Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На беларускіх прадпрыемствах складанасьці ад росту коштаў на энэрганосьбіты


Валер Каліноўскі, Менск Пакуль гандлёвы канфлікт між Беларусьсю і Расеяй доўжыцца ў спрэчках наконт паставак беларускага цукру, скасаваньня іншых узаемных перашкод у гандлі, прадпрыемствы і банкаўскі сэктар Беларусі адчуваюць першыя цяжкасьці працы ў новых эканамічных умовах. Ад новага году многія банкі спынілі крэдытаваньне прадпрыемстваў, а нафтаперапрацоўчыя заводы просяць зьменшыць падаткавы цяжар.

Беларуска-расейскае пагадненьне аб новых умовах гандлю нафтай паставіла ў складанае становішча расейскія кампаніі, якія давалі сваю прадукцыю для перапрацоўкі на беларускія НПЗ. Цяпер яны двойчы будуць абкладацца мытам: у расейскі бюджэт 53 даляры за тону за пастаўленую ў Беларусь нафту і звыш 100 даляраў у беларускі бюджэт за продаж на Захад сьветлых нафтапрадуктаў.

Паводле інфармацыі газэты “Коммерсантъ”, расейскія нафтавыя кампаніі, якія працуюць на беларускім рынку, пакуль не падпісалі кантрактаў на пастаўку так званай давальніцкай сыравіны ў Беларусь. Гэта пагражае поўнай загружанасьці беларускіх НПЗ.

Тым часам агенцтва “Інтэрфакс” са спасылкай на намесьніка генэральнага дырэктара “Нафтану” Мікалая Каўбасенку паведаміла, што беларускія НПЗ зьвярнуліся ва ўрад з прапановамі наконт зьмяншэньня падаткаў і акцызаў на нафтапрадукты, каб зрабіць больш выгоднай перапрацоўку нафты ў новых умовах. Сам спадар Каўбасенка не пацьвердзіў гэтай інфармацыі:

Каўбасенка: “Пакуль мы нікуды не зьвярталіся”.

Тым ня менш, начальнік аддзелу эканомікі “Нафтану” Валеры Лапін пацьвердзіў, што яны шукаюць магчымасьці для рэнтабэльнай працы ў новых умовах:

Лапін: “Цяпер вядзецца такая праца. Але я ня маю права даваць нейкія тлумачэньні ці інтэрвію”.

У Мінэканомікі Беларусі таксама пакуль не камэнтуюць інфармацыі аб магчымым зьмяншэньні акцызаў на нафтапрадукты. Цяпер акцызы на высокаактанавыя бэнзыны складаюць больш за 400 даляраў за тону.

Тым часам, як паведаміла “Свабодзе” супрацоўніца аднаго з банкаў, менскія прадпрыемствы адчулі недахоп крэдытаў.

Супрацоўніца: “Крэдытаваньне ў нас увогуле цяпер прыпынена. Цалкам. Мы заходзім у аддзел і напісана: “Крэдытаваньне забаронена”. Усе ссудныя рахункі заблякаваны ў нашым цэнтральным банку. Пакуль нам даюць дазвол толькі на зарплату”.

Былы кіраўнік “Амкадору” Васіль Шлындзікаў мяркуе, што гэта часовая з’ява: затрымкі ж крэдытаваньня бывалі й раней. Паводле ягонай думкі, прадпрыемствы і банкаўская сыстэма Беларусі яшчэ не адчулі новых тарыфаў на энэрганосьбіты, бо не плацілі па новых коштах.

Спадар Шлындзікаў лічыць, што адзінае выйсьце для прадпрыемстваў -- не банкаўскія крэдыты, а падвышэньне цэн на сваю прадукцыю. Але частка прадпрыемстваў пры гэтым ня змогуць знайсьці пакупніка, які заплаціў бы паводле падвышанага кошту:

Шлындзікаў: “Паскорыцца працэс дэіндустрыялізацыі, які, уласна кажучы, адбываецца й цяпер. Пацерпіць камандная эканоміка. А што да грамадзтва, то яно пацерпіць няшмат. Таму што палова гэтых прадпрыемстваў – стратныя й цяпер”.
XS
SM
MD
LG