Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паркет павязуць праз унікальныя пойменныя дубровы


Радыё Свабода На тэрыторыі дзяржаўнага нацыянальнага парку “Прыпяцкі” праклалі новую грунтавую дарогу даўжынёй 9 кілямэтраў. Дарога праходзіць праз унікальныя пойменныя дубровы і мае на мэце злучыць ахоўную тэрыторыю парку і мястэчка Ляскавічы, дзе знаходзіцца паркетны завод. Некалькі год таму зона дуброваў лічыліся запаведнай. Цяпер тут дазволена гаспадарчая дзейнасьць.

Частка нацыянальнага парку “Прыпяцкі” з дубровамі сёньня зьяўляецца так званай “зонай рэгуляванае дзейнасьці”. Паводле інфармацыі ад грамадзкіх актывістаў з Турава, загадам генэральнага дырэктара нацыянальнага парку Сьцяпана Бамбізы ад 15 чэрвеня 2005 году чатыры кварталы пойменнага лесу выведзены з запаведнага рэжыму дзеля, як напісана, “упарадкаваньня дзейнасьці”. Намесьнік дырэктара па навуцы Прыпяцкага нацыянальнага парку Анатоль Углянец лічыць тое цалкам мэтазгодным.

Анатоль Углянец: “Паводле нашае заяўкі Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт распрацаваў новае занаваньне тэрыторыі – у зьвязку з тым, што гэта цяпер не запаведнік, а нацыянальны парк. Розныя статусы, розныя задачы. Тым больш – столькі часу прайшло, там цяпер зона дзеяньня нафтаправоду”.

На думку Анатоля Углянца, лес на колішняй запаведнай тэрыторыі не зьяўляецца каштоўнасьцю.

Анатоль Углянец: “Расла дуброва. Яна высахла. На яе месцы зьявіўся беразьняк, так званы вытворны тып лесу. Ці альхоўнік... Прычына ў парушэньні гідралягічнага рэжыму ракі Прыпяць – шырокамаштабная мэліярацыя і гэтак далей”.

Колішняя супрацоўніца Прыпяцкага запаведніку, біёляг Іна Зеніна, лічыць: перагляд статусу запаведных зонаў зроблены адмыслова пад гаспадарчыя мэты.

Іна Зеніна: “Здаецца, у 2005 годзе была Рэспубліканская навуковая канфэрэнцыя... І той самы Углянец прадставіў увазе ўдзельнікаў свой артыкул навуковы, прысьвечаны ўнікальнасьці і каштоўнасьці гэтых пойменных дуброваў. І тут праходзіць год-два, і ён заяўляе пра іх бессэнсоўнасьць! Як так? Прынцыпова важна, што яны зьмянілі зону. На якой падставе? Дзе тады нейкія рэкамэндацыі навукоўцаў? Яны што, навуковы савет правялі адмысловы? Высахлі, вымаклі... Гэтак можна ўвесь запаведнік скасаваць, калі лічыць гэта за прычыну. А запаведнік – гэта ня толькі назапасіць рарытэтаў і ахоўваць іх як у музэі – сэнс у тым, што няма гаспадарчай дзейнасьці – ідзе толькі працэс прыродны. І менавіта гэта замінае некаторым катастрафічным зьменам”.

Гаварыла Колішняя супрацоўніца дзяржаўнага нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, біёляг Іна Зеніна.

Прыпяцкі ландшафтна-гідралягічны запаведнік быў створаны ў 1969 годзе і займаў каля 60 тысячаў гектараў. Пад юрысдыкцыю Кіраваньня справамі прэзыдэнта трапіў у жніўні 94-га. Пазьней гэтая тэрыторыя атрымала назву "экспэрыментальная леса-паляўнічая гаспадарка Ляскавічы». Указам прэзыдэнта ў 1996 годзе статус запаведніка быў зьменены на нацыянальны парк. Гэта дазволіла весьці ў лясох гаспадарчыя працы. У Ляскавічах месьціцца паркетны завод.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG