Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«А лідэр заўсёды ўвасабляе тое, чаго жадае група, у гэтым выпадку нацыя” (1997)


Зьміцер Падбярэскі “Беларуская крыніца”, 1927 год. Падаецца абвестка:

“Нас паведамляюць зь вёскі, што падпішчыкаў “Беларускай Крыніцы” проста засыпаюць газэцінай, якая завецца “Народны Звон”. Пытаюцца ў нас, ці часам рэдакцыя “Беларускай Крыніцы” не давала сваіх адрасоў для “Народнага Звону”? Вось-жа заяўляем, што “Беларуская Крыніца” для такой бруднай газэціны, як “Народны Звон” сваіх адрасоў не давала. Адкуль рэдакцыя “Народнага Звону” дастала нашы адрасы, толькі ей ведаць; мы сваім падпішчыкам такой бруднай газэціны ніколі не высылалі-б”.

“Вечерний Минск”, 1987 год. Кандыдат мэдычных навук А.Воінаў дараджвае, як дапамагаць пацярпелым ад абмаражэньня:

“Галоўнае — не дапускаць хуткага саграваньня. Даказана, што тканкі цела пад узьдзеяньнем атмасфэрнага холаду ня гінуць, у іх “заміраюць”, запавольваюцца працэсы абмену, і калі аднаўляецца тэмпэратура тканак, яны здольны вярнуцца да жыцьця. Цёплае паветра, вада, дотык цёплых рэчаў і нават рук згубна дзейнічаюць на перахалоджаныя тканкі… Калі пацярпелага ўводзяць у ацепленае памяшканьне, на перахалоджаныя рукі ці ногі трэба пакласьці ватна-марлевыя цеплаізалявальныя павязкі… Вельмі істотна забясьпечыць нерухомасьць перахалоджаных пальцаў рук і ног”.

“Имя”, 1997 год. Джэралд Атлас, псыхагісторык, прафэсар Лонг-Айлендзкага ўнівэрсытэту на пытаньне “Вы казалі, што беларускі народ чакае трагедыя?” адказвае:

“Я выкарыстаў гэтае слова невыпадкова. І гэта турбуе маю душу, нягледзячы на тое, што я рыхтаваў сябе да нэўтральнага ўспрыманьня вашай рэчаіснасьці. Стан рэчаў такі, што ваша нацыя сама жадае знаходзіцца пад нечыім кантролем. А лідэр заўсёды ўвасабляе тое, чаго жадае група, у гэтым выпадку нацыя. Менавіта група заўсёды адказная за тое, што адбываецца ў краіне. Людзі думаюць, што кантраляваная эканоміка, кантраляванае жыцьцё дапамогуць ім выйсьці са стану бездапаможнасьці і дыскамфорту. Таму будзе вельмі шмат фантазій пра выратаваньне, якія амаль заўсёды выражаюцца ў адным — думках пра лідэра як пра мэсію. Але гэта ніколі ня ёсьць ісьцінай”.
XS
SM
MD
LG