Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэха Хадановіча ў Палацы моладзі


Валянціна Аксак, Менск Лірычна-музычная імпрэза “Размова з рэхам” мае адбыцца сёньня ўвечары ў сталічным Палацы моладзі, што на Старавіленскім тракце, 41. У ёй бяруць удзел паэт Андрэй Хадановіч і гурт “Рэха”.

Андрэй Хадановіч мае ужо трывалы імідж паэта-хулігана. Так, прынамсі, успрымае яго бальшыня прыхільнікаў. Але выглядае, што на сёньняшняй вечарыне паэт паспрабуе дадаць да свайго вобразу неўласьцівыя яму да гэтага рысы. Вось што ён сказаў нам напярэдадні імпрэзы.

Хадановіч: “Імпрэза будзе адначасова крышачку хуліганскай, але спадзяюся, лірычнай, паэтычнай і музычнай. У асноўным будуць гучаць вершы з новай кнігі “Сто лі100ў на tut.by”.

Уласна прэзэнтацыі новай кнігі Андрэя Хадановіча “Сто лі100ў на tut.by” і прысьвечаная гэтая вечарына. У кнізе сабраныя вершы восені і зімы 2004 году. Яны падаюцца як лісты, напісаныя на вядомы ў Беларусі інтэрнэт партал. Форма вымагала зьместу, які стракаціць жартамі, іроніяй, а часам і сатырай на айчынныя рэаліі.

Але апошні разьдзел кнігі названы радком зь вядомага францускага шлягера “Et si tu n’existais pas…” Хадановіч – адмысловец у французкай літаратуры, выкладае яе і шмат перакладае францускіх паэтаў. Лірычная назва разьдзелу – у перакладзе “Калі б цябе не было…” – увабрала ўсю шчымлівую любоўную лірыку аўтара, якая многіх уразіць на вечарыне ў ягоным адметным выкананьні. Як, зрэшты, і новыя вершы, якія сёньня прагучаць.

Хадановіч: “Падпісацца на сьнег – не штодзённы, хаця б штотыднёвы, падпісацца да самай вясны – пэсымістам на зьдзіў, і чакаць, калі зьявіцца – Белы, пушысты і новы, і сварыцца хадзіць на паштамт, бо наперад плаціў!”

У праграме вечарыны таксама музычны гурт “Рэха”, культуроляг Максім Жбанкоў, пісьменьнік Уладзімер Арлоў ды іншыя добрыя, як кажа спадар Хадановіч, людзі. Пачатак а 18-й.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG