Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Newsweek: “Пуцін – больш ня “Слаўны хлопец”


Віталь Цыганкоў, Прага “Уладзімер Пуцін адшпурнуў Беларусь. Але хутка прэзыдэнт Расеі зразумее, што гэтая гульня выйдзе яму бокам”, - піша амэрыканскі часопіс Newsweek у артыкуле, які называецца “No more Mr. Nice guy”, які можна перакласьці “Больш ня “Слаўны хлопец”.

“У зямлянкі пойдзем, але на газавы шантаж Расеі не паддамося”, -- рашуча абвяшчаў Аляксандар Лукашэнка, але ўжо праз некалькі дзён пасьля гэтага выкінуў белы сьцяг, -- піша Newsweek. Мы ня ведаем, пра што гаварылі Лукашэнка і Пуцін у сваёй тэлефоннай размове, але відавочна, што галоўная пагрозы Крамля – узьняць тарыфы на беларускія тавары, што пастаўляюцца ў Расею.

Выданьне лічыць, што вынікі падпісаных дамоўленасьцяў па нафце і газу будуць даволі цяжкімі для Беларусі, ізаляванай палітычна ад астатняй Эўропы. Але гэты ўрок не прайшоў незаўважаны для суседзяў Расеі – калі Масква гэтак абыходзіцца з найбліжэйшым сябрам, то чаго чакаць астатнім?

Расейка-беларускі крызіс пакуль разьвязаны, але Эўропа з яго таксама робіць свае высновы. Год таму, Пуцін загадаў прыпыніць пастаўкі газу праз Украіну – падчас падобнага канфлікту, і з падобнай жа непавагай да інтарэсаў эўрапейскіх спажыўцоў. Пасьля гэтага Масква патраціла мільёны даляраў на дарагіх Піяр-кансультантаў, каб паправіць свой імідж, правяла саміт вялікай васьмёркі у Санкт-Пецярбургу, даказваючы, паводле словаў Пуціна, што “Расея – надзейны энэргетычны партнэр”.

Але дакладна праз год, адбылося тое ж самае. “Адзін раз мы можам дараваць, другі –не,” – сказаў карэспандэнту часопіса адзін эўрапейскі дыплямат у Маскве на ўмовах ананімнасьці. Канцлер Нямеччыны Ангэла Мэркель, спасылаючыся на паводзіны Расеі, заявіла, што Нямеччына мусіць перагледзець сваё стаўленьне да ядзернай энэргіі. Яна нават адзначыла, што апошні крызыс “разбурыў упэўненасьць” у Расеі як надзейным пастаўшчыку.

Чаму ж Пуцін гэтак сябе паводзіць? – пытаецца Newsweek. Відаць, найпрасьцейшая прычына ў тым, кажуць аналітыкі, што Крэмль адчувае такую ўпэўненасьць у сваёй нафтагазавай моцы, што Пуцін больш ня хоча граць ролю Mr. Nice Guy - “Слаўнага хлопца”. Зводзячы рахункі з такімі саманадзейнымі хаўрусьнікамі як Лукашэнка, яму важней даказаць, хто галоўны, “хто ў доме гаспадар”, чым турбавацца пра нэгатыўныя наступствы для рэпутацыі Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG