Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня – Дзень салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьняў


Любоў Лунёва, Менск Гэты дзень адзначаецца кожны месяц ужо больш за год. У Беларусі ды іншых краінах адбудуцца традыцыйныя акцыі. Асноўныя ўдзельнікі вулічных акцый – моладзь з дэмакратычнага руху.

Моладзевыя актывісты плянуюць цягам дня ладзіць кароткачасовыя акцыі ў розных месцах Менску і ў рэгіёнах, каб пазьбегнуць масавых затрыманьняў.

Паколькі гэты Дзень салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі прыпаў на пэрыяд, калі студэнты здаюць зімовую сэсію, актывісты моладзевага дэмакратычнага руху вырашылі адмовіцца ад правядзеньня масавай акцыі на Кастрычніцкім пляцы, каб пазьбегнуць затрыманьняў. Сьпісы затрыманых студэнтаў і школьнікаў нават, калі міліцыянты не складаюць адміністрацыйныя пратаколы, накіроўваюць у навучальныя ўстановы.

Гаворыць Павал Андрончык:

Андрончык: “Мы ня будзем выходзіць на Кастрычніцкую плошчу, бо нават учора там было шмат амонаўцаў, супрацоўнікаў КДБ. Там нас адразу затрымаюць. Акцыі будуць адбывацца ў розных месцах Менску. Тады міліцыянты папросту не пасьпяваюць на ўсе гэтыя акцыі”.

Кася Крупіцкая, якая ўдзельнічала ў вясновых акцыях апазыцыі ў часе прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, паведаміла “Свабодзе”, што ў рэгіёнах моладзевыя актывісты таксама будуць ладзіць кароткачасовыя акцыі.

Крупіцкая: “16 студзеня мы адзначым Дзень салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых палітыкаў, журналістаў, з палітвязьнямі і іх сем’ямі. Мы будзем вывешваць расьцяжкі, ладзіць кароткія акцыі па ўсім Менску, а таксама ў рэгіёнах. Гэта будуць флэш-мобы, сьвечкі, партрэты ды іншыя акцыі”.

16 кастрычніка 2005 года адзначылі першы Дзень салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі. Беларускія студэнты, якія вучацца ў Эстоніі, Латвіі, Літве, Украіне, Польшчы, Бэльгіі, Нямеччыне, Чэхіі, ЗША штомесяц ладзяць у 16-ты дзень пікеты каля беларускіх амбасадаў. Яны патрабуюць вызваленьня палітвязьняў і расьсьледаваньня выкраданьня палітыкаў, бізнэсоўца і журналіста Зьмітра Завадзкага. Сёньня пятнаццатая па ліку акцыя. Усе папярэднія не абыходзіліся без затрыманьняў.

Гэтым разам удзельнікі флэш-мобаў спадзяюцца, што новая тактыка кароткачасовых акцый у розных месцах дапаможа ім пазьбегнуць інцыдэнтаў зь міліцыянтамі і нікому не давядзецца правесьці ноч у турме ў чаканьні суду.
XS
SM
MD
LG