Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Леанід Судаленка аспрэчвае афіцыйныя вынікі выбараў?


Радыё Свабода У Гомелі кандыдат у дэпутаты абласнога Савета, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леанід Судаленка аспрэчвае афіцыйныя вынікі выбараў. Ён сьцьвярджае, што выбары ў ягонай акрузе не адбыліся. Тым часам, паводле афіцыйных вынікаў, у Гомельскай вобласьці выбары не адбыліся ў чатырох акругах: па адным дэпутаце не абрана ў Буда-Кашалёўскі і Жыткавіцкі раённыя Саветы, а таксама ў Мікуліцкі ды Акцябарскі сельскія Саветы.

Аднак назіральнікі і дэмакратычныя кандыдаты ў дэпутаты сьцьвярджаюць, што гэта ня ўся арытмэтыка вынікаў выбараў.

У абласным цэнтры ў Валгаградзкай выбарчай акрузе №14 кандыдатам у дэпутаты аблсавету балятаваўся юрыст, сябра АГП Леанід Судаленка. Ён сьцьвярджае, што выбары ў ягонай акрузе таксама не адбыліся:

Судаленка: “На пяці выбарчых участках мае давераныя асобы й назіральнікі ад АГП кантралявалі выбары. І такая атрымліваецца арытмэтыка. Праўладныя камісіі сьцьвярджаюць, што на гэтых участках агулам узялі ўдзел у галасаваньні шэсьць з паловай тысяч выбарцаў, а назіральнікі падлічылі, што ўсяго – 3912. Якім чынам на гэтых участках дадаткова зьявіліся дзьве з паловай тысячы чалавек, можна толькі здагадвацца. Цяпер я разумею, чаму дэмакратычных прадстаўнікоў не ўключалі ў склад выбарчых камісіяў. Вынікі выбараў проста падтасоўвалі”.

Старшыня Валгаградзкай акруговай выбарчай камісіі Тамара Грышчанка сьцьвярджае, што назіральнікі ў дзень выбараў нічога не заяўлялі ні ва ўчастковыя, ні ў акруговую камісію. Калі паступіць скарга, камісія, канешне, будзе разьбірацца.

Скаргу на прызнаньне выбараў у 14-й акрузе несапраўднымі Леанід Судаленка накіраваў учора па пошце ў абласную выбарчую камісію.

Назіральнікі, у сваю чаргу, падалі заявы ва ўчастковыя й гарадзкую выбарчыя камісіі з патрабаваньнем пералічыць вынікі выбараў на пяці ўчастках (№№ 32, 37, 38, 39, 41) Савецкага раёну Гомеля, якія ўваходзілі ў Валгаградзкую выбарчую акругу.

Пра неадпаведнасьць рэчаіснасьці колькасьці выбарцаў, якія ўзялі ўдзел у галасаваньні, сьцьвярджаюць назіральнікі і давераныя асобы кандыдата ў дэпутаты Гомельскага гарадзкога Савету, сябра ПКБ Марыі Багдановіч. Яна балятавалася ў Бранскай выбарчай акрузе №40 і, так бы мовіць, дзеля экспэрымэнту не зьняла сваю кандыдатуру з выбараў.

Дарэчы, гэтаксама паступілі і некаторыя сябры АГП – Марат Афанасьеў і Вадзім Бажкоў са Жлобіну, Аляксей Маневіч з Калінкавічаў.

Гаворыць каардынатар назіральнікаў, кіраўнік абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

Палякоў: “Нашы кандыдаты атрымалі ад двух да дваццаці адсоткаў падтрымкі выбарцаў. Калі ўлічыць тое, што колькасьць выбарцаў, якія ўзялі ўдзел у галасаваньні, прыкладна ўдвая завышана, то атрымліваецца, што нашы кандыдаты атрымалі каля 30-40 адсоткаў. Гэта станоўчы вынік. І я лічу, што мы, як аб`яднаная дэмакратычная кааліцыя, маем падтрымку ў грамадзтве”.
XS
SM
MD
LG