Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы гатэльна-турыстычны комплекс у Верхнім Горадзе (фота)


Ігар Карней, Менск Шпарка ідзе перабудова гістарычнага цэнтру беларускай сталіцы. Ня меншую паводле маштабу архітэктурную рэвізію пасьля вуліцы Нямігі і прылеглых да яе кварталаў спэцыялісты прадракаюць узьбярэжжу ракі Сьвіслач уздоўж вуліцы Гандлёвай. На падмурках купецкіх і рамесьніцкіх дамоў 17-18 стагоддзяў пабудуюць гатэльна-турыстычны комплекс, а таксама традыцыйны ўжо для гістарычнага цэнтру аб’ект – гіганцкі аўтамабільны паркінг.

Архітэктурнае аблічча асобна ўзятай вуліцы Гандлёвай у Менску практычна вырашанае. Замест разбуранага год таму дому ХІХ-га стагодзьдзя (апошні ўзор дасавецкага часу, што захаваўся на схіле ад Верхняга да Ніжняга рынкаў Менску) зьявіўся будынак, які гісторыкі і архітэктары называюць няйначай як “катэдж”. Там жа завяршаецца закладаньне падмурку пад Праваслаўны духоўна-адукацыйны цэнтар, які маюцца рэалізаваць у аналягічным стылі “навабуду”. Эстафэту асучасьненага вобліку падхопіць гатэльна-турыстычны комплекс, які зойме плошчы ад вайсковай камэндатуры да забаўляльнага комплексу “Журавінка”.

Паводле гісторыка Сяргея Тарасава, які шмат гадоў дасьледаваў муры Верхняга гораду, рэалізацыя моднай цяпер ідэі забудаваць Менск гатэлямі для сталічных уладаў выходзіць у лік прыярытэтных.

Тарасаў: “Тэлефанаваў архітэктар, які якраз займаецца Гандлёвай вуліцай, цікавіўся маімі археалягічнымі досьледамі. Я яшчэ ня бачыў дакладна, што яны там плянуюць. Ведаю, што калісьці быў праект майстэрні Багласава, які, наколькі я ведаю, адмялі. Днямі, спадзяюся, пабачу новы... Калі будуць працягваць у стылі “Журавінкі”, будзе жах. Бо дамок, які ўжо стаіць на рагу Гандлёвай і Нямігі (нібыта рэстаўраваны), больш падобны на катэдж. Побач будзе ўзводзіцца Праваслаўны духоўны цэнтар, які абсалютна нічога агульнага ня мае з гістарычнай архітэктурай Верхняга гораду. Але выкапаны агромністы катлаван – гэта якраз пад так званы духоўны цэнтар”.

Намесьнік старшыні Менскага гарадзкога таварыства аховы помнікаў Уладзімер Дзянісаў татальную перабудову гістарычнай часткі Менску наўпрост называе “бяздумнай падробкай арыгіналу”. Аргумэнты гарадзкіх уладаў – маўляў, адбываецца рэанімацыя будынкаў, якія не падлягаюць аднаўленьню – не вытрымліваюць крытыкі. Муляж ніколі ня будзе гісторыка-культурным аб’ектам, – перакананы спадар Дзянісаў.

Дзянісаў: “Помнікі могуць быць толькі аўтэнтычныя. Ня можа быць нейкая рэч каштоўнай, калі яна паўтораная наноў. Клясычны прыклад: калі мы зробім копію палотнішча Рэмбрандта і заявім, што гэта Рэмбрандт, гэта ўсё роўна ніколі ня будзе Рэмбрандт. Таму што будзе толькі яго копія, нават выкананая на самым выдатным узроўні. Гэта будзе проста падробка. І вось такім чынам нашу гістарычную спадчыну спрабуюць падрабіць невядома пад што. Альбо ператварыць у звычайны Дыснэйлэнд. Што недапушчальна”.

Гісторык Сяргей Тарасаў, пры канцы мінулага году звольнены зь Інстытуту гісторыі Акадэміі навук, цяпер пэрсона нон-грата адносна ўсяго, што тычыцца археалягічных дасьледаваньняў у Верхнім горадзе. Аднак, як кажа спадар Тарасаў, зьявілася больш вольнага часу на тое, каб прааналізаваць – што насамрэч адбываецца ў гістарычнай частцы беларускай сталіцы?

Тарасаў: “Якраз рэстаўрацыі яны і не мяркуюць. Там увогуле такая сытуацыя: частка падмуркаў з боку Сьвіслачы магчыма яшчэ і захавалася. У выніку досьледаў мы знайшлі драўляныя пабудовы 17-18 стагоддзяў. Але справа ў тым, што проста па цэнтры Гандлёвай вуліцы, дзе быў шэраг дамоў, зараз неіснуючых, пракладзены агромністы калектар.

Ня ведаю, колькі там трубаў, але яны ляжаць у вялізным “карыце”. Дык вось, падчас будаўніцтва гэтага калектару падмуркі былі зьнішчаныя. Па-першае, канешне, там трэба праводзіць досьледы, гэта самой сабой. Бо калі проста запусьціць туды экскаватар, дык увогуле нічога для гісторыі не застанецца. Па-другое, я ня ведаю, які цяпер плян існуе, але што магчыма яшчэ аднавіць – як мінімум сылюэт гістарычнага цэнтру гораду. Калі дамкоў не засталося, калі не засталося нават падмуркаў, то ёсьць жа малюнкі, здымкі, пляны гораду ёсьць. З улікам гэта, самае галоўнае – гэта аднаўляць гарадзкія абрысы”.

Як і іншыя месцы Верхняга гораду, узьбярэжную частку Сьвіслачы плянуецца аздобіць паркінгам. Спэцыялісты ў гэтым зьвязку адзначаюць: замест таго, каб у пэрспэктыве мінімізаваць колькасьць аўтамабіляў у цэнтры сталіцы, робіцца ўсё для таго, каб наадварот прыцягнуць кіроўцаў наяўнасьцю ў Верхнім горадзе стацыянарных парковак.



XS
SM
MD
LG