Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве пачынаюцца перамовы пра пастаўкі беларускага цукру


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня ў Маскве пачалі шукаць кампраміс па яшчэ адным спрэчным пытаньні ў гандлі з Расеяй – пастаўкі беларускага цукру расейскім спажыўцам, што былі абмежаваны з восені мінулага году, а з 3 студзеня ўвогуле спынены. Перамовы праводзяць міністар сельскай гаспадаркі Расеі Аляксей Гардзееў і віцэ-прэм’ер Беларусі Іван Бамбіза.

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня Расеі паведамілі, што перамовы Аляксея Гардзеева і Івана Бамбізы пачаліся. Калі будзе вынік, пакуль невядома. Летась расейская мытня ўжыла супраць беларускіх пастаўшчыкоў цукру рэжым, які ўжываецца да кантрабандыстаў, -- так званы “профіль рызыкі”: правяраецца кожная партыя цукру на адзіным Траекураўскім мытным пасту ў Маскве (па 5 вагонаў у дзень). Расейцы падазраюць, што беларускія імпартэры замест бураковага пастаўляюць на іх рынак больш танны трысьняговы цукар, не выплачваючы адпаведных мытаў, і з гэтай прычыны расейскі бюджэт ужо страціў каля 165 мільёнаў даляраў. Пры гэтым расейскія цукравытворцы заявілі пра нядобрасумленную канкурэнцыю зь беларускага боку.

За мінулы год пастаўкі беларускага цукру ў Расею былі зьменшаны на 50 працэнтаў, а з пачатку студзеня – увогуле спынены. У беларускім урадзе перакананыя, што абмежаваньні на ўвоз цукру маюць палітычны характар. Гаворыць адзін з чыноўнікаў:

Чыноўнік: “Расейцы думаюць: а чаму мы ня можам завезьці і перапрацаваць трысьняговы цукар, а вы нам яго павінны пастаўляць?.. Хоць мы бураковы пастаўляем. Таму тут пытаньне чыста адміністрацыйна-палітычнае”.

У тым самым перакананы й вядомы спэцыяліст у галіне сельскай гаспадаркі член-карэспандэнт НАН Беларусі Іван Нікітчанка. На ягоную думку, беларускія заводы ня могуць скласьці прыкметнай канкурэнцыі расейскім, хаця спадар Нікітчанка цьвердзіць, што трысьняговы цукар Беларусь у Расею сапраўды пастаўляла:

Нікітчанка: “Дык заўсёды было так. Каб моўчкі, ціхенька дамовіліся, то ніхто й не ўзьнімаў бы пытаньня. А цяпер... Раз ужо Лукашэнка пачаў паказваць дулю ў кішэні расейцам, дык яны па зубах нам даюць і даюць. Ды не яму даюць, а нам”.

Што да якасьці трысьняговага цукру, то тут спадар Нікітчанка ня бачыць ніякай праблемы – ён ня горшы за бураковы, а можа, і лепшы, бо на Кубе няма радыяцыі.

На пачатку студзеня кіраўнік канцэрну “Белдзяржхарчпрам” Іван Данчанка заяўляў, што “расейская мытная служба дзейнічае на дагоду невялікай групы асоб, магутных бізнэсоўцаў, якія хочуць паставіць пад кантроль усю рэалізацыю беларускага цукру на расейскім рынку, а мабыць, і кантраляваць усю цукровую прамысловасьць Беларусі”.

Сёньня ў сувязі з пачаткам цукровых перамоў і ў канцэрне “Белдзяржхарчпрам”, і ў Расейскім саюзе цукравытворцаў, у Міністэрствах сельскай гаспадаркі абедзьвюх краін ад камэнтароў устрымліваюцца.

Ёсьць інфармацыя, што беларускі бок пагаджаецца абмежаваць свае пастаўкі цукру ў Расею і шукае новыя рынкі збыту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG