Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чорна-белая сацыялістычная Літва Антанаса Суткуса


Іна Студзінская, Менск У Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася пэрсанальная выстава вядомага літоўскага фатомастака Антанаса Суткуса "Штодзённыя архівы". Доўгія гады фатограф быў вымушаны складваць у асобную тэчку працы, якія, так бы мовіць, не адпавядалі канонам сацыялістычнага рэалізму. У 1993 годзе, калі ў Літве ўжо не было цэнзараў, аўтар "знайшоў" у сваіх архівах выдатную калекцыю. І з таго часу выстава дэманстравалася ў шматлікіх краінах сьвету. Нарэшце, чорна-белыя здымкі Суткуса цяпер дэманструюцца ў Менску.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцьця выставы дырэктар Музэю сучаснага мастацтва Васіль Шаранговіч агаварыўся, прадстаўляючы літоўскага дыплямата Марыюса Януконіса: прафэсар назваў спадара Януконіса часовым павераным Літоўскай ССР. Мабыць, не выпадкова: на чорна-белых здымках – паўсядзённае жыцьцё савецкай Літвы. Прычым, фотакамэра Суткуса фіксавала не дасягненньні й паказуху, а суворую савецкую рэчаіснасьць: сьляпых дзяцей, жабрака, чаргу каля аўтамату з газіроўкай, сцэну ў электрычцы, партрэты змардаваных працай і жыцьцёвымі праблемамі людзей…

Гаворыць калега й сябра спадара Суткуса, беларускі фотамастак Юрый Васільеў.

Васільеў: “Фатаграфія заўсёды падвяргалася ўсемагчымай цэнзуры. Але спадар Суткус ніколі ня думаў, што можна здымаць, што нельга, ягоны апарат здымаў, фіксаваў усё, што было трэба. І калі ў 1993 годзе гэты архіў адкрыўся, сьвету быў падараваны яшчэ адзін шэдэўр “Літва ў эпоху разьвітага сацыялізму”.

Як маральна сябе адчуваў мастак, які ведаў, што працуе “у стол”, “у тэчку”, а не для гледача? Паслухаем Антанаса Суткуса. Суткус: “Многія з маіх здымкаў не маглі паказвацца, таму што яны “ачарнялі” савецкую рэчаіснасьць, яны без аптымізму, без радасьці… Але я не думаў пра тое, я спадзяваўся, што я іх змагу паказаць…”

Антанас Суткус распавядаў, як ў савецкія часы многія ягоныя калегі на кухнях, за кілішкам скардзіліся на часы, на цэнзуру. Але калі змрочныя часы скончыліся, здавалася б, прыйшла свабода – паказаць ім не было чаго. У архівах спадара Суткуса – тысячы фатаграфій. Дарэчы, гэта ўжо ня першая выстава Антанаса Суткуса ў Менску. Год таму ён выстаўляў экпазыцыю, прысьвечаную Жану Полю Сартру, які ў савецкія часы наведваў Літву. Таксама чорна-белыя здымкі. Выстава мела вялікі посьпех. Ці ёсьць будучыня ў такой старой чорна-белай фатаграфіі ў век лічбавай, кампутарнай тэхнікі? Гаворыць Антанас Суткус:

Суткус: “Я адзін зь нешматлікіх магікан, лябаранты для якіх друкуюць, а рэтушоры рэтушуць. Таму што гэта вельмі дарагі працэс. Я нават фатаграфіі не зашкляю, каб людзі маглі бачыць арыгінал здымку”.

XS
SM
MD
LG