Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – Дзень салідарнасьці


Любоў Лунёва, Менск Актывісты моладзевага дэмакратычнага руху адзначаюць сёньня Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі і сем’ямі зьніклых. У розных раёнах Менску і ў рэгіёнах вывешваюцца расьцяжкі і партрэты палітвязьняў.

Дэмакратычная супольнасьць у замежжы выказвае ў гэты дзень салідарнасьць зь беларускімі палітвязьнямі і тымі, хто намагаецца змусіць улады даць адказ пра лёс выкрадзеных палітыкаў, бізнэсоўцаў і журналіста Зьмітра Завадзкага.

Актывісты незарэгістраваных дэмакратычных моладзевых арганізацый галоўнай мэтай кароткачасовых акцый называюць больш шырокае інфармаваньне грамадзтва аб палітычнай сытуацыі ў краіне. Гаворыць актывістка незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Наста Палажанка:

Палажанка: “Шмат маленькіх акцый робіцца маленькімі групамі па ўсім горадзе, па ўсёй краіне. Гэта дапамагае пазьбегнуць масавых акцый, масавых затрыманьняў, масавых рэпрэсій. І тым самым спрыяе больш шырокаму распаўсюду інфармацыі пра палітычную сытуацыю. Каб людзі ведалі, што ёсьць такая праблема – праблема палітвязьняў. І каб людзі вучыліся быць салідарнымі”.

Дзень салідарнасьці адзначаецца пятнаццаты раз. Раней арганізатары акцыі Ірына Халіп, Мікіта Сасім і Ірына Красоўская заклікалі грамадзян у 16-ы дзень кожнага месяца а 8-й вечара на 15 хвілін пагасіць у доме сьвятло і запаліць на вокнах сьвечкі. Пазьней акцыі ладзілі на Кастрычніцкай плошчы, каля расейскай амбасады і ў цэнтры сталіцы. Зь цягам часу моладзевыя актывісты сталі праводзіць акцыі незалежна ад арганізатараў, якія самі тлумачаць, што насамрэч толькі прапанавалі ідэю.

Беларускія студэнты, што вучацца ў замежжы, 16-га ставяць сьвечкі і партрэты зьніклых і палітвязьняў насупраць будынкаў беларускай амбасады. Некалькі дэпутатаў латыскага парлямэнту рабілі прабег на знак салідарнасьці зь беларускай апазыцыяй. Студэнты Тартускага ўнівэрсытэту тройчы раздавалі мінакам інфармацыйныя ўлёткі пра сытуацыю ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG