Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБЛОГа сеціва 17 студзеня


Севярын Квяткоўскі, Менск На форумах парталу Tut.by --> http://forums.tut.by/showflat.php?Board=articles&Number=3331336&page=0&view=collapsed&sb=5&o=&fpart= абмяркоўваюць як будзе звацца арганізацыя ГУАМ, калі туды ўступіць Беларусь.

17 студзеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь можа далучыцца да гэтай структуры. ГУАМ – міждзяржаўная рэгіянальная арганізацыя, куды ўваходзяць Грузія, Украіна, Азэрбайджан і Малдова. Вось як бачаць наведнікі форуму магчымую абрэвіятуру, калі да чатырох краінаў далучыцца Беларусь: “БУМАГ - Грузія пакрыўдзіцца, лепш ГА-БУМ”; “Трэба далучыць Габон і Алжыр – будзе БУГАГА”; “А можа, ГУМБА альбо МАГУБ...”

Абмеркаваньне у сеціве ананімнай гіп-гоп паэмы Zianon-Hop працягваецца. Некаторыя параўноўваюць тэкст з паэмамі “Тарасам на парнасе”, “Сказам пра Лысую гару” і паэмай “Лука Мудзішчаў – прэзыдэнт”. Алею ў вагонь падліла “Наша Ніва”. Аглядальнік выданьня Алесь Кудрыцкі спрабуе патлумачыць вялікую папулярнасьць тэксту ў сеціве. Галоўны герой твору – Зянон Пазьняк – паўстае ў вобразе супэргероя, якія вяртаецца, і разьмятае як афіцыйную ўладу, гэтак і афіцыйную апазыцыю. “Пазьдзекаваліся зь Зянона? Пачытайце цяпер яго артыкулы. Напішыце яму ліст”, - піша напрыканцы Алесь Кудрыукі. Водгукі: “У паэме няма зьдзеку ні над Пазьняком, ні над апазыцыяй”, “Паэма зусім не пра Пазьняка… Паэма пра нас… І пра погляд аўтара на тое, як можна зьмяніць сытуацыю”.

Інфармацыйны партал Bybanner.comса спасылкай на канал “СТВ” публікуе тройку галоўных тэмаў, зь якімі наведнікі зьвяртаюцца ў гасьцявую кнігу сайту Менгарвыканкаму. Жыхароў Менску найперш хвалюе праца грамадзкага транспарту, па-другое – праца ЖЭСаў, а на трэцім месцы па папулярнасьці – тэма дарог і дарожнага руху. “Вывучэньнем паведамленьняў на форуме заняліся спэцыялісты Ўпраўленьня ідэалягічнай работы Менгарвыканкаму”, - гаворыцца ў паведамленьні.

Новы дакумэнтальны фільм Юрыя Хашчавацкага “Плошча” зьявіўся ў сеціве на сайце “Вольная Беларусь”. “Сярэднявечная дыктатура і народ, які змагаецца за сваю волю. Хлусьлівая ўлада і адважныя героі. Узброеныя да зубоў васалы і бяззбройныя гараджане. Гэта не фантастыка – гэта хроніка падзеяў вясны 2006 году” – пазначана ў анонсе фільму.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG