Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцназ ачапіў кавярню, куды зайшлі ўдзельнікі акцыі салідарнасьці (фотарэпартаж з акцыі)


Любоў Лунёва, Менск А 20-й гадзіне на прывакзальнай плошчы сабраліся каля паўсотні маладых апазыцыянэраў. Арганізатары акцыі былі сябры незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт". Міліцыя разагнала акцыю, былі затрыманыя 2 студэнты.

Тры лідэры гэтай арганізацыі Павал Севярынец, Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч адбываюць пакараньні - Дашкевіч у турме, Севярынец і Фінькевіч на "хіміі".

Маладыя людзі паставілі тумбу, на якой прымацавалі партрэты ўсіх палітвязьняў, якія ёсьць на сёньняшні дзень у Беларусі. Вакол тумбы паставілі сьвечкі і сталі ланцугом, трымаючы партрэты палітвязьняў.

Супрацоўнікі міліцыі пачалі разгон акцыі, моладзь разьбеглася ў падземныя пераходы, два чалавекі былі затрыманыя - студэнты, хлопец і дзяўчына.

У хлопца заўтра будзе экзамен, а дзяўчына цяпер на пераддыплёмнай практыцы.

Міліцыянты адпусьцілі затрыманых студэнтаў. Але праз паўтары гадзіны пасьля заканчэньня акцыі спэцназаўцы ачапілі кавярню “Росьцік”, куды зайшлі некалькі ўдзельнікаў акцыі салідарнасьці на чыгуначным вакзале. Спэцназаўцы патрабуюць, каб хлопцы і дзяўчаты выйшлі на вуліцу. Да кавярні падагналі аўтобус, на якім возяць затрыманых у міліцыю. Камандзір роты спэцназу пагражаў дзяўчыне, што супраць актывістаў будзе ўжыта фізычная сіла.

За паўгадзіны да закрыцьця кавярні “Росьцік” ўдзельнікі акцыі, якія знаходзіліся ў кавярні, выйшлі на ганак і хутка разыйшліся па два чалавекі ў розныя бакі. У той момант на прывакзальнай плошчы было шмат людзей, якія ішлі на прыпынкі грамадзкага транспарту з электрычак. Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” паведамілі “Свабодзе”, што гэтым разам удалося пазьбегнуць затрыманьняў.

Акцыі салідарнасьці таксама прайшлі ва ўсіх абласных цэнтрах, а таксама ў Баранавічах, Жодзіне, Салігорску, Барысаве, Нясьвіжы ды іншых гарадох.

















XS
SM
MD
LG