Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Праўда ў тым, што Расея вядзе вайну супраць Беларусі”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за сераду, 17 студзеня. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды" 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22-24.

Мікалай Антонавіч, Менск: “Я хачу параіць Мілінкевічу, як стаць прэзыдэнтам. Ня трэба езьдзіць па сьвету, прасіць санкцый, блякадаў для Беларусі. Гэтым Мілінкевіч набірае мінусы, а ня плюсы ў нашых людзей. Другое, выдаткаваныя Амэрыкай мільёны даляраў ня трэба пускаць на аплату студэнтам і школьнікам выхаду на вуліцу, на аплату Майдана. За такую арганізацыю кожная дзяржава арганізатараў карае. Прыклад гэтаму Грузія. Усё кіраўніцтва апазыцыйных партый Саакашвілі за адну ноч пасадзіў у турму. Трэцяе, на гэтыя грошы Мілінкевічу трэба арганізаваць у кожнай вобласьці па адной гаспадарцы, дзе б людзі атрымлівалі па 500 даляраў. І тады ня трэба вуліц. Людзі будуць ведаць, што Мілінкевіч зробіць усе гаспадаркі рэспублікі такімі, і людзі пойдуць за ім на выбары і паставяць прэзыдэнтам”.

Ларыса, Менск: “Маё меркаваньне як я атрымала ад нашай дзяржавы чэкі “Маёмасьць” і куды я іх уклала. У акцыянэрнае таварыства “Мінскпраэктмэбля”. І чакаю тры гады, калі ж я атрымаю нейкія грошы. Адзін раз прыйшоў перавод на 540 рублёў. Я дадала 200 рублёў і пайшла купіла батон. Сёньня атрымліваю заказное вялікае пісьмо. Ну, думаю, дачакалася. А там пяць вялікіх папераў ляжыць, якія я павінна запоўніць. У іх сказана, што я павінна аддаць гэтыя чэкі на карысьць нашай квітнеючай рэспублікі, а то мяне выклічуць і забяруць чэкі ў судзе. А чэкаў у мяне ж няма – я іх ужо аддала. Што яны хочуць, я так і не зразумела”.

“Газавы канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй паказаў, што Пуцін і Лукашэнка доўгі час вырашалі пытаньне аб саюзнай дзяржаве. Сустрэч было шмат цягам многіх гадоў. Але нічога ня вырашылася, бо ў кожнага была свая асабістая зацікаўленасьць. А калі наблізіліся выбары, якія павінны адбыцца ў Расеі, і Пуцін ня мае магчымасьці пайсьці на трэці тэрмін, дык ён узяў і перакрыў трубу. Канфлікт, на маю думку, толькі пачаўся. Але няма дрэннага бяз добрага. А добрае ў тым, што цяпер нашай незалежнасьці нічога не пагражае. І гэта ўжо добры знак. А наша прамысловасьць будзе працаваць, і ўсё будзе добра. Ня будзем рабіць пасьпешлівыя высновы. Выйсьце заўсёды можна знайсьці. І ня трэба нам хавацца ў зямлянку. Я падчас вайны ўжо хавалася ў зямлянку, калі бамбавалі Менск. А тут усё адбываецца і будзе адбывацца мірным шляхам. Ну, некаторым катэгорыям нашых грамадзян трэба будзе паменшыць спажывецкі кошык. І гэта будзе толькі на карысьць іх здароўю”. Спадарыня: “Колькі Вы тых сьвечак не запальвайце, а сытуацыя на Беларусі ня зьменіцца, бо Расея робіць сваю брудную справу – ваюе зь Беларусьсю. Трэба змагацца. А змаганьне – гэта валоданьне праўдай. А праўда ў тым, што Расея вядзе вайну супраць Беларусі. Так што Вашы запаленыя сьвечкі на вокнах нічога ня зьменяць”.

Спадар: “Вось пачуў нядаўна выказваньне спадара Лябедзькі, дзе ён казаў, што задаволены тым, як прайшла кампанія “Мясцовыя выбары”. Вельмі хачу з гэтым не пагадзіцца. Я ня ведаю, можа, спадар Лябедзька і кампанія нешта добрае ў Менску і рабілі, але ў рэгіёнах іх дзейнасьць практычна не адчувалася. Адзін Мілінкевіч езьдзіў па краіне і сустракаўся з выбарцамі…”

Спадар: “Раскажу, як праходзілі так званыя выбары ў Міёрах. Напярэдадні выбараў у райвыканкаме сабралі кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый і папярэдзілі, што калі іх падначаленыя не прагаласуюць да 14 гадзін 14 студзеня, то сьпіс іх падначаленых, якія не прагаласавалі да вызначанага часу, будзе перададзены ім на рэагаваньне. У апошні працоўны дзень перад выбарамі кіраўнікі сабралі сваіх падначаленых і строга папярэдзілі іх, каб усе прагаласавалі так, як трэба. Інакш, маўляў, самі разумееце. Усе ж, вядома, павязаны кантрактамі. Вось такая дэмакратыя і дэмакратычны выбар па-беларуску”.
XS
SM
MD
LG