Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дровы замест газу і нафты?


Ганна Соўсь, Менск Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў праграму пераабсталяваньня лясной галіны з мэтай павелічэньня эфэктыўнасьці выкарыстаньня драўніны ў якасьці паліва. Плянуецца, што гэта будуць пераважна адкіды, што складаюць каля 20 працэнтаў прамысловай нарыхтоўкі драўніны на лесасеках. Спэцыялісты лічаць выкарыстаньне біяпаліва адным з пэрспэктыўных кірункаў разьвіцьця альтэрнатыўных відаў энэргіі. Аднак эколягі непакояцца, што ў зьвязку з гэтым можа ўзрасьці й высечка лясоў.

Адкіды драўніны ў якасьці паліва актыўна выкарыстоўваюць у Нямеччыне і скандынаўскіх краінах, і менавіта на гэты досьвед абапіраліся беларускія навукоўцы ў распрацоўцы новых крыніц энэргіі, -- кажа намесьнік дырэктара Навукова-практычнага цэнтру мэханізацыі сельскай гаспадаркі Акадэміі навук Беларусі Валеры Чабатароў

Чабатароў: “Усё роўна нестандартная частка адкідаў драўніны страчваецца. Дык лепш яе эфэктыўна скарыстоўваць. Да таго ж, можна рабіць спэцыяльныя брыкеты, гранулы, узбагачанае паліва -- з улікам таго, што цеплатворныя магчымасьці дроў невысокія. А ў мясьцінах, куды мы ня можам правесьці газ ці дарагое вадкае паліва, гэта найбольш эфэктыўны спосаб. Маем жа чым паліць. Каб уваходзіць у рынак, мы павінны знайсьці ўсе магчымасьці, якіх дагэтуль не скарыстоўвалі”.

У Крупках прадпрыемства “Амкадор-Можа” ўжо некалькі гадоў вырабляе міні-цеплагенэратары і зернесушылкі, якія працуюць выключна на драўніне. Дарэчы, такімі генэратарамі ацяпляюцца і сам офіс, і прамысловыя памяшканьні прадпрыемства. Намесьнік дырэктара “Амкадор-Можа” Міхаіл Бранцэвіч перакананы, што цеплагенэратары на мясцовых відах паліва могуць стаць аптымальным варыянтам для невялікіх прадпрыемстваў. Бранцэвіч: “Мы падлічвалі паводле формулы пераводу цеплаэнэргіі. І выходзіла, што праект акупляецца за паўтара гады толькі за кошт розьніцы ў цане цьвёрдых адкідаў (драўніны) і дызпаліва. Туды можна абрэзкі кідаць, сухастой. Што да цаны, то гэта вялікія капітальныя ўкладаньні. Гаспадаркі наўпрост грошай не ўкладуць”.

Паводле Міхаіла Бранцэвіча, “Амкадор-Можа” прапануе гаспадаркам набываць цеплагенэратары празь лізінгавыя праграмы. Аднак для шырокага іх выкарыстаньня патрэбна большая падтрымка дзяржавы. Сябра Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня эколягаў Яўген Шырокі вітае ідэю выкарыстаньня біярэсурсаў у якасьці паліва, аднак ня толькі драўніны.

Шырокаў: “Іншае пытаньне: якую біямасу выкарыстоўваць? У нас афіцыйна штогод трухлее 4 мільёны тон саломы на палях. Гэта два мільёны тон паліва. Дык замест таго, каб займацца пытаньнямі хуткарослай драўніны, можа, лепш паліць салому і зьбіраць адкіды, а не сячы лес на дровы”.

Эколяг Георгі Казулька, які зьяўляецца незалежным аўдытарам дацкай кампаніі “Нэпкан”, што цяпер займаецца сэртыфікацыяй лясоў у Беларусі, непакоіцца, каб зададзены дзяржавай кірунак на больш актыўнае выкарыстаньне драўніны ў якасьці паліва не прывёў да павелічэньня высечкі лясоў.

Казулька: Ёсьць эўрапейскія правілы вядзеньня лясной гаспадаркі. Наша краіна вырашыла далучыцца да гэтай праграмы. І адной з сур’ёзных заўваг была такая: у лесе не хапае мёртвай драўніны, асабліва на высечках. Лясгасы, каб атрымаць эўрапейскі сэртыфікат, мусілі павялічыць колькасьць рэштак мёртвай драўніны і высечак на лесасеках. А цяпер у сьвятле энэргетычнай праблемы ўзьнікае тая самая праблема: лясгасы ня змогуць пакідаць столькі рэштак і мёртвай драўніны, колькі патрэбна лясным экасыстэмам”. Як вызначана ў дзяржаўнай праграме мадэрнізацыі і разьвіцьця энэргетыкі да 2010 году, доля мясцовых відаў энэргіі ў паліўным балянсе мусіць павялічыцца ўдвая і скласьці 25 працэнтаў. Пры гэтым асноўны акцэнт будзе зроблены менавіта на адкіды драўніны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG