Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэмік Вальмен Аладаў: “Нямігу мы ўжо страцілі…” (фота)


Ігар Карней, Менск Пры канцы мінулага году ад менскага “Гандлёвага дому на Нямізе” будаўнікі пачалі перакідваць пешаходны мост да паркінгу, узьведзенага насуперак пратэстам грамадзкасьці на падмурках старой Нямігі.

Паводле гарадзкіх чыноўнікаў, неўзабаве паветраны мост шырынёй 8 мэтраў злучыць буйнейшы сталічны ўнівэрмаг з камэрцыйным аб’ектам пад назвай “грамадзка-гандлёвы цэнтар “Славянский”. Гісторыкі і архітэктары канстатуюць абыякавасьць уладаў да лёсу гістарычнага цэнтру сталіцы.

Спробы незалежных экспэртаў у галіне архітэктуры і будаўніцтва дагрукацца да ўладаў на ўсіх узроўнях аказаліся марныя. Цяпер гэта канстатуюць падпісанты лістоў і зваротаў да кіраўніцтва краіны, да органаў пракуратуры і правапарадку.

Экс-кіраўнік былой акадэміі архітэктуры Вальмен Аладаў з горыччу кажа: Нямігу для наступных пакаленьняў менчукі, фактычна, ўжо страцілі.

Аладаў: “Паркінг і ўсё тое новае, што там узводзіцца, – гэта, на жаль, ужо нельга было спыніць. Калі мы за гэта ўзяліся, было ўжо позна. Калі б пачалі варушыцца раней – перакананы, не дапусьцілі б такога разьвіцьця. Аднак даводзіцца канстатаваць: Няміга разбураная. Тое, што зараз там робяць – гэта парнаграфія. Аргумэнт у іх на ўсе нашы прэтэнзіі адзін: мы ўжо тут фактычна завяршаем, а вы нас уцягваеце ў свае справы. Але тое, што заплянавана надалей, спадзяюся, будуць рабіць у адпаведнасьці з законам”.

Як удакладняе гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі, неўзабаве ўвесь гістарычны цэнтар Менску апынецца ў атачэньні паркінгаў. Аднак, паводле рэглямэнту ахоўнай зоны ад 1979 году, тут забароненае любое будаўніцтва, якое парушае гістарычны асяродак. Новы камэрцыйны аб’ект на Нямізе ўжо пахаваў падмуркі старадаўніх збудаваньняў. Да таго ж, як кажа спадар Харэўскі, у працэсе будаўніцтва зьяўляецца жаданьне “скараць рэкорды”.

Харэўскі: “Прыгожыя глянцавыя малюнкі, якія радасна тыражуюцца ў дзяржаўнай прэсе, – гэта зусім ня тое, што мы насамрэч убачым ва ўвасабленьні. Яскравы таму прыклад – паркінг на Нямізе. У працэсе рэалізацыі ў натуральную велічыню аказалася: гэты будынак на 3-4 мэтры вышэй, чым было на макетах і на разгортках. Ня тое, што дамоў, але й касьцёлу архікатэдральнага ня будзе бачна за гэтай бэтоннай спарудай. То бок, гэта цалкам мяняе ўвесь гарадзкі пэйзаж”.

Тэрыторыя Нямігі мае катэгорыю №1, трапляючы пад нарматывы міжнародных актаў, падпісаныя Беларусьсю. У такіх зонах катэгарычна забараняецца глябальнае будаўніцтва, паколькі каштоўнасьць уяўляе ня толькі гістарычная забудова, але і прыродны ляндшафт. Аднак яшчэ ў 2000 годзе навукова-мэтадычная рада Камітэту аховы гісторыка-культурнай спадчыны на чале са старшынём Дзьмітрыем Бубноўскім ухваліла праект шматузроўневай аўтастаянкі.

З адкрытым лістом супраць будоўлі выступілі 54 чалавекі: гісторыкі, архітэктары, мастацтвазнаўцы. Пасьля было яшчэ некалькі заклікаў “расплюшчыць вочы”, але – з тым жа вынікам.

Адзін з падпісантаў, былы інспэктар аховы гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму, архітэктар Уладзімер Папруга усё ж спадзяецца: адказваць за ўсё будуць канкрэтныя людзі.

Папруга: “Аб’ект, які цяпер там будуецца, – абсалютна самадастатковы. Гэта ніякая ня транспартная паркоўка. Гэта гандлёвы цэнтар, які сам сябе абслугоўвае транспартам. І гэта цалкам нелегітымны аб’ект.

Тое, што цяпер там адбываецца з мастамі ды іншым – гэта “нармалёвае” для беларускіх умоваў бязьмежжа, вайна, якая працягваецца. Прычым, без аніякіх адказаў на праблемныя пытаньні. Увесь працэс, сродкі, якімі ён адбываецца, практычна выводзіць яго за прававое поле.

Але так ці інакш людзі, што ўдзельнічаюць у гэтым працэсе, вымушаныя будуць даваць адказы. Гэтыя пытаньні ня маюць тэрміну даўніны. Таму што нішчыцца гісторыка-культурная каштоўнасьць. Прычым, нішчыцца такім чынам, што робіцца праблематычным у прынцыпе разглядаць гэтую тэрыторыю як гісторыка-культурную каштоўнасьць і калі-небудзь, нават у гістарычнай пэрспэктыве, ставіць пытаньні аб яе навукова абгрунтаваным разьвіцьці – рэнавацыі, рэканструкцыі, рэгенэрацыі і г.д.”

Разам зь Нямігай татальна перабудоўваюцца суседнія тэрыторыі: зруйнаваныя гістарычныя будынкі на вуліцах Дзімітрава, Рэвалюцыйнай, Гандлёвай, Калектарнай...



Над Нямігай зьявіцца чарговы мост



Тут будзе гандлёвы цэнтар “Славянский”



Гістарычныя руіны на Рэвалюцыйнай



…за старым фасадам узводзяць новыя муры
XS
SM
MD
LG