Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікаваныя сьпісы вязьняў, загіблых у савецкіх лягерох ў Нямеччыне


Тацяна Поклад, Прага Музэй "Бэрлінскай Сьцяны" ў Нямеччыне апублікаваў сьпісы імёнаў вязьняў, якія загінулі ў савецкіх канцэнтрацыйных лягерох, што дзейнічалі на тэрыторыі Нямеччыны пасьля Другой сусьветнай вайны. Аднак спэцыялісты адзначаюць, што ў сьпісах, якія Расея перадала нямецкаму Чырвонаму Крыжу, меней за палову вязьняў, якія насамрэч загінулі.

Сьпісы вязьняў, якія загінулі ў савецкіх лягерох ў Нямеччыне у 1945 – 1950 гадох, Расея перадала Нямецкаму Чырвонаму Крыжу 15 гадоў таму, але апублікаваныя яны толькі цяпер.

Сёньня ў Бэрліне дырэктар Музэя Бэрлінскай Сьцяны Аляксандра Гільдэбрант і прэзыдэнт нямецкага Чырвонага Крыжа афіцыйна прэзэнтавалі выданьне – 6 тамоў са сьпісамі, якія цяпер будуць даступныя ўсім.

У апублікаваных сьпісах – 43 тысячы чалавек, - столькі імёнаў перадала Расея Чырвонаму Крыжу. Паводле ўраду Нямеччыны, 65 тысяч чалавек загінулі ў савецкіх канцэнтрацыйных лягерох на тэрыторыі Нямеччыны ў 1945 – 1950 гадох. Гісторыкі называюць значна большую лічбу – 180 тысяч загіблых.

Аляксандра Гільдэбрант кажа, што яе муж, пакойны доктар Рэнье Гільдэбрант, які заснаваў музэй у 1963 годзе, займаўся расьсьледаваньнямі і знайшоў імёны блізу 100 тысячаў загіблых вязьняў.

Гільдэбрант: “Я думаю, больш як 43 тысячы чалавек памерлі ў лягерох. Мой муж казаў, што іх было 96 тысяч загіблых – у пэрыяд ад 1945-га да 1950-га гадоў. І чаму цяпер расейцы перадалі нямецкаму Чырвонаму Крыжу імёны толькі 43 тысяч чалавек, я ня ведаю. Мы будзем высьвятляць гэта“.

Да 1990 году ніводная арганізацыя ва Ўсходняй Нямеччыне ня мела права высьвятляць лёсы ахвяраў савецкіх канцлягероў пасьля вайны. Часьцяком былыя канцлягеры на тэрыторыі Нямеччыны пераўтвараліся ў савецкія вайсковыя турмы. Ад 1990 году на іх тэрыторыі выяўленыя тысячы масавых пахаваньняў.

Вязьні былі розных нацыянальнасьцяў, - і немцы, і грамадзяне з краінаў Усходняй Эўропы, а таксама зь Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы ды іншых былых рэспублік СССР. Іх вінавацілі ў падтрымцы Трэцяга Рэйха, і сярод іх насамрэч былі людзі, вінаватыя ў ваенных злачынствах, але бальшыня былі звычайнымі цывільнымі жыхарамі, якія трапілі пад масавыя арышты на тэрыторыях, занятых Чырвонай Арміяй. Але дырэктар кажа, што сьпісы не складзеныя паводле нацыянальнасьці ці краіны паходжаньня, таму што гэта у многіх выпадках немагчыма ўжо высьветліць.

Гільдэбрант: “Гэта складана зрабіць, таму што ўсе імёны вязьняў тады перакладалі на расейскую мову. А калі імёны перадаваліся нямецкаму Чырвонаму Крыжу ў 1992 годзе, іх пераклалі на нямецкую. Можаце сабе уявіць, як гэта усё ускладняе”.

У кнігах імёны і прозьвішчы вязьняў падазеныя паводле альфабэту. Там падаецца таксама нумар кожнага вязьня паводле сьпісаў Чырвонага Крыжа, даты нараджэньня і сьмерці, назва савецкага лягера, дзе яны загінулі. На цяперашні момант, пакуль не плянуецца зьмясьціць імёны вязьняў у інтэрнэце.
XS
SM
MD
LG