Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менск прыбывае кіраўнік Парляменцкай асамблеі Рады Эўропы


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Менск прыбывае старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн. Апошні раз чыноўнік такога ўзроўню быў у Беларусі ўвосень 1996 году.

Чым тлумачыцца візыт у Беларусь буйнога эўрапейскага чыноўніка?

Са студзеня 1997 году статус асацыяванага сяброўства Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы прыпынены. Гэткі крок стаў рэакцыяй на шматлікія парушэньні падчас правядзеньня ў лістападзе 1996 году рэфэрэндуму ў Беларусі. Ад таго часу дачыненьні Парлямэнцкай асамблеі зь беларускімі ўладамі застаюцца надзвычай складанымі.

З нагоды візыту спадара ван дэр Ліндэна ў Беларусь існуюць так бы мовіць пэўныя пытаньні. Добра вядома, што эўрапейскія структуры неаднаразова падкрэсьлівалі – перамовы з рэжымам Лукашэнкі магчымыя толькі пры ўмове станоўчых зрухаў у галіне дэмакратыі і правоў чалавека. Але прыкметаў такога кшталту, як цьвердзяць тыя ж структуры, дагэтуль ня бачна. Апошні прыклад – нэгатыўная ацэнка імі правядзеньня мясцовых выбараў.

Таму беларуская апазыцыя вуснамі Аляксандра Мілінкевіча, Анатоля Лябедзькі ды іншых знаных асобаў заяўляе, што кіраўніку Парлямэнцкай асамблеі спачатку патрэбна было б дамагчыся нечага канкрэтнага ад беларускіх уладаў – прыкладам, вызваленьня палітвязьняў.

Гаворыць Вінцук Вячорка, які неаднойчы сустракаўся са спадаром ван дэр Ліндэнам:

Вячорка: "Я ведаю, што гэта была яго даўняя і настойлівая ідэя такога безумоўнага прыезду. І ясна, што стрымаць яго магчымасьці не было. Я думаю, што было б лепей, калі б ён абумовіў свой прыезд пэўнымі варункамі – скажам, магчымасьцю наведаць палітычных вязьняў, а значна лепш – яшчэ іх вызваленьнем. Ён гэтага не зрабіў. Ну што ж, тады будзем спадзявацца – ён прынамсі данясе афіцыйнай уладзе, праўда, не Рады Эўропы, а Эўразьвяза (краіны якога складаюць бальшыню ў Радзе Эўропы) пра тое, што дапамога, у тым ліку і ў галіне энэргетыкі можа быць аказаная цяперашняй лукашэнкаўскай Беларусі пры ўмове выкананьня ёй 12-ці варункаў Эўракамісіі".

У аўторак у Менску адбылася прэсавая канфэрэнцыя амбасадара Нямеччыны ў Беларусі Марціна Хэкера. Нямеччына цяпер старшынюе ў Эўразьвязе. І таму я спытаў спадара амбасадара, што можна чакаць ад візыту кіраўніка Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. І вось што сказаў амбасадар Гэкер:

Гэкер: "Што тычыцца візыту спадара ван дэр Ліндэна, дык ён мусіць сам адказаць на вашае пытаньне, тым больш, што такая магчымасьць будзе – ён зьбіраецца праводзіць прэсавую канфэрэнцыю. Але як чалавек, які чытае газэты і назірае за падзеямі, я магу адзначыць, што Рада Эўропы праяўляе зацікаўленасьць да Беларусі".

Я размаўляў зь Сяргеем Гайдукевічам. Яго напрыканцы мінулага году міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў прызначыў сваім адмысловым прадстаўніком пры эўрапейскіх структурах. І вось, што ён кажа на гэты конт, падкрэсьліваючы, што гэта, з аднаго боку, ягоная асабістая думка, а ня ўсёй улады, а з другога, як асобы, "якая мае непасрэднае дачыненьне да візыту кіраўніка Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы".

Гайдукевіч: "Ні ў якім разе нельга разглядаць гэты эўрапейскі рух суадносна з падзеямі на ўсходнім вэктары. Гэта было б няправільна і гэта далёка ня так. Па-другое, кіраўніцтва краіны зрабіла неардынарны крок, калі прызначыла на новую пасаду лідэра палітычнай партыі. Гэта, сапраўды, знакавы крок. Да чаго ён прывядзе, сёньня сказаць цяжка. Але тое, што праца пойдзе новая і будзе выгаднай для грамадзянскіх інстытутаў, гэта хутка ўсе ўбачаць. І трэцяе, нарэшце зьявілася пляцоўка для плённага дыялёгу. Такога дыялёгу, які быў бы працягнуты".

Як вы чулі, адмысловы прадстаўнік міністра замежных спраў Беларусі пры эўрапейскіх структурах Сяргей Гайдукевіч адмаўляе сувязь паміж канфліктам Беларусі з Расеяй і візытам у Менск Рэнэ ван дэр Ліндэна. Тым ня менш шэраг назіральнікаў зьвяртаюць увагу на такое супадзеньне і прыпускаюць, што эўрапейскія структуры вырашылі выкарыстаць момант для навязваньня дыялёгу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG