Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Беларускі цуд скончыўся..."


Радыё Свабода, Гомель “Якіх наступстваў вы чакаеце для сябе й краіны ў сувязі з апошнімі пагадненьнямі Беларусі й Расеі”? Адказваюць жыхары Гомеля.

Пэнсіянэр: “Вельмі моцна адаб`ецца на лёсе пэнсіянэраў і ўсяго насельніцтва Беларусі. Па-першае, вырасьце квартплата, падаражае ўся прадукцыя. Прадпрыемствы будуць мець вялікія страты”.

Мужчына: “Ужо нават чалавек з адной зьвілінай у галаве зразумеў: беларускі цуд скончыўся. Наперадзе нас чакаюць вялікія выпрабаваньні”.

Пэнсіянэрка: “А я скажу так: усё ідзе нармальна, нам падвышаюць пэнсіі. Нармальна!”

Пэнсіянэрка: “Можа, дабавяць, а можа, і забяруць – хто ж яго ведае... Гэта як урад скажа, так і будзе. Па-нашаму ўсё роўна ня будзе”.

Мужчына: “Я думаю, што цяжэй, чым цяпер, ня будзе. Беларусі, адпаведна, трэба ўзьняць цэны да ўзроўню ўсясьветных за транзыт газу й нафты. Каб у Расеі таксама адчулі, што мы на нешта здольны, нешта можам”.

Кабета: “Ну, як што зьменіцца? Падвысяцца цэны на газ, дык падвысяць плату за кватэру, за сьвятло – за ўсё. Я думаю, лягчэй ня будзе”.

Пэнсіянэрка: “Мне прыйшло за газ плаціць у гэтым месяцы столькі, колькі і ў тым. Будзем жывы не памрэм”.

Кабета: “Плаціць будзем болей за газ, электрычнасьць, ацяпленьне. Вада, напэўна, таксама падаражае”.

Мужчына: “Як кажуць, і казе зразумела. Будзе падвышэньне цэнаў на ўсе паслугі й тавары, на харчы. У нас восемдзесят працэнтаў прамысловых прадпрыемстваў сядзіць на газе. Натуральна, будзе падвышэньне цэнаў для прадпрыемстваў, а прадпрыемствы нам будуць прапаноўваць свае тавары й паслугі даражэй”.
XS
SM
MD
LG