Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 15 студзеня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра "самы дурацкі праект Расеі" датычна плянаў пабудовы Паўночна-эўрапейскага газаправоду па дне Балтыйскага мора сталася прадметам актыўнага абмеркаваньня на беларускіх форумах і ў блогах. На форумах парталу Tut.by выказваюцца: "Пасьля новага газаправоду возьмуцца за нафтаправод… таксама ў абыход Беларусі. Пэўна, баяцца расейцы нашай стабільнасьці і квітненьня"; "Мне падабаецца мая краіна, але я абсалютна не прымаю палітыку прэзыдэнта, і тыя мэтады, якімі ён яе рухае. На жаль, за 12 гадоў ён так і ня вырас з кароткіх нагавічак старшыні саўгасу"; "Дзівяць пабуджальныя матывы, якія прымусілі "бацьку" пайсьці на такія недружалюбныя закідоны Маскве"; "Улада і грошы – на дзіва пабуджальныя матывы".

На сайце “Наша Ніва” абмяркоўваюць тэзіс гарадзенца Андрэя Павача, які мяркуе, што Аляксандар Лукашэнка – адзіны ў кіраўніцтве Беларусі, хто дбае пра краіну. Аўтар піша: “Лукашэнка, пры ўсіх "але", па-свойму любіць Беларусь і мае пэўныя прынцыпы. …Самае страшнае ў гэтай сытуацыі тое, што для многіх цяперашніх высокапастаўленых падначаленых Лукашэнкі незалежнасьць Беларусі — гэта ня больш чым пытаньне выгаднай эканамічнай каньюнктуры. …Сыстэма, завязаная на адным чалавеку, якой бы моцнай ні здавалася, неўнікнёна абрынецца".

Водгукі: "Вельмі арыгінальнае цьверджаньне. Любая эканамічная эліта, а карумпаваная – тым больш, зацікаўлена ў падтрыманьні статус кво";

"У чым жа любоў Лукашэнкі да Беларусі, зь якой пачынаецца артыкул?";

"Ці ня бачыце вы, што прычынай тае "любові" ўсяго толькі факт, што гэта максымальна магчымая ўлада, на якую ён можа цяпер разьлічваць. Таму і расьпісваецца ў гатовасьці бараніць яе".

r_a_t__k_i_n_g піша ў сваім сеткавым дзёньніку пра мясцовыя выбары: "І што на гэты раз агучылі назіральнікі? Колькасьць прагаласаваўшых? Колькі ім было выдадзена бюлэтэняў? Агучылі афіцыйныя дадзеныя і зрабілі некалькі здымкаў. Дзеля чаго і што было зроблена? Перамаглі апазыцыйныя кандыдаты. Што яны будуць рабіць з гэтай перамогай? "Гандляваць" пасадай ці за прынцыповасьць за краты. Але зараз можна сказаць (зноў) – апазыцыя ўдзельнічала, некаторыя нават "перамаглі", назіральнікі былі, выбары былі непразрыстымі, і ўсё што магла, апазыцыя зрабіла".

Блогер burbalka скардзіцца, што на вечары Хрысьціянскага адукацыйнага цэнтру выступаў гурт "Джамбібум", але ў інфармацыйных паведамленьнях пра музыкантаў не ўзгадалі. Вечар ладзіўся 11 студзеня ў Інстытуце тэалёгіі БДУ. Некаторыя песьні "Джамбібум" можна спампаваць на сайце гурту.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG