Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Пятро Конюх


Уладзімер Арлоў, Менск 8.3.1910, м. Турэц (цяпер Карэліцкі раён) — 14.7.1994, Канада. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брасўіку, штат Нью-Джэрзі, ЗША. Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Яму прысьвечаная адна з апошніх прыжыцьцёвых публікацыяў Янкі Брыля — невялікі афарбаваны лёгкім усьмешлівым сумам успамін пра трохі старэйшага земляка, які ў трыццатыя гады быў у мястэчку Турэц гарманістам — найгалоўнейшым для тутэйшых падшыванцаў музыкам у духавым аркестры пажарнай каманды.

Яго клікалі Пятро Конюх, і ён ня толькі зухавата выцінаў на гармоніку, але й уражваў сваім голасам прыхаджанаў мясцовай царквы, “а калі выходзіў з клірасу да аналою і ўрачыста чытаў магутным басам “Апостала”, рэчытатыў быў такі, што вісюлькі панікадзіла дрыжалі, гайдаліся й пазвоньвалі...”

Праз колькі гадоў ягоным басам захапляліся ўжо жаўнеры й афіцэры польскай арміі генэрала Андэрса, у якой Пятро ваяваў з фашыстамі. У 1945-м ён атрымаў вайсковую стыпэндыю, каб дасканаліць свой талент у Рымскай Акадэміі мастацтваў.

Неверагодная шырыня галасавога дыяпазону, яго тэмбравая афарбоўка і моц дазвалялі яму выконваць вядучыя партыі ў “Фаўсьце” Ш. Гуно, “Барысе Гадунове” М. Мусаргскага, “Доне Карласе” Дж. Вэрдзі. Нейкі час Пятро Конюх выступаў у Італіі й гастраляваў па Эўропе, а потым атабарыўся ў Амэрыцы. Безь ягонага магутнага басу амаль трыццаць гадоў немагчыма было ўявіць знакамітага на эміграцыі Хору данскіх казакоў пад кіраўніцтвам С. Жарава (ЗША).

Ён перамагаў на Міжнародным конкурсе вакалістаў у Рыме (1957), выкладаў сьпевы ўва ўласных школах у Гамбургу й Нью-Ёрку, але ніколі не забываў Беларусі: сьпяваў па-беларуску, ліставаўся з Рыгорам Шырмам і Янкам Брылём...

Аднойчы мяне запрасілі на сьвята апошняга званка ў Турэцкую беларускую школу. Неспадзявана для настаўнікаў туды сама без папярэджаньня заявіўся і загадчык мясцовага раяна (дарэчы, адзіны, хто на ўрачыстай лінейцы выступіў па-расейску). Гасьцей паводле завядзёнкі запрасілі потым на пачостку, падчас якой маладая выкладчыца гісторыі пачала распытваць мяне як палачаніна пра сьвятую Эўфрасіньню й заснаваны ёю манастыр. Пачуўшы, што ў гады майго дзяцінства ў Крыжаўзьвіжанскім саборы зачыненага манастыра паселеная ў кельлях набрыдзь (гэта пра яе была тады такая песенька — “Мой адрес — не дом и не улица, мой адрес — Советский Союз”) трымала сьвіней, настаўніцы завойкалі й захіталі галовамі. “Затое ў людзей было мяса”,— жуючы пханую пальцам каўбаску, заўважыў загадчык раяна. Ня вельмі спадабаліся яму й мае роспыты гаспадароў пра Пятра Конюха: маўляў, эмігрант, адпалы ліст. Я востра пашкадаваў, што ня маю з сабою запісу, дзе бас Конюха сьпявае “Магутны Божа”, і весела падумаў, што, пачуўшы яго, гэты раённы начальнік мог бы затрымцець, як тыя, згаданыя Брылём вісюлькі ў панікадзіле.
XS
SM
MD
LG