Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы пра беларуска-расейскі канфлікт: гэта яшчэ ўдарыць нас па кішэні…


Сяргей Астраўцоў, Горадня Якіх наступстваў для сябе і сваёй сям’і вы чакаеце ад падпісаных з Масквою нафтавых і газавых пагадненьняў? На гэтае пытаньне нашага карэспандэнта адказвалі гарадзенцы.

Спадар: “Вы не па адрасе зьвярнуліся: мы ўвогуле нічога ня думаем пра гэта. Бэнзын мне ўвогуле “па барабане”. Цана за газ у кватэрах, можа, і будзе падвышацца. Я ня ведаю, ня думаў пра гэта”.

Жонка: “Мы – аптымісты. І думаем, што ўсё будзе добра”.

Малады спадар: “Вырасьце ўсё ж такі аплата за газ і, напэўна, за камунальныя паслугі ўвогуле”.

Спадар: “Бэнзын ужо й так падаражэў. І, думаю, яшчэ падаражэе. Натуральна, цяпло ў кватэрах падаражэе. Думаю, што падаткі крыху ўздымуць з гэтага. Будзе бізнэсмэнам трошкі горш, асабліва -- хто на рынках гандлюе”.

Спадарыня: “На нас гэта не адбіваецца. У нас на газ і ваду стаяць лічыльнікі, і мы плацім нармальна. А калі будзе падвышацца кватэрная плата, дык на няшмат — на пяць-шэсьць даляраў за год, як нам абяцалі. Мы верым нашаму прэзыдэнту”.

Малады спадар: “Цяпер у любым разе будзем больш плаціць за кватэру. Канечне, дрэнна, што даражэе. Але што зробіш? Гэта не ад нас залежыць”.

Спадар: “Плаціць будзем больш за камунальныя паслугі -- вось і ўсё. Нічога катастрафічнага нам не абяцаюць”.

Малады спадар: “Мой сябра, які працуе на “Азоце”, кажа, што на прадпрыемстве гэта, канечне, адаб’ецца. І ня толькі на “Азоце” -- на астатніх таксама. Але на простых спажыўцах газу — наўрад ці”.

Спадар: “Узьняліся цэны на энэргарэсурсы. І гэта, канечне, адаб’ецца на насельніцтве”.

Сталы спадар: “Я думаю, гэта адразу адаб’ецца на сямейным бюджэце. Перадавалі, што ўжо з наступнага месяца на дваццаць працэнтаў падаражэюць камунальныя паслугі. Карацей, па кішэні нам гэта ўдарыць. Цяжэй будзе і эканоміцы ўсёй, і нам -- агулам”.

Сталы спадар: “Я думаю, у бягучым годзе наўрад ці што страшнае адбудзецца. Знойдуць зноў нейкія спосабы, сродкі, каб выправіць сытуацыю. Я ня надта турбуюся на гэты конт”.

Спадар: “Працую я на заводзе. І ведаю, што па заводзе гэта ўдарыць. На кватэру прыйшлі квіткі на аплату: пакуль нічога незаўважна. Але я лічу, што ўлады папросту робяць добрае аблічча пры кепскай гульні. Падвышэньне коштаў па нас яшчэ “ўрэжа”. Людзям мазгі запалошчуць да такой ступені, што хоць няма КПСС, але пра нас ўсё роўна нехта клапоціцца. Толькі ня самі людзі, як таго хацелася б”.

Малады спадар: “Камунальныя паслугі будуць даражэць. Але я думаю, што гэта ня самае страшнае. Я мяркую, што эканамічны канец будзе падступаць спакваля”.
XS
SM
MD
LG