Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Mэты візыту прэзыдэнта ПАРЭ"


Уладзімер Глод, Менск Удзельнікі: кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэсу Яраслаў Раманчук і рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Уладзімер Глод: “Заўтра ў Менск прыбывае старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн. Міжнародныя чыноўнікі такога высокага ўзроўню з часоў усталяваньня ў Беларусі прэзыдэнцкай формы ўлады тут надзвычай рэдкія госьці. Хіба, можна прыгадаць візыт увосень 1996 году Лені Фішар, якой, дарэчы, так і не пашанцавала сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам: ён акурат у той час гуляў у футбол.

10 год таму, у студзені 1997 году, Парлямэнцкая асамблея замарозіла для Беларусі статус асацыяванага сяброўства. Падставай для такога рашэньня зрабіліся шматлікія парушэньні пад час правядзеньня восеньскага рэфэрэндуму 1996 году. З тых часоў дачыненьні Беларусі і галоўных міжнародных структур застаюцца надзвычай складанымі. Усе спробы міжнароднага супольніцтва ўсталяваць кантакты (прынамсі, праз так званую “тройку” -- Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы, АБСЭ і Эўрапарлямэнт) плёну дагэтуль не даюць. Кіраўніцтва Беларусі не ідзе на саступкі, не зьмяняе сытуацыі ў галінах дэмакратыі і правоў чалавека -- менавіта ў тых сфэрах, якія Эўропа лічыць самымі істотнымі.

На гэтым тле прыезд старшыні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Беларусь адразу выклікае пытаньне: хіба нешта ў дачыненьнях Эўропы і Беларусі зьмянілася?

Яраслаў Раманчук: “Пакуль яшчэ няма падстаў казаць, што ў дачыненьнях між Эўропай і Беларусьсю нешта зьмянілася. Маецца заява Эўракамісіі, ёсьць багата рэзалюцый розных эўраструктур (прынамсі, ПАРЭ), у якіх усё названа сваімі словамі: у Беларусі няма дэмакратыі, няма свабоды слова, ёсьць палітычныя вязьні і г.д. Сюды ж адносіцца й вядомы даклад Пургурыдаса. Менавіта з гэтых прычын яшчэ на пачатку 2006 году перад прэзыдэнцкімі выбарамі спадар ван дэр Ліндэн казаў, што адным з накірункаў ягонай працы стане нармалізацыя дачыненьняў зь Беларусьсю. Але ж і тады ван дэр Ліндэн падкрэсьліваў: такое памкненьне зусім не азначае, што ён плюне на вартасьці Парлямэнцкай асамблеі, на ўсё тое, што прымалася тут раней.

ПАРЭ не замыкаецца ад Беларусі -- яна гатова да кантактаў. І таму я ня бачу нейкага тормазу з боку кіраўніка Парлямэнцкай асамблеі ці ўсёй гэтай арганізацыі. А вось моцны тормаз (палітычны і псыхалягічны) з боку ўладаў Беларусі існуе. І тое, што яны пагадзіліся на прыезд ван дэр Ліндэна менавіта сёньня, сьведчыць, што беларускія ўлады будуць разважаць пра альтэрнатыву сваёй монавэктарнай палітыцы. Гэта -- добры знак, які, на мой погляд, ван дэр Ліндэн добра разумее. Але гэты знак мусіць быць абстаўлены пэўным шэрагам умоў, якія афіцыйны Менск вельмі добра ведае.

Аляксандар Класкоўскі: “Ня ведаю, у які мікраскоп можна ўбачыць такія сымптомы з боку афіцыйнага Менску. З іншага боку, хачу падкрэсьліць, што гэты візыт нельга назваць зусім нечаканым. Бо, наколькі я памятаю, спадар ван дэр Ліндэн некалькі разоў публічна дэкляраваў свой прыезд. І нават называўся тэрмін -- восень 2006 году.

Тады была вельмі гучная крытыка гэтага намеру з боку беларускай апазыцыі. Магчыма, таму візыт і перасунуўся. Аргумэнты апанэнтаў рэжыму былі такія: трэба найперш пабачыць нейкія зрухі, нейкія крокі насустрач эўрапейскім патрабаваньням у галіне правоў чалавека, а толькі потым прыяжджаць.

Дарэчы, мне таксама даводзілася ў Брусэлі гутарыць са спадаром ван дэр Ліндэнам. Тады ён падкрэсьліваў важнасьць расейскага чыньніку. І ў мяне склалася ўражаньне, што ён зь ліку тых традыцыйных эўрапейскіх палітыкаў, якія мэнтальна аддаюць Беларусь у расейскае поле ўплыву: маўляў, Расея можа паспрыяць дэмакратыі ў Беларусі. Як яна гэта можа, мы цудоўна ведаем: яна можа ціснуць на Беларусь, але з зусім іншымі мэтамі. А калі такія ілюзіі сапраўды існуюць, дык яна марныя.

Зрэшты, палітыка -- мастацтва магчымага. І калі ў 1996 годзе беларускі кіраўнік палічыў, што футбол -- гэта важны занятак, дык сёньня, я думаю, ува ўмовах расейскага ціску, беларускае кіраўніцтва, магчыма, будзе больш уважліва ставіцца да эўрапейскіх патрабаваньняў. Ува ўсялякім разе будзе завязваць гэты дыялёг”.

Глод: “Кіраўнік Парлямэнцкай асамблеі гаворыць, што роля гэтай структуры яму бачыцца ва ўсталяваньні дыялёгу між уладай і апазыцыяй. Нічога новага ў гэтым няма. Пра неабходнасьць дыялёгу ўладаў, апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці неаднойчы казалі й папярэднікі Рэнэ ван дэр Ліндэна. Але калі зьвярнуцца да апошніх выказваньняў афіцыйнага прадстаўніка Міністэрства замежных спраў Беларусі, дык ён перадусім бачыць мэту візыту ў збудове канструктыўнага дыялёгу між Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы і парлямэнтам Беларусі. У гэтым выказваньні нічога няма пра грамадзянскія інстытуты, пра апазыцыю. Якое тады можа быць выйсьце з гэткай сытуацыі?”.

Раманчук: “Я бачу візыт ван дэр Ліндэна як шанец для кожнай структуры, зацікаўленай у нармалізацыі сытуацыі ў Беларусі, у тым, каб краіна не знаходзілася ў самаізаляцыі. І апазыцыя свае погляды выклала: яна мае магчымасьць працаваць з фракцыямі і палітычнымі групамі Рады Эўропы. А Рада Эўропы раней вельмі пасьлядоўна дзейнічала адносна нашай краіны. Таму ван дэр Ліндэн як чалавек эўрапейскі, які таксама дзейнічае ў рамках энэргетычнай бясьпекі Эўразьвязу, які стаў, нібы, мостам між Эўракамісіяй, Эўразьвязам і тымі краінамі, што не ўваходзяць у гэтыя структуры, бачыць свой мандат значна шырэйшым, чым пра гэта гавораць у Міністэрстве замежных спраў. Гэта, безумоўна, і усталяваць кантакты з апазыцыяй, і агучыць яшчэ раз тэзу пра тое, што Рада Эўропы бачыць нармалізацыю як усталяваньне дыялёгу паміж уладамі і апазыцыяй.

Таму сёньня афіцыйныя ўлады Менску не зацікаўлены ў тым, каб зрабіць з гэтага візыту толькі піяр-праект. Я думаю, яны ўпершыню зацікаўлены ў тым, каб павесьці размову пра энэргетычную Хартыю, пра тое, каб неяк далучыць Раду Эўропы да выкананьня мэт, што выходзяць за межы мандату Рады Эўропы”.

Класкоўскі: “У мяне ёсьць пэўныя сумневы, што гэты візыт стане пераломным у дачыненьнях Эўропы зь Беларусьсю. Са слоў Яраслава Раманчука вынікае, што ван дэр Ліндэн -- такі агент уплыву, эмісар Брусэлю. Я ў гэтым ня ўпэўнены. Наадварот, мне здаецца, раней у эўрапейскіх структур было больш каардынацыі адносна беларускіх спраў. Згадаем тую ж “тройку”, якая рэгулярна наведвала Беларусь. Цяпер такога няма.

Мы часта кажам: “Эўропа”. Але ж яна таксама вельмі розная. Адна справа Эўразьвяз -- моцная структура. І зусім іншая -- Рада Эўропы, дзе фактычна ўсе эўрапейскія краіны, акрамя Беларусі. Там вельмі розныя чыньнікі працуюць, у тым ліку й бюракратычны. Прабачце за такое параўнаньне, але ў часы ленінскага камсамолу быў такі выраз – “ахоп членствам”. Дык Беларусь -- адзіная краіна, якая не ахоплена членствам, і зь ёй трэба працаваць, як гэта раней рабілі камсамольскія функцыянэры зь несаюзнай моладзьдзю: трэба паставіць “галачку” ў графе “праца зь беларускім рэжымам”. Таму чакаць нейкіх пераломных зьяў ад гэтага візыту, мабыць, ня варта”.

Глод: “Візыты такога ўзроўню плянуюцца не за дзень і не за тыдзень да іх пачатку. Нагадаю, што ўвосень спадар ван дэр Ліндэн сустракаўся з Уладзімерам Канаплёвым у Маскве. Ды былі й іншыя прыкметы таго, што Расея выконвае ў гэтай справе ролю пасярэдніка. Яна ж заўжды даводзіла, што трэба не ізаляваць Беларусь, а ўводзіць яе ў эўрапейскія працэсы. Але за гэты час адбыўся вядомы расейска-беларускі канфлікт. Як можа ён паўплываць на пазыцыю кіраўніка Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы? І другі бок гэтай жа праблемы: як цяпер будзе сябе паводзіць Масква? Ці па-ранейшаму яна застанецца адвакатам Беларусі на міжнароднай арэне?”.

Раманчук: “Расея -- краіна, пра якую вядома: розумам не зразумець. Таму як будзе рэагаваць Расея, -- вялікае пытаньне. Думаю, што расейцы цяпер ня будуць пярэчыць пазыцыі Эўразьвязу. Больш за тое: я думаю, яны будуць нават паддаваць пары -- шмат гаварыць пра энэргетычную бясьпеку. Будуць заплюшчваць вочы і затыкаць вушы на пытаньні, што тычацца безумоўных прыярытэтаў Рады Эўропы. Але калі размова пойдзе пра стратэгічныя рэчы, зьвязаныя зь бясьпекай, з усім рэгіёнам, дык Расея, безумоўна, будзе на баку Эўразьвязу, Эўракамісіі.

І таму, мне падаецца, палітыка Расеі будзе накіравана на тое, каб не дайшло да канструктыўнага дыялёгу Беларусі з Эўропай. Бо інакш атрымаецца, што Расея ня толькі выпхнула Беларусь у рынкавую прастору, але й дапусьціла інтэграцыю між Беларусьсю і Эўразьвязам”.

Класкоўскі: “Сёньня Расеі асабліва выгодная ізаляцыя Беларусі. Таму што расейцы раней толькі казалі пра падвойныя стандарты, а насамрэч і дагэтуль баяцца (гэта адна з галоўных крамлёўскіх фобій), што Беларусь уцячэ на Захад. Іншая рэч, што сытуацыя зьмянілася: Расея раззлавалася, цісьне, расейскія эліты перасьледуюць пэўныя эканамічныя інтарэсы. І вось таму Эўропе варта не падаграваць ілюзій, што Расея дапаможа ва ўсталяваньні дэмакратыі ў Беларусі, а прагматычна скарыстоўваць сытуацыю. Калі, груба кажучы, беларускі рэжым прыперлі да сьценкі, дык яго трэба спакушаць: хочаце вырвацца з гэтай пасткі, -- калі ласка, зрабіце адзін-два крокі насустрач. І нічога страшнага ня будзе. Трэба ўцягваць і ангажаваць Беларусь у Эўропу”.
XS
SM
MD
LG