Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Члены Свабоднага прафсаюзу ў Полацку скардзяцца на ціск адміністрацыі


Галіна Абакунчык, Менск Сябры пярвічнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу прадпрыемства “Полацк-Шкловалакно” заяўляюць пра ціск з боку адміністрацыі прадпрыемства. Маральны ціск робіцца таксама на іх сваякоў. У кіраўніцтве прафсаюзу кажуць, што гэта робіцца з мэтай пазбавіцца ад незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве.

Старшыня пярвічнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Віктар Стукаў кажа, што ціск на сяброў незалежнага прафсаюзу і іхных сваякоў на полацкім “Шкловалакне” – зьява распаўсюджаная.

Стукаў: “У нас ёсьць такія прыклады: завод даваў крэдыты на набыцьцё жыльля. Адна сям’я напісала заяву. І вось гэтай жанчыне звоняць з прадпрыемства і кажуць, што, маўляў, ваша нявестка ў свабодным прафсаюзе. Глядзіце, можам і ня даць крэдыту. Канечне, хатняму скандалу ня кожны можа супрацьстаяць”.

Паводле спадара Стукава, людзі баяцца паведамляць пра гэта, бо асьцерагаюцца большага ўціску. Затое статыстыка сьведчыць, што за мінулы год колькасьць сяброў незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве зьменшылася з 250 чалавек да 30.

Намесьнік дырэктара па кадрах і ідэалёгіі Людміла Проп аднак заяўляе, што ніякага адміністрацыйнага ціску няма.

Проп: “Я ня ведаю, чаму яны такія чуткі распаўсюджваюць. У нас з усімі сябрамі Свабоднага прафсаюзу працягваюцца кантракты, як і са звычайнымі працаўнікамі “Полацк-Шкловалакна”. Крэдыты на будаўніцтва жыльля мы ўвогуле не даём, бо зараз гэта крэдытуе “Беларусьбанк”. Калектыўная дамова таксама распаўсюджваецца на ўсіх працоўных і ніякага ціску няма. Нават даўно зь імі не сустракаліся. Няхай у сябе шукаюць прычыны, а ня ў нас”.

Старшыня Свабоднага прафсаюзу Міхаіл Кавалькоў кажа, што цяпер масавы перасьлед сяброў незалежных прафсаюзаў сапраўды крыху зьменшыўся. Але гэта дзякуючы пратэстам міжнароднай прафсаюзнай супольнасьці, а таксама Міжнароднай арганізацыі працы. Адначасна ўлады не губляюць надзеі пазбавіцца ад незалежных прафсаюзаў і вось чаму.

Кавалькоў: “Незалежны прафсаюзны рух, я думаю, не патрэбны ўладзе, адміністрацыі заводаў на месцах. Не патрэбныя тыя прафсаюзы, якія незалежныя ад наймальнікаў, якія могуць запатрабаваць абавязковага выкананьня тых жа калектыўных дамоваў, таго ж працоўнага кодэксу і Канстытуцыі краіны. Вось таму ідзе такі ціск”.

Гаварыў старшыня Свабоднага прафсаюзу Міхаіл Кавалькоў.

Цяпер у Менску знаходзіцца дэлегацыя Міжнароднай арганізацыі працы з мэтай вывучэньня становішча з правамі прафсаюзаў у Беларусі. Раней гэтая арганізацыя запатрабавала ад ураду краіны выправіць становішча з правамі незалежных прафсаюзаў паводле 12 пунктаў.
XS
SM
MD
LG