Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Шклоўскім раёне выяўлены прыпіскі


Радыё Свабода Агляд недзяржаўных выданьняў за 17 студзеня.

“Комсомольская правда в Белоруссии» дасьледуе, якія дакумэнты можна атрымаць у так званым «адным акне» дзяржаўных установаў. Друкуецца сьпіс, кошт і час афармленьня патрэбных папераў. Газэта нагадвае: «каб вашы правы не парушалі, іх трэба добра ведаць».

У Шклоўскім раёне дзяржкантралёры выявілі прыпіскі. Як паведамляе незалежная газэта “Шклоўскія навіны”, у справаздачы за мінулы год лічба ўраджаю збожжа несапраўдная. Слова рэдактару выданьня Аляксандру Шчэрбаку:

Шчэрбак: “Раней статыстыка паведаміла, што ў раёне намалацілі 104 тысячы тон. А праз некаторы час высьвятляецца, што быццам бы было не 104 тысячы тон, а 120 тысяч тон. Прыпісалі амаль 16 тысяч тон збожжа, якое нібыта было намалочана на прыватных падворках. З гэтым паказчыкам Шклоўскі раён выйшаў у вобласьці на першае месца. Хто і як лічыў – ніхто ня ведае”.

Сёньня “Газэта Слонімская” паведамляе, што пачынаюцца працы на будаўніцтве новага водазабору. “Нарэшце, – піша выданьне, – зьявіліся спадзяваньні, што палепшыцца якасьць пітной вады”. Журналісты канстатуюць: “на сёньня хімічны склад вады ў горадзе не адпавядае стандартам якасьці”.

Таксама “Газэта Слонімская” даведалася, што Міністэрства абароны адмаўляецца ад права ўласнасьці на будынак Дому афіцэраў у райцэнтры. “Пасьля неабходнай рэканструкцыі тут будзе ЗАГС”, – удакладняе выданьне.

Хто нішчыць у Слоніме татарскія могілкі? Аўтар артыкула з такой назвай Сяргей Чыгрынаў гаворыць пра разбурэньне пяці помнікаў на пагосьце мусульманскай абшчыны:

Чыгрынаў: “Крымінальная справа заведзеная, пошукі працягваюцца. Але я мала веру ў тое, што вандалы будуць адшуканыя. Вандалізм у Слоніме адбываецца ня першы раз. Раней мячэць у Слоніме расьпісалі непрыстойнымі знакамі. Пасьля раскапалі некалькі магілаў на татарскіх могілках. Але і тады вандалы не былі адшуканыя”.

Татары ў Слоніме жывуць ад ХIV стагодзьдзя. Тады вялікі князь літоўскі Міхал Казімер Агінскі лічыў татараў лепшымі ахоўнікамі сваёй рэзыдэнцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG