Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Славнефть” пратэстуе супраць разьмеркаваньня прыбытку Мазырскага НПЗ


Радыё Свабода “Славнефть”, якая мае больш за 42% акцыяў мазырскага прадпрыемства, накіравала беларускаму ўраду чарговую заяву з патрабаваньнем спыніць спробы забраць вялікую частку прыбытку нафтаперапрацоўчага заводу ў нацыянальны фонд разьвіцьця.

Пра гэта агенцыі ПРАЙМ-ТАСС паведаміў прадстаўнік назіральнай рады Адкрытага акцыянэрнага таварыства “Мазырскі НПЗ”. Незалежныя эканамісты лічаць, што ўлады любым чынам хочуць мінімізаваць бюджэтныя страты, зьвязаныя з падвышэньнем цаны на расейскую нафту.

Яшчэ напрыканцы мінулага году ўрад Беларусі абавязаў Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод пералічыць у фонд прыбытак 2005 году ў памеры 229 мільярдаў рублёў. Яшчэ 65 мільярдаў павінна пералічыць акрытае акцыянэрнае таварыства “Мазырскі НПЗ плюс”. “Славнефть” пратэстуе і даводзіць, што рашэньне аб разьмеркаваньні прыбытку павінна прымацца вышэйшым органам акцыянэрнага таварыства.

Тым больш, што прыбытак 2005 году быў ужо разьмеркаваны і выкарыстаны, у тым ліку і на рэалізацыю інвэстыцыйных праектаў. Прадстаўнікі заводу таксама даводзілі ўраду неабходнасьць адмены гэтых выплатаў, але безвынікова. Чаму ўлады настоваюць на такіх вялікіх адлічэньнях, тлумачыць менскі эканаміст Ланід Злотнікаў:

Злотнікаў: “Грошы патрэбныя. Па-другое, у Беларусі адносіны да прыватнай уласнасьці зусім не такія, як у Расеі. Што было прыватным, стане дзяржаўным. Так што няхай расейцы ведаюць, зь якой краінай маюць справу. Гэтыя сродкі акцыянэрнае таварыства мае права накіраваць туды, куды лічыць патрэбным. А “Славнефть” таксама мае права на гэтыя дывідэнды. Тут няма эканамічнага пытаньня – пытаньне выключна юрыдычнае”.

Паводле прадстаўніка назіральнай рады Мазырскага НПЗ, выплата ў фонд нацыянальнага разьвіцьця 294 мільярдаў рублёў можа значна ўскладніць фінансавае становішча прадпрыемства. Найперш у зьвязку з увядзеньнем Расеяй мыта ў 53 даляры на тону нафты. Будзе недахоп грошай на закупку сыравіны, давядзецца браць крэдыты, а ў выніку прыкладна на 10% зьнізіцца рэнтабэльнасьць прадпрыемства.

Цяпер беларускаму ўраду належыць больш за 42% акцыяў Мазырскага НПЗ, прыкладна столькі ж акцыяў мае “Славнефть”. Яшчэ больш за 12% – таварыства “Мазырскі НПЗ плюс”, што прадстаўляе інтарэсы працаўнікоў заводу. І больш за 2% кантралююць іншыя акцыянэры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG