Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Сонечны дом" на чэскіх балотах абыходзіцца бяз газу (фота)


Алена Ціхановіч, Прага Сёньня ў Чэхіі непадалёк ад гораду Аламоўц урачыста адкрыўся дом Слуняков, што можна перакласьці як Сонечны дом. У ім выкарыстаныя ўсё магчымыя спосабы так званай нізкаэнэргетычнай тэхналёгіі.

Аламоўц – фактычна першы горад, які турыст праяжджае, едучы ў Чэхію з боку Польшчы. Прыродныя ўмовы тут вельмі блізкія да беларускіх, гэты рэгіён таксама вядомы сваімі вялікімі балотамі. Сонечны дом будзе служыць не адной сям’і, але стане цэнтрам экалягічнага выхаваньня для цэлага рэгіёну. Што ўяўляе зь сябе гэтая будова расказвае куратар праекту Міхал Бартош:

Бартош: “Эканомія энэргіі дасягаецца тым, што будоўля дасканала заізаляваная, улучна з трохшыбавым шклом і стольлю. Дом з аднаго боку цалкам прыгарнуты зямлёй, а сыстэма прымусоввай вэнтыляцыі зваротным шляхам акумулюе цяпло: калі выпускае выдыханае нагрэтае паветра з дому, то ім жа награе і сьвежае паветра, якое падаецца ўсярэдзіну. Дом награецца сонечнай энэргіяй, там таксама усталяваны кацёл на біямасу - у ім спальваюцца драўляныя брыкеты, якія вырабляюцца з апілак.”

У доме падзеленае выкарыстаньне пітной і тэхнічнай вады, а электраэнэргія выкарыстоўваецца мінімальна – толькі на асьвятленьне ці працу некаторых электрапрыбораў. Будаўніцтва такога дома пакуль даражэйшае, чым у стандартных тэхналёгіях, і акупіцца ён у сярэднім за 20 гадоў. Але, як кажа спадар Бартош, зацікаўленасьць нізкаэнэргэтычнымі будоўлямі можа зрабіць іх таньнейшымі ў будучым.

Яшчэ адна вёска ў Чэхіі – Кнежыцэ зараз прыцягвае шырокую ўвагу палітыкаў, спэцыялістаў-энэргетыкаў і эколягаў. Вёска стала цалкам незалежнай у энэргетычным сэнсе. З канца мінулага году тут працуе завод на біягаз, які спальвае гной, салому і іншыя біялягічныя адыходы , ці так званую біямасу. Спэцыяліст у галіне энэргетыкі Здэнек Андлік мяркуе, што біямаса сама па сабе ня зьменшыць залежнасьць Чэхіі ад расейскіх паставак нафты і газу, але будзе шляхам , як разнастаіць крыніцы энэргіі.

Паводле рэкамэндацыяў ЭЗ , Чэская рэспубліка, як і іншыя краіны Эўразьвязу, павінна да 2010 году прадукаваць прынамсі 8 працэнтаў энэргіі з альтэрнатыўных крыніцаў - такіх як энэргія ветру, сонца ці біямасы. На сёньняшні дзень у Чэхіі гэта толькі 4 працэнты.









Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG