Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах паставяць помнік без дапамогі ўладаў


Галіна Абакунчык, Менск Сёлета спаўняецца 70 гадоў пачатку масавых палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. 18 студзеня 1989 году Савет міністраў БССР прыняў пастанову пра ўсталяваньне помніка бязьвінна закатаваным ў Курапатах. Сёлета, праз 18 гадоў пасьля ўрадавай пастановы, помнік будзе ўсталяваны сіламі грамадзкасьці.

Атрымаўшы няўцямны адказы з афіцыйных установаў, Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсіяў вырашыла сама ўсталяваць помнік у Курапатах. Без дапамогі дзяржавы зьявяцца таксама помнікі на месцах масавых забойстваў габрэяў падчас другой усясьветнай вайны.

Грамадзкая супольнасьць “Саюз габрэйскіх арганізацыяў” ушаноўвае памяць ахвяраў генацыду новымі помнікамі і мэмарыяльнымі знакамі цягам апошніх трох гадоў. Сёлета яны зьявяцца на тэрыторыі былога гета ў Менску і Слуцку, на месцы гібелі габрэяў у Віцебску, Мазыры, Давыд-Гарадку – агулам каля 20 мэмарыялаў. Дабрачынная праца праводзіцца сіламі грамадзкасьці і на сродкі прыватных фундатараў. Улады не перашкаджаюць, але і не дапамагаюць ушанаваць памяць закатаваных, кажа кіраўнік арганізацыі Леанід Левін.

Левін: “Бюракратыя вельмі вялікая. Патрэбныя розныя камісіі, дазволы і гэтак далей. Гэта такая марудная справа, што вы і ўявіць сабе ня можаце. Калі расстрэльвалі, тады бюракратыі было значна менш”.

Паводле спадара Левіна, не ўшанаванымі застаюцца яшчэ 150 месцаў масавых забойства габрэяў. Каб іх пазначыць, недзяржаўнай арганізацыі спатрэбіцца яшчэ 10 гадоў. Таксама грамадзкая супольнасьць намагаецца сёлета усталяваць помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Курапатах і парку Чалюскінцаў.

З прапановай выканаць пастанову ўраду і усталяваць помнік у Курапатах, а таксама адкрыць архівы, дасьледаваць гісторыю сталінскіх рэпрэсіяў ды рэабілітаваць ахвяраў, прадстаўнікі грамадзкасьці зьвярталіся ў шэраг вышэйшых уладных структураў. Днямі прыйшоў адказ з Камітэту дзяржбясьпекі і Палаты прадстаўнікоў.

Гаворыць старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Зінаіда Тарасевіч.

Тарасевіч: “Гэта ўсё было вельмі фармальна. З Палаты прадстаўнікоў пішуць, што рэабілітацыя ўжо завершаная. А з КДБ – што гэтая праца праводзіцца. Словам, нешта бязглуздае. Пра садзеяньне там нічога напісана не было”.

Паводле спадарыні Тарасевіч, прадстаўнікі грамадзкасьці таксама зьвярталіся да вышэйшых уладаў з прапановай абвясьціць 2007 год Годам памяці палітрэпрэсаваных, а 29 кастрычніка – Днём памяці. Адказ прыйшоў таксама з Палаты прадстаўнікоў. У ім гаворыцца, што гэтае пытаньне – у кампэтэнцыі кіраўніка краіны.

З нагоды 70-годзьдзя пачатку масавых палітычных рэпрэсіяў, прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці, грамадзкіх і праваабарончых арганізацыяў Беларусі рыхтуюцца прыняць удзел у міжнароднай навуковай канфэрэнцыі, якая адбудзецца 16 чэрвеня. Ініцыятарам яе правядзеньня выступілі праваабаронцы Літвы, а ўдзел прымуць 17 краінаў Эўропы, якія пацярпелі ад камунізму.
XS
SM
MD
LG