што на гэта няма ні магчымасьцяў, ні грошай. Ужо пазьней, пасьля Хрушчова, пры Брэжневе, ініцыятыва пайшла зь Беларусі, і менавіта ад Пятра Машэрава. Ён любіў ініцыятывы. Ініцыятыва была захапляючай: з трыццаці трох тысячаў беларускіх вёсак мелася пакінуць толькі дзьве з паловай – тры тысячы. І пераўтварыць іх у гэтак званыя аграгарадкі. Ідэю надзіва добра ўспрынялі ў Маскве і нават паабяцалі грошы на гэтую перабудову”.

Ракіцкі: “А навошта спатрэбілася тая перабудова вёскі? Хай бы сабе людзі жылі ў звыклых для іх умовах, традыцыйна, на хутарах...”

Петрашкевіч: “У нас да гэтага часу ўжо маленькія калгасы сталі вялікімі. А тут спатрэбіўся калгас велізарны. Так яно і сталася пасьля. Але справа ў тым, што калгасны спосаб вытворчасьці – гэта нават не фэадальны, не рабаўладальніцкі. Гэта – першабытна-абшчынны, таму што паводле рымскага права раба трэба было апранаць і карміць, а калгасьнік мог працаваць і за так”.

Ракіцкі: “Што непасрэдна перабудоўвалася ў беларускай вёсцы? Якія праекты былі ў Машэрава?”

Петрашкевіч: “Нічога не перабудоўвалася. У Машэрава былі толькі пражэкты. І сваім коштам, без маскоўскай дапамогі, пачалі будаваць два аграгарадкі – ў Верцялішках і, здаецца, “Новы быт”. Будавалі іх пятнаццаць-шаснаццаць гадоў. І тады Машэраў выказаўся. Ён сказаў, што падлічыў, калі такімі тэмпамі перабудоўваць сяло, дык народзіцца і памрэ два пакаленьні. Ці гэта было раскаяньне, ці гэта было проста прыватнае мне прызнаньне, але так яно і сталася. Сёньня мы бачым, што гэтыя пакаленьні выміраюць, а вёска, як ні перабудоўвалася, так і не перабудоўваецца”

Ракіцкі: “А што ў гэтым, ва ўзбуйненьні вёсак, дрэннага? Паўставалі ж аграгарадкі з дасканалым сацыяльна-культурным комплексам. Мы ж добра ведаем вёску. Жыла сабе недзе на хутары бабулька, тая ж Сарахвіна. Да таго хутару ня езьдзілі аўтобусы. Не было тэлефонаў. Раз ці два на тыдзень прыяжджалі аўталаўкі. А машыны хуткай дапамогі ці пажарныя на выпадак няшчасьця і ўвогуле не даяжджалі...”

Петрашкевіч: “Дрэннага нічога няма. Але гэта ўсё былі пражэкты. А на самай справе, абвясьціўшы трыццаць тысячаў вёсак непэрспэктыўнымі, і гэта ня проста былі словы. мясцовае чыноўніцтва адразу ж дало каманду гэтыя вёскі не ахарошваць, не будаваць вуліц. Сталі зачыняцца крамы, амбуляторыі, бібліятэкі -- ўсё ўзбуйнялі. Даўзбуйняліся да таго, што нават пачалі пісаць дырэктывы сялянам. Адну з такіх дырэктываў Дубровенскага райвыканкаму я сам чытаў. Яна патрабавала забараніць у вёсцы ставіць новы плот і папраўляць дахі на хатах. Можа, такім дурнем быў толькі адзін старшыня райвыканкаму? Думаю, што не адзін”.

Ракіцкі: “Якія канкрэтна былі вынікі таго збліжэньня вёскі з горадам?”

Петрашкевіч: “Вынікі былі жахлівымі, асабліва калі паглядзець на іх зь сёньняшняга дня. Скажу толькі пра сваю родную Талачыншчыну. За дваццаць гадоў дваццаць сем вёсак наогул зьніклі, іх зьнялі з уліку. Сёньня на Талачыншчыне ў сямідзесяці вёсках пражываюць ад аднаго (ўявіце сабе!) да чатырнаццаці чалавек. Калі раней насельніцтва вёскі за 10 гадоў скарачалася на пяць тысячаў, дык апошнім часам за 5 гадоў скарацілася на 10 тысячаў. І вось гэтыя семдзесят з гакам вёсак зьнікнуць літаральна ў найбліжэйшыя гады. Што такое -- адзін чалавек на вёску?! Ці нават пятнаццаць... Гэта – старыя, нямоглыя людзі. Некага забяруць у горад дзеці, калі яны ёсьць. Але бальшыня памрэ. Пра гэта нават гаварыць страшна, як знаходзяць памерлых людзей у гэтых хатах. Я ня ведаю, якое цяпер можа быць выйсьце”.

Ракіцкі: “А тады ці было іншае выйсьце?”

Петрашкевіч: “Выйсьця не было. Жыцьцё было цяжкае. Я яго ведаю. Я і сам атрымоўваў тры капейкі на працадзень, калі яшчэ вучнем працаваў у калгасе. І гэты працадзень ня ўзьнімаўся вышэй гэтых трох капеек гадамі. Зьніжаліся цэны, нешта ўводзілася новае, але ўсё гэта было не для вёскі. Калгас заставаўся калгасам. Выйсьце магло б быць, каб гэта рабілася па-людзку, каб гэта было абгрунтавана фінансава, каб вёска перабудоўвалася з захаваньнем народнага побыту, традыцыйнай культуры. На гэта ніхто не зьвяртаў увагі. А калі хто і зьвяртаў увагу, дык яго абвінавачвалі ў ідэалізацыі мінуўшчыны”.

Ракіцкі: “Вы закранулі вельмі цікавы аспэкт тэмы. Дык як гэтае ўзбуйненьне адбілася на псыхалёгіі грамадзтва, на культуры?”

Петрашкевіч: “Людзі беглі ў горад і беглі ўвогуле куды заўгодна, каб толькі ня быць у тым калгасе. Але ня так лёгка было атрымаць пашпарт. Гэта рабілі за самагонку, па сваяцтву, за хабар”.

Ракіцкі: “А цяпер – пра сучасную Беларусь. Зноў абвешчана і ўжо адкрываюцца новыя аграгарадкі, а калгасы застаюцца. Гісторыя паўтараецца?”

Петрашкевіч: “Ня думаю, што Аляксандар Рыгоравіч зьяўляецца пасьлядоўнікам Пятра Міронавіча. Але ён шукае свайго выйсьця. Ніякай перабудовы ў гэтых варунках быць ня можа. Праблема палягае і ў эканамічнай плашчыне. Аграгарадкі будуюць, але ў іх гарачай вады няма, ванных і лазьняў няма, нават прыбіральняў не пабудавалі. А тыя дамкі, што там будуюць, каштуюць па сорак тысячаў даляраў. І ня кожны рызыкуе ўкладаць такія грошы. Да таго ж яны будуюцца няякасна. Гэта – не Верцялішкі. Я бачыў Верцялішкі. Гэта – сапраўды гарадок вышэйшай клясы. Але ж ён адзін будаваўся шаснаццаць гадоў. Можа, выйсьце будзе ў тым, што частка жыхароў, найперш маладых, пры добрым раскладзе вернецца на сяло. Але для гэтага павінна быць адзіная ўмова, калі ім аддадуць зямлю і дапамогуць. Чалавек і зямля неразрыўныя. Калгас стаў паміж чалавекам і зямлёй. Нідзе ў сьвеце няма калгасаў, а хлеб і да хлеба ёсьць усюды. Улада і даўняя, і цяперашняя хацелі б перахітрыць само жыцьцё. Перахітрыць жыцьцё немагчыма”.

Цяпер вёскі бабы Сарахвіны няма. Сярод зьдзічэлых старых яблыняў тырчыць комін, валяюцца спарахнелыя бярвеньні, у былой студні купаюцца жабы. Зарасла і дарога на старыя могілкі, дзе ляжаць Сарахвіна і Іван. Хіба толькі на Радаўніцу адзін ці два легкавікі прабіваюцца туды скрозь быльлё. Гэта ўнукі раз на год вяртаюцца ў вёску з гораду.
XS
SM
MD
LG