Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ заяўляе, што спэцслужбы Беларусі змагаюцца супраць незалежніцкіх сілаў


Алег Грузьдзіловіч, Менск У штаб-кватэры БНФ адбылася прэсавая канфэрэнцыя, падчас якой кіраўнікі партыі падсумавалі свой удзел у мясцовых выбарах. Адной з тэмаў размовы стала ўмяшаньне ў выбарчую кампанію беларускіх спэцслужбаў.

“Цалкам недэмакратычнымі” назваў мінулыя выбары лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка. Паводле яго, выбары і не маглі быць іншымі ва ўмовах, калі ўлады выкарыстоўваюць сыстэму запалохваньня ды фальсыфікацый, апрабаваную падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў.

Паводле Вінцука Вячоркі, у кампанію зноў умешваліся беларускія спэцслужбы. Старшыня партыіі БНФ падаў за прыклад арышты Алеся Каліты і Сяргея Салаша, затрыманьні Паўла Краўчанкі, Насты Аляксандровіч ды іншых актывістаў БНФ, спробы вярбоўкі супрацоўнікамі КДБ дэмакратычных актывістаў зь ліку студэнтаў. “Гэтыя дзеяньні ўчыняюць шкоду незалежнасьці Беларусі”, – лічыць спадар Вячорка.

Вячорка: “Гэта паказвае, што спэцслужбы, якімі камандуе Аляксандар Лукашэнка, замест таго, каб бараніць нашу незалежнасьць ад вельмі сур’ёзных праблем, змагаюцца супраць незалежніцкіх сілаў. Супраць незалежніцкай сілы, якой ёсьць партыя БНФ, і гэтым паслабляюць здольнасьць краіны гэтую незалежнасьць адстойваць. Тады ўзьнікае пытаньне: на каго яны працуюць?”

Вінцук Вячорка спаслаўся на арыштаванага актывіста Алеся Каліту, які падчас затрыманьня пачуў пра існаваньне нейкага таемнага “сьпісу №2 “. Лідэр БНФ не выключае, што ў спэцслужбаў ёсьць і іншыя сьпісы, каб мэтанакіравана праводзіць рэпрэсіі супраць незалежніцкіх сілаў.

Ад імя моладзі БНФ Ільля Богдан зрабіў адмысловую заяву ў сувязі з рэпрэсіямі супраць маладых актывістаў партыі.

Богдан: “Мы будзем законна адстойваць нашы канстытуцыйныя правы і інтарэсы, абскарджваць дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі і КДБ у выпадках незаконнага ціску на сябраў моладзі партыі БНФ”, -- заявіў Ільля Богдан. Моладзь БНФ заяўляе таксама, што й далей будзе “займацца пашырэньнем ідэяў свабоды, незалежнасьці і адраджэньня”.

У КДБ Беларусі заявілі, што супрацоўнікі КДБ ня ўмешваліся ў выбарчую кампанію.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG