Лінкі ўнівэрсальнага доступу

El Pais: “Фідэль Кастра ў цяжкім стане”


Радыё Свабода Як паведамляе гішпанская газэта El Pais, стан здароўя прэзыдэнт Кубы Фідэля Кастра цяжкі. Ён знаходзіцца ў шпіталі ўжо некалькі месяцаў. Фідэль Кастра кіруе Кубай ад 1959 году. За гэты пэрыяд у ЗША зьмяніліся дзевяць прэзыдэнтаў. Увесь гэты час Злучаныя Штаты ажыцьцяўлялі блякаду Кубы.

Гішпанская газэта цытуе супрацоўнікаў мадрыдзкага шпіталя "Грегорыа Маранон", якія гавораць, што Фідэлю Кастра зрабілі некалькі няўдалых апэрацый. Цяпер ён пакутуе на вострую інфэкцыю кішэчніка.

Начальнік хірургічнага аддзяленьня шпіталю Хасэ Луіс Гарсіа Сабрыда рабіў абсьледаваньне прэзыдэнта Кастра ў Гаване ў сьнежні летась. Тады ж са спасылкай на гішпанскіх лекараў зьявіліся паведамленьні пра тое, што кубінскі лідэр папраўляецца. Як сказаў адзін з лекараў, у Кастра не было ракавай хваобы, і не было патрэбы ў новай апэрацыі. Лекар, аднак, не раскрыў прыроду яго захворваньня.

Паводле карэспандэнта BBC у Гаване, на Кубе пра пагаршэньне стану здароўя Кастра нічога не паведамлялася.

Летась у ліпені Фідэль Кастра часова перадаў ўладу брату Раўлю. Тады ж прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заклікаў кубінцаў працаваць дзеля дэмакратычных пераменаў і паабяцаў падтрымку Вашынгтона тым кубінцам, якія спрабуюць “стварыць на Кубе” пераходны ўрад, прыхільны да дэмакратыі”.
XS
SM
MD
LG