Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Усё роўна прададзім свой цукар, і неабавязкова - той Расеі...”


Міхал Карневіч, Гарадзенская вобласьць Паводле вынікаў учорашніх перамоў віцэ-прэм’ера ўраду Беларусі Івана Бамбізы з расейскім міністрам сельскай гаспадаркі Аляксеем Гардзеевым, беларускі бок абавязаўся абмежаваць свае пастаўкі цукру ў Расею на 2007 год прыблізна ў два разы параўнальна зь мінулым годам - да 180 тысяч тон. У 2008 годзе пастаўкі скароцяцца да 100 тысяч тон.

Вось што пра гэта думаюць жыхары гораду Скідалю ў Гарадзенскай вобласьці, дзе знаходзіцца буйны цукровы завод, ад якога залежыць практычна ўсё мясцовае насельніцтва. Ці чакаюць у Скідалі неспрыяльных наступстваў?

Спадарыні: “Мы ў краме купім, і нам хопіць. А яны няхай самі думаюць. Там на той завод ня вельмі ўладкуесься. Таму хай думаюць самі, што ім рабіць”.

Спадарыня: “Я сама там не працую. Але думаю, што праблем ня будзе: там усё працуе - мой сусед штодня ходзіць на працу, атрымлівае заробак”.

Спадар: “Мы цукар свой маем. А Расея няхай карыстаецца сваім, калі не захоча нашага браць. Я сам вырошчваю цукровыя буракі ў СПК “Скідальскі”. Пакуль усё нармальна: буракі ў нас купілі й грошы заплацілі. Заробак я атрымліваю. А як далей будзе – жыцьцё пакажа”.

Спадарыня: “У нас вельмі шмат людзей са Скідалю працуюць на камбінаце. Пакуль там усё нармальна, ніякіх хваляваньняў не адчуваецца. Думаю, што з Расеяй усё наладзілася. А калі й ёсьць нейкія праблемы, то чыста палітычныя. Мы тут не хвалюемся. Думаем, гэта часовыя цяжкасьці”.

Спадарыня: “Камбінат будзе працаваць: буракоў шмат прывозяць. Праблем ніякіх няма. Ды будзе ўсё добра”.

Спадар: “Не, мне здаецца, нічога тут асабліва страшнага для нас ня будзе. Знойдзем дзе яго прадаць, абы была добрая прадукцыя. Магчыма, за меншыя кошты, але ўсё роўна прададзім, і не абавязкова -- той Расеі”.

Дзяўчына: “Нашы людзі такія цярплівыя, што знойдуць выйсьце зь любой сытуацыі, што ні здарылася б. Я думаю, усё будзе добра: сувязі нейкія ёсьць. Па тэлебачаньні паказваюць, што шанец знойдзецца. Ды й Расея пойдзе на саступкі -- нідзе не падзенецца.”

Спадарыня: “Здолеем перажыць усе праблемы. У нас вельмі якасная вытворчасьць. Бывае, што частка буракоў можа папсавацца: залежыць ад надвор’я. Думаю, гэта не асноўная праблема, і яе мы вырашым без усякіх цяжкасьцяў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG