Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я думаю, што Лукашэнка сам напіша заяву аб адстаўцы”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за аўторак, 16 студзеня. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды" 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22-24.

Анатоль Заліваеў, мастак: “Я калісьці быў заснавальнікам гасьцёўні Галубка. Я б хацеў пагаварыць не з кампутарам, а з жывым журналістам. Мой хатні тэлефон 255 84 04”.

Зіноўеў: “А колькі беларусаў цяпер у расейскіх турмах, і ці ёсьць скаргі ад іх у Хэльсынскі камітэт і на што? Дзякуй”.

Спадар: “Паважанае Радыё Свабода! Да Вас у мяне два пытаньні. Першае, чаму не праводзіцца збор подпісаў аб правядзеньні рэспубліканскага рэфэрэндуму аб адмене ганебнага ўказу аб татальнай абавязковай кантрактацыі ўсіх працоўных. Мы лічым, што больш за 90 % працоўных выкажацца за адмену гэтага ўказу. Другое пытаньне. Чаму не арганізавана радыёвяшчаньне на ўльтракароткіх ці FM-дыяпазоне, бо ў большасьці моладзі радыёпрыймачы менавіта на гэтых дыяпазонах. А для Горадні і Берасьця гэта ня цяжка, бо яны знаходзяцца амаль на мяжы з Польшчай. А прэм’ер Польшчы яшчэ ў кастрычніку 2005 году абяцаў наладзіць такое вяшчаньне да сакавіка 2006 году, але дагэтуль яно ня зроблена. Гэта ж у дзесяткі разоў таньней, чым сатэлітарнае вяшчаньне. Дзякуй за ўвагу”.

Сталы слухач: “Ня ведаю, якое гэта было радыё, але здаецца BBC. І яны таксама кажуць: “У Лукашэнкі засталіся лічаныя дні”. Раскажыце, як гэтыя дні будуць канчацца, якім чынам. Не майце ілюзіяў. Абіраюць Лукашэнку не Амэрыка, не Расея, абірае беларускі народ. Як жа яны могуць быць лічанымі? Наадварот, з кожным днём усё лепш. Тут вынікі бачныя. Я бяру хоць адзін прыклад: сельская гаспадарка. Гэта ж ня дробязь. А там пражывае большасьць насельніцтва. ( 27, 6 % сельскага насельніцтва ў 2005 годзе па дадзеным Міністэрства статыстыкі і аналізу РБ – рэд.) Раскажыце ж, Ваша ж радыё таксама такое перадае. Няхай любы адкажа”.

Спадар: “Добры вечар, “Свабода”. На жаль, не магу назваць сваё прозьвішча, таму што яшчэ працую, не на пэнсіі, як некаторыя Вашы слухачы. Вось такая навіна. Толькі што прыйшоў з працы і слухаў па Берасьцейскай вобласьці вынікі выбараў. Дык аказалася, што нават не прайшоў праз гэтае “народнае сіта” былы старшыня сельскага савету і яшчэ некалькі кандыдатаў ад улады. Гэта сьведчыць пра тое, што, якім бы ня быў ціск, але дзе-нідзе народ усё ж сваё слова сказаў, як бы таго не хацелася ўладзе. І гэты аргумэнт на карысьць таго, што, маўляў, некаторыя кажуць, што ад нас нічога не залежыць, што ўжо ўсё перадвызначана. Калі ласка, зьвярніце на гэта ўвагу, таму што я не маю магчымасьці добра праслухаць гэтую берасьцейскую радыёстанцыю дзяржаўную. Усяго найлепшага”.

Ларыса, Менск: “Вось прайшлі выбары ў мясцовыя саветы. Па адказам Ярмошынай усё адбылося паводле Закону аб выбарах, усё было прыстойна. Але ж калі паслухаеш апытаньні на вуліцах гарадоў, то сам бачыш, што большасьць насельніцтва, асабліва сярод моладзі, нават не хадзілі на выбары, бо расчараваліся. А людзі старэйшага ўзросту ішлі ўжо па інэрцыі і нават ня ведалі, за каго галасаваць. Ім усё роўна, яны кажуць, што нічога ня зьменіцца. Але калі слухаеш “Свабоду,” дык вельмі зьдзіўляешся той акалічнасьці, што суцэльныя затрыманьні і нейкае судзілішча тых, хто з нейкіх прычынаў хацелі ўплываць на выбары, каб яны былі найбольш празрыстымі. Актывісты ўсе, як адзін, асуджаныя за дробнае хуліганства. Аб чым думаюць праваахоўныя органы? Што будзе далей? Як мы будзем жыць у гэтых умовах, калі ўсё затрымліваюць і затрымліваюць гэтых людзей?”

Спадар, Слуцак: “Добры вечар. Ня буду пералічваць, у якіх палітычных акцыях і мерапрыемствах удзельнічаў, колькі давялося пакутаваць мне і маёй сям’і ад кіроўнага рэжыму. На гэта патрэбна шмат часу. За 8 год працы ў партыі Мікалая Статкевіча БСДП “Народная Грамада” ня здрадзіў нашым агульным інтарэсам і ня бегаў ад кармушкі да кармушкі. На апошніх выбарах прымаў актыўны ўдзел у камандзе адзінага кандыдата, за што і заплаціў чарговым разам – быў звольнены з працы. Па дапамогу зьвярнуўся ў Камітэт аказаньня дапамогі звольненым з працы і выключаным з ВНУ. Іна Кулей і Ала Кароль запэўнілі мяне і майго сына, што ў першую чаргу будзе аказана матэрыяльная дапамога, адным зь першых будзе працаўладкаваны ў Польшчы, а нашы дзеці будуць вучыцца ў лепшых унівэрсытэтах Эўропы. Мой сын Дзяніс Балакір з шостай клясы займаецца палітыкай, кіруе слуцкай арганізацыяй “Маладога Фронту,” зьведаў арышты і іншыя пакараньні, удзельнічаў у падзеях на плошчы Кастуся Каліноўскага і гэтак далей. Чакаем выкананьня тых абяцаньняў да гэтага часу. Хаця б кропельку спагады. Вельмі добра, што пацярпелыя выехалі вучыцца і працаваць за межы нашай краіны, але туды паехала і шмат такіх, якія адседжваліся ў кустах. Гэта дзеці, родныя і знаёмыя выбраных. Натуральна, не за прыгожыя вочы яны туды трапілі. “Кінулі” нас чарговым разам, а “гарматнае мяса” засталося тут. Калі ў гэтай камісіі даведаліся, што на Другім Кангрэсе дэмакратычных сілаў я зьбіраюся выступіць, расказаць гасьцям і дэлегатам Кангрэсу пра тое, як зь мяне зьдзекаваліся, мне патэлефанавала Ала Кароль і прапанавала паехаць…”

Анастас Семяновіч: “Шаноўнае спадарства Радыё Свабода, добры дзень. Таварышы дэмакраты, Анатоль Лябедзька, Вячаслаў Вячорка і іншыя, мы Вам прапаноўвалі байкатаваць выбары лукашыстаў, пакуль ня будзе зьменены выбарчы закон, калі ўсе выбарчыя камісіі, як мінімум, 50 на 50 % павінны складацца з дэмакратаў і адміністрацыі, адмененае датэрміновае галасаваньне. Вось ваш вынік. Абралі толькі 10-20 чалавек на ўсю родную Беларусь. Вы зараз хочаце правесьці Кангрэс дэмакратычных сілаў. Я Вам кажу: не займайцеся дзіцячым лепетам! Ён нічога не вырашае, акрамя таго, што Вам хочацца стаць адзіным, то бок заняць месца спадара Мілінкевіча. Яго прызнаў практычна ўвесь сьвет, акрамя Расеі. Сёньня галоўная задача – рыхтавацца да абраньня прэзыдэнта. Я думаю, што Лукашэнка сам напіша заяву аб адстаўцы. Расея яго даб’е, а таксама жабрачы народ у бліжэйшы час. Дадзены момант нельга прапусьціць. На гэтую пасаду будзе вельмі шмат жадаючых. Мафіёзная Расея будзе старацца паставіць свайго лукашыста, як ва Ўкраіне. Вось над чым трэба тэрмінова працаваць, і яшчэ раз працаваць. Дзякую за ўвагу”.

Уладзімір Іосіфавіч Пятровіч, в. Мазуршчына, Глыбоцкі р-н, Менская вобл.: “Дарагое Радыё Свабода! Я Ваш сталы слухач, я Вашы перадачы вельмі паважаю і люблю. У мяне просьба. Таталітарныя ўлады забралі ў мяне дачку без прычыны і пагражаюць адабраць бацькоўства. Яна кажа, мы яе б’ем. Я Вас прасіў раней. Гэта часовы дом прытулку: вул. Паўночная, 13 горад Салігорск. Там знаходзіцца мая дачка Карына Ўладзіміраўна, ёй 9 год. Нумар тэлефона такі: 249 18. Дапамажыце ў гэтай справе. А наконт таго, што лукашысты Вам тэлефануюць і кажуць нешта. Лепш бы ім забараніць да Вас тэлефанаваць, таму што моташна іх слухаць, лукашыстаў гэтых, каб у Беларусі не было ніколі дэмакратыі. Дарагое Радыё Свабода, дапамажыце мне забраць маю дачку”.
XS
SM
MD
LG