Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адрэагавала апазыцыя на нафтагазавую вайну?


Удзельнікі: журналіст газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі і палітычны аналітык Уладзімер Мацкевіч Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 12 студзеня

Валер Карбалевіч: “Канфлікт між Беларусьсю і Расеяй па газавых і нафтавых пытаньнях выклікаў вялікі водгук у грамадзтве, аказаўся ў цэнтры грамадзкага жыцьця. Нават людзі, якія мала цікавяцца палітыкай, уважліва сочаць за хадой перамоў. Прычым, гэты крызыс беларуска-расейскіх дачыненьняў адбываўся якраз падчас выбарчай кампаніі. Здавалася б, апазыцыя магла эфэктыўна выкарыстаць такую сытуацыю. Але што адбылося насамрэч?

Ці не падалося вам, што апазыцыя, па-першае, вельмі слаба зрэагавала на праблему, што паўстала ў цэнтры ўвагі грамадзкасьці. І па-другое: як высьветлілася, апазыцыя ня мае адзінага погляду на гэтае пытаньне. Розныя сілы па-рознаму камэнтавалі сытуацыю. Мілінкевіч праводзіць такую лінію, што пераход на рынкавыя дачыненьні паміж краінамі, які абвясьціла Расея, – нармальна і правільна. Лідэр Партыі БНФ Вячорка заняў пазыцыю, якую можна сфармуляваць так: “Бацькаўшчына ў небясьпецы. Усе на абарону Радзімы!” Палітрада АГП выступіла з заявай, зь якой зразумець стаўленьне партыі да праблемы цяжка. Зразумела толькі, што АГП супраць продажу паловы “Белтрансгазу” расейскай газавай кампаніі, а таму Лукашэнка, зь іх перакананьня, праводзіць няправільную палітыку. Ці падзяляеце вы меркаваньне, што ў апазыцыі няма ўзгодненай, дакладна сфармуляванай і зразумелай электарату пазыцыі? Калі так, то чаму?

Паўлюк Быкоўскі: “Гэта так. Бо ў нас апазыцыя ў ідэалягічным сэнсе розная. Я прысутнічаў на прэсавай канфэрэнцыі Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, і там прагучалі розныя думкі. Вячорка казаў, што гэта выклік беларускай незалежнасьці. Іншыя ж і меркаваліся па-іншаму.

Сп. Бухвостаў, да прыкладу, прапанаваў прыняць агульную заяву. Мінулай суботай яна зьявілася. Але дакладная пазыцыя апазыцыі там таксама незразумелая. Аднак гэта ёсьць адлюстраваньнем нашай рэчаіснасьці”.

Уладзімер Мацкевіч: “Пра тое, што ў канцы 2006 году ўзьнікне праблема з новымі цэнамі на газ і нафту, было вядома даўно. Але апазыцыя абмяркоўвала ня сутнасьць канфлікту між Беларусьсю і Расеяй. Яна абмяркоўвала наступствы гэтага павышэньня цэнаў, у выніку якога мусіць адбыцца паніжэньне ўзроўню жыцьця, сацыяльнае напружаньне, а гэтым, маўляў, можна скарыстацца для зьмены рэжыму. Такія ўтапічныя чаканьні зрабілі апазыцыю закладніцай уласнага падыходу. Таму ў яе й няма пазыцыі на конт гэтага пытаньня. А таксама замінае й рознасьць ідэалёгій”.

Карбалевіч: “Можа, такая сытуацыя мае аб’ектыўныя прычыны? Падчас вайны крытыка сваіх уладаў заўсёды небясьпечна для апазыцыі. Бо яе лёгка тады абвінаваціць у здрадніцтве, палітыцы паразы свайго ўраду, што, дарэчы, і робяць сёньня дзяржаўныя мэдыі”.

Быкоўскі: “У пэўнай ступені так яно й ёсьць. Таксама важным чыньнікам зьяўляецца тое, што апазыцыя ня мае магчымасьці нармальнай камунікацыі з насельніцтвам. А раз няма камунікацыі, няма пытаньняў, дык няма й патрэбы на іх адказваць. Вось сустрэліся з журналістамі -- і мусілі адказваць. Хоць цяпер і перадвыбарчы пэрыяд, але я ня бачу актыўнай апазыцыйнай кампаніі”.

Мацкевіч: “Тут я займу пазыцыю равіна з анэкдоту і скажу, што абодва вы маеце рацыю. Але й я маю рацыю, калі кажу, што апазыцыя запраграмавана чакаць наступстваў павышэньня цэнаў. Таму займае такую пазыцыю чаканьня.

Але з прычыны слабасьці нашай аналітыкі ніхто не чакаў некаторых наступстваў гэтай цэнавай вайны. Напрыклад, тое, што Беларусь патрапіла ў цэнтар увагі ўсясьветных мэдыяў”.

Карбалевіч: “А якой магла б выявіцца пазыцыя апазыцыйных сілаў і падчас гэтага крызысу, і пасьля завяршэньня нафтагазавай вайны? Які мэсэдж, якую праграму маглі б вылучыць апанэнты рэжыму?”

Быкоўскі: “Калі разглядаць ня тую сытуацыю, што цяпер ёсьць у Беларусі, а нейкую ідэальную мадэль, у якой апазыцыя зьяўляецца сыстэмнай сілай, то апазыцыя магла б зьвярнуць увагу грамадзкасьці да наступных пытаньняў.

Трэба было патрабаваць шырокага грамадзкага абмеркаваньня пазыцыі Беларусі на перамовах з Расеяй па цэнах на газ і нафту. Бо раз у выніку крызысу ўзрасьлі ўсясьветныя кошты на нафту, то можна было паставіць пытаньне: а ці ня штучна Беларусь і Расея стварылі гэты крызыс, каб атрымаць прыбытак? І няхай улады апраўдваюцца.
XS
SM
MD
LG