Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы выбралі Лукашэнку – і задаволены, што не памыліліся. А потым выберам і ягонага сына…”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 17 студзеня 2007 году.

Ужо цягам некалькіх апошніх тыдняў галоўная тэма нашай пошты – вострае супрацьстаяньне Беларусі і Расеі ў нафтавых і газавых праблемах. У гэтыя дні многія палітыкі і экспэрты выказваюць меркаваньне, што рост цэнаў на расейскія энэрганосьбіты непазьбежна адаб’ецца на эканоміцы Беларусі і, як вынік, – на грамадзкіх настроях, на папулярнасьці ўлады. Наш слухач Васіль Валошка зь мястэчка Радашкавічы Маладэчанскага раёну да такіх высноў ставіцца скептычна:

“І што з таго, што рэйтынг Лукашэнкі зьнізіцца? У Ельцына перад другім прэзыдэнцкім тэрмінам рэйтынг складаў усяго 6 працэнтаў, а ў ягонага суперніка Зюганава – за 30. Але сабраліся “грашовыя мяхі” – усе тыя, хто ў часы Ельцына быў ля кармушкі, – і “зрабілі” Ельцыну другі тэрмін.

У нас у Беларусі таксама вельмі шмат такіх, каму ёсьць што губляць. І гэта ня толькі блізкае атачэньне Лукашэнкі. “Вертыкальшчыкі”, чыноўнікі, дырэктары прадпрыемстваў, старшыні калгасаў, нават брыгадзіры – усе маюць сваю (няхай нават невялікую) выгоду ад гэтага рэжыму. І ўсе цудоўна разумеюць: калі да ўлады прыйдуць дэмакраты на чале зь Мілінкевічам, Казуліным ці Вячоркам, – яны страцяць вельмі многае. (І, магчыма, ня толькі матэрыяльныя даброты.) Ну, а такім, як Ярмошына і Лазавік, і увогуле ня будзе куды падзецца. Дадайце сюды тых, хто падтрымлівае такі рэжым добраахвотна…

Так што жыцьцё ідзе сваім парадкам. І будзе яшчэ доўга ісьці гэтак жа. І нават тое, што апошнім часам мы часта бачым на экране грознага Лукашэнку, што кідае коп’і ў бок Расеі, – нічога не мяняе. Згадайма, колькі разоў так ужо было. Пабачыце: неўзабаве ён зноў будзе стаяць побач з Пуціным і паслужліва ўсьміхацца”.

Пры ўсёй відочнай слушнасьці Вашых, спадар Валошка, разваг ёсьць адна важная абставіна, якой Вы ня ўлічваеце. Устойлівасьць аўтарытарнай сыстэмы залежыць ня толькі ад паслухмянасьці ўладнай “вертыкалі” ды лічбаў, якія пасьля чарговых выбараў напіша гэтая “вертыкаль” у выніковых пратаколах галасаваньня. Ні з выканальніцкай дысцыплінай чыноўнікаў, ні зь лічбамі падчас галасаваньня таталітарная ўлада праблем ня мела і мець ня будзе. Галоўная пагроза для яе – масавае грамадзкае незадавальненьне, стыхійныя пратэсты і абурэньні… А верагоднасьць і магчымасьць такіх пратэстаў наўпрост залежыць ад грамадзкай думкі і ад рэальнага эканамічнага становішча ў краіне. Зьніжаюцца заробкі і ўзровень жыцьця – значыць, нарастае сацыяльная напружанасьць. І гэтую напружанасьць немагчыма ўхіліць толькі з дапамогай ідэалягічнай апрацоўкі людзей.

Аўтар наступнага ліста на гэтую ж тэму – Міхась Лойка зь мястэчка Сасновы Бор Сьветлагорскага раёну. Слухач піша:

“Энэргетычную вайну з Расеяй распачаў Лукашэнка. Наступствы яе адмоўна паўплывалі на эканоміку ня толькі Расеі, але і Эўразьвязу. І гэта ведае як бліжняе, так і далёкае замежжа. Акрамя таго, Аляксандар Рыгоравіч працягвае ігнараваць міжнародныя і міждзяржаўныя нормы, правілы, пагадненьні. Захад і апазыцыя з гэтай нагоды выказваюць шкадаваньні, прымаюць дэклярацыі. Але вялікага плёну ад таго няма. Настаў час дзейнічаць рашуча, а не чакаць, пакуль Лукашэнка збудуе АЭС і ўзброіцца ядравай зброяй. Таму эўрапейскім ды іншым краінам, у тым ліку й Расеі, неабходна выказаць недавер Лукашэнку і ягонай камандзе (у тым ліку парлямэнту); прызнаць кааліцыйны ўрад, які мусяць стварыць дэмсілы ці сам Сідорскі, – і толькі зь імі весьці ўсе справы. Трэба, каб зноў пачаў працаваць легітымны Вярхоўны Савет 13-га склікання, які павінен зрабіць нашу рэспубліку парлямэнцкай. Да таго ж, падвойная выканаўчая ўлада рэспубліцы не пад сілу. Дастаткова Савету Міністраў. Як было раней. Вось і будзе кампэнсацыя сродкаў ад падвышэньня цэнаў на расейскія энэрганосьбіты”.

Наўрад ці варта чакаць, спадар Лойка, што эканамічныя ды палітычныя зьмены прынясуць у Беларусь нейкія вонкавыя сілы. Выказваць недавер беларускай уладзе, ствараць кааліцыйны ўрад, праводзіць палітычныя рэформы, наладжваць дэмакратычную сыстэму выбараў – якраз тыя справы, якія можа і мусіць рабіць само беларускае грамадзтва. Вядома, міжнародная падтрымка істотная, але ўсё ж не вызначальная ў гэтай справе.

Ліст ад нашай апанэнткі Галіны Ўласік з Чэрвеню.

“Часта слухаю Вашы перадачы. Але не таму, што веру Вам. Папросту цікава, пра што сёньня вы і вашы добразычліўцы будзеце хлусіць. На пытаньне, што было адметнае ў мінулым годзе, амаль усе вашы суразмоўцы ўспамінаюць Мілінкевіча, Казуліна і той натоўп, што сабраўся ўвесну на плошчы. Чаму ж вы маўчыцё пра добрыя справы, якія зрабіў летась Лукашэнка, дзякуючы сваёй працавітасьці і стараннасьці свайго атачэньня. Якія добрыя адносіны ён наладзіў з Расеяй.

І колькі можна перажоўваць тыя выбары? Мы выбралі Лукашэнку – і задаволены, што не памыліліся. А потым выберам і ягонага сына. А Мілінкевіч толькі вандруе па сьвеце і выпрошвае падачкі. Лукашэнка – палітык рэдкага розуму. Іншыя правіцелі зайздросьцяць Лукашэнку, бо ён разумнейшы за іх. Кіраваць бы Лукашэнку Расеяй – ужо там ён разгарнуўся б.

…Ведаю, што вам не спадабаецца мой ліст. Але гэта – праўда. Я пісала тое, што думаю”.

Дзякуй Вам, спадарыня Уласік, за шчырасьць. Праўда, цяжка зразумець, што Вы маеце на ўвазе, калі сьцьвярджаеце, што прэзыдэнт Лукашэнка наладзіў добрыя адносіны з Расеяй. Можа, Вы пісалі свой ліст яшчэ да новага году, а кінулі яго ў паштовую скрынку толькі цяпер?

Лічу, асабліва адметная ў Вашым допісе вось гэта фраза: “Кіраваць бы Лукашэнку Расеяй – ужо там бы ён разгарнуўся”. Напэўна, падобныя думкі прыходзілі ў галаву й многім расейскім палітыкам. Можа, якраз у выніку іх і стала магчымай нядаўняя нафтагазавая вайна між Беларусьсю і Расеяй?

Наш слухач Віктар Кляноўскі зь вёскі Друя Браслаўскага раёну не пагаджаецца зь некаторымі перадачамі, што чуў па “Свабодзе”:

“Слухаю Ваша радыё, і складаецца ўражаньне, што віной усім нашым нягодам – прэзыдэнт. А прэзыдэнт – гэта ўсяго толькі аблічча народу. Няўжо вы лічыце, што калі да ўлады прыйдуць дэмакраты ці лібэралы, дык у Беларусі, нібы, з падмогай чароўнага пруточка адразу ўсталюецца рай? А я ўпэўнены, што будзе яшчэ горш. Ну, прынамсі, першыя дзесяць год. Сорамна мне робіцца й за тых, хто спачатку галасаваў за цяперашняга прэзыдэнта, а цяпер палівае яго брудам. Такія людзі заўсёды будуць нечым ці некім незадаволены”.

Мы, спадар Кляноўскі, імкнемся падаваць розныя погляды на гэту праблему. Гучаць на хвалях “Свабоды” і прыхільнікі цяперашняга рэжыму, і тыя, хто лічыць сёньняшнюю палітыку тупіковай. Ці могуць у Беларусі адбыцца імгненныя зьмены ў лепшы бок, калі да ўлады прыйдуць дэмакратычныя сілы? У нейкіх сфэрах – напэўна. Прынамсі, дзеля таго, каб усталяваць справядлівую і дэмакратычную выбарчую сыстэму, зрабіць свабоднымі сродкі масавай інфармацыі, вызваліць палітвязьняў – шмат часу не спатрэбіцца. Зьмены ў эканоміцы так хутка не адбудуцца. Але й на іх патрэбны зусім не дзесяцігодзьдзі. Дастаткова для прыкладу паглядзець хоць бы на суседзяў Беларусі – Польшчу, Літву, Латвію.

На заканчэньне – некалькі цытат зь лістоў слухачоў, якія пакіну без камэнтароў.

Нам піша Юзэфа Таркоўская з Баранавіч:

”Жыцьцё – гэта разнастайнасьць. Паглядзіце на палявыя кветкі – і вам стане зразумела: у разнастайнасьці – сьвежасьць і чароўнасьць. Гармонія Сусьвету – адрознасьці народаў і культур. Ніякай стандартызацыі. Узвысіць чалавека можа толькі самастойная творчасьць, а не перайманьне суседа”.

І яшчэ адзін фрагмэнт. Зь ліста Віктара Скарахода зь Менску -- былога партызана, настаўніка, нашага даўняга і адданага сябра:

“Мне 84-ы год. Не смуткую, што па няўмольных законах Сусьвету глядзець на белы сьвет мне застаюцца толькі дні. Радуюся, што пакідаю жыць маімі інтарэсамі трох сыноў, а за імі і трох маіх унукаў. Яны, унукі, яшчэ малыя, але я з радасьцю назіраю, як іх сумленьнем завалодала наша пакутніца Беларусь, яе лёс, яе слаўная і багатая гісторыя”.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG