Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цукровым заводам давядзецца перайсьці на сэзонны рэжым працы?


Ганна Соўсь, Менск У сувязі з абмежаваньнем паставак беларускага цукру ў Расею беларускім цукравым камбінатам давядзецца шукаць новыя рынкі збыту і, магчыма, пераходзіць на сэзонны рэжым працы. Незалежныя эканамісты прагназуюць зьніжэньне прыбыткаў ад экспарту цукру на дзесяткі мільёнаў даляраў.

Беларусь амаль удвая абмяжуе пастаўкі цукру ў Расею ў 2007 годзе -- да 180 тысяч тон. У наступным годзе пастаўкі скароцяцца да 100 тысяч. Гэткі вынік учорашніх беларуска-расейскіх перамоў у Маскве.

Начальнік аддзелу збыту Слуцкага цукроварафінаднага камбінату Іван Камяк паведаміў Радыё Свабода, што, праўдападобна, прадпрыемству давядзецца пераходзіць на сэзонны рэжым работы.

Камяк: “Бураковым цукрам мы можам і цяпер цалкам забясьпечыць патрэбы краіны. А як будуць дадатковыя рынкі збыту, тады будзем закупляць трысьняговы цукар, перапрацоўваць яго і прадаваць дадаткова. У выніку завод будзе працаваць не як сэзоннае прадпрыемства: адпрацаваў пяць месяцаў за год -- і стаў. Тады ён зможа працаваць, як і мінулыя гады”. Паводле Івана Камяка, Слуцкі цукроварафінадны камбінат паспрабуе засвоіць рынкі Сярэдняй Азіі.

Камяк: “Летась мы працавалі з Казахстанам і Кыргызстанам. Сёлета працягваем – вядзём на дадзены момант перамовы. Пакуль яшчэ нічога не прадавалі. Таксама вядуцца перамовы з Таджыкістанам і Ўзбэкістанам”.

Спадар Камяк азначае: пакуль зь беларускімі цэнамі камбінат ня можа выйсьці на сярэднеазіяцкі рынак, бо сабекошт беларускага цукру вышэйшы за закупачную цану, якую там прапаноўваюць.

Кіраўніца службы маркетынгу Жабінкаўскага цукровага заводу Людміла Кандрацюк паведаміла “Свабодзе”, што прадпрыемства й надалей плянуе пастаўляць цукар у Расею, хаця й скарочанымі аб’ёмамі.

Кандрацюк: “Будзем надалей пастаўляць у Расею”.

Карэспандэнтка: “У зьвязку з тым, што пастаўкі ўдвая абмежаваны, можа, будзеце шукаць новыя рынкі збыту? “

Кандрацюк: “Пакуль ня ведаю. У нас яшчэ няма афіцыйнай інфармацыі, як гэта будзе адбывацца, апроч тых зьвестак, што пачулі па тэлевізіі”.

А намесьнік дырэктара Гарадзейскага цукровага камбінату Вячаслаў Карпач паведаміў Радыё Свабода, што пошукам выйсьця са складанай сытуацыі будзе займацца канцэрн “Белхарчпрам”, у склад якога ўваходзіць прадпрыемства.

Незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што беларускім цукровым заводам будзе вельмі цяжка знайсьці новыя рынкі збыту.

Злотнікаў: “Беларускі цукар даражэйшы за, напрыклад, украінскі: там умовы для вырабу цукру лепшыя за беларускія. Можна чакаць зьніжэньня вытворчасьці на цукровых прадпрыемствах і зьніжэньня прыбыткаў ад экспарту цукру – гэта дзесяткі мільёнаў даляраў. Падвышэньне на ўсясьветным рынку цэнаў на сыравіну і зьніжэньне аб’ёму продажу ў Расею спрацоўваюць так, што прыбыткі ў гэтай галіне ад экспарту ўжо зьнізіліся і яшчэ зьнізяцца. Стратэгія разьвіцьця цукровай прамысловасьці ў Беларусі была памылковай ад самага пачатку. Бо Беларусь ня тая краіна, што можа на свабодным рынку быць канкурэнтаздольнай”.

У Беларусі чатыры цукровыя камбінаты – Гарадзейскі, Жабінкаўскі, Скідальскі і Слуцкі. У мінулыя гады яны пастаўлялі ў Расею ад 400 да 450 тысяч тон цукру. Летась пастаўкі беларускага цукру ў Расею былі зьменшаны на 50 працэнтаў, а з пачатку студзеня – увогуле спынены. Кампраміснае рашэньне пра абмежаваньне паставак беларускага цукру ў Расею, прынятае ўчора ў Маскве, бліжэйшымі днямі падпішуць прадстаўнікі ўрадаў. У адпаведнасьці з пагадненьнем, спрашчаецца працэдура пастаўкі беларускага цукру ў Расею і расейскага -- у Беларусь. Будуць зьняты абмежаваньні на мяжы і адменены парадак увозу праз адзін мытны склад.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG