Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Урноў: “Гэта ўжо не рэальная, а іміджавая вайна”


Юры Дракахруст, Масква Апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі камэнтуе прэзыдэнт фонду "Экспэртыза" Марк Урноў.

Дракахруст: "Спадар Урноў, у чым прычына жорсткага выступу Аляксандра Лукашэнкі 14 студзеня? Здавалася, што пасьля падпісаньня нафтавых пагадненьняў усе ўздыхнулі з палёгкай, канфлікт скончыўся. А зараз Лукашэнка нібыта пачынае новы раўнд вайны".

Урноў: "Гэта зараз ужо ня столькі рэальная вайна, колькі вайна іміджавая і слоўная. Лукашэнку трэба паказаць сябе беларускаму народу ня проста чалавекам, які выйграў гэтую барацьбу, але яшчэ прэдамэнстраваць свой гонар і непахіснасьць, і тым самым падтрымаць уласнае рэнамэ. Адступаючы хоць на пару крокаў, хоць на два, хоць на паўкрокі, трэба сказаць нешта жорсткае, што, маўляў, ніхто нас не паставіць на калені, словам, усё, што і было сказана. Гэта чысты піяр, з майго пункту гледжаньня, скіраваны на тое, каб прадэманстраваць уласную круцізну”.

Дракахруст: "А як Вы ацэньваеце заяву кіраўніка Беларусі, што Эўразьвяз і Злучаныя Штаты падтрымалі Беларусь у гэтым канфлікце з Расеяй?”

Урноў: "Гэта такое падмігваньне Расеі, што вы мяне пакрыўдзілі, і я зараз буду пераарыентавацца на Захад. Гэта таксама цалкам натуральны ход. Калі б рэжым быў прыстойны, то Лукашэнка б ужо даўно меў нармальныя сувязі з Захадам. А паколькі рэжым аўтарытарны і рэпрэсіўны, то такіх сувязяў няма. Але папярэдзіць Расею, што ўсё магчыма і што я згуляю на вашых супярэчнасьцях – зразумелая палітычная гульня.

Лукашэнка выдатна разумее, што адзіная ягоная казырная карта – гэта падтрымка Расеі пры ўмове, што на Захад ён ня будзе нават паварочвацца. Калі яго з Расеі пачынаюць ціснуць, узьнікае вобраз Захаду, да якога ён нібыта можа зьбегчы. Але насамрэч Захад яго пры яго цяперашнім іміджы ніколі ня прыме, а любая рэформа, любое аслабленьне палітычнай сыстэмы прывядзе да таго, што рэжым абрынецца. Ён жорсткі, але ня моцны”.

Дракахруст: "Лукашэнка казаў, што калі Расея будзе працягваць ціск, то і Беларусі ёсьць чым адказаць. Якім, на ваш погляд, было б ўзаемнае прад''яўленьне ўсіх магчымых прэтэнзіяў, "зрываньне ўсіх кранаў"?"

Урноў: "Я такога не выключаю, хаця глыбінна ў гэтым не зацікаўлена ані Расея, ані Лукашэнка. Іншая справа, што характар ўзаемаадносінаў такі, што можа прывесьці да любых наступстваў, незалежна ад жаданьняў бакоў. Гэта такі армрэсьлінг з жаданьнем кожнага суперніка ўмацаваць сябе ў якасьці моцнага лідэра. Тады гэта будзе азначаць эканамічную вайну, але гэтая вайна істотна абмежаваная наяўнасьцю Эўропы, якой патрэбны нафта і газ, і якая не дапусціць, каб гэтая разборка закранала паступленьне гэтых рэсурсаў.

Расея вельмі ня хоча далей псаваць свой імідж пастаўшчыка. Лукашэнка выдатна разумее, што калі ён будзе перашкаджаць транзыту, на яго пачнуць ціснуць з абодвух бакоў. Так што ёсьць вонкавыя абмежаваньні, якія не дазволяць давесьці справу да вайны на зьнішчэньне, з блякадамі і ўсім астатнім. Гэта хутчэй будзе абмен словамі.

Іншая справа, што ўсё гэта ўжо завершылася зразумелым вынікам. Саюзнай дзяржавы ня будзе. А гэта і ва ўнутранай палітыцы Расеі звужае кола сцэнароў, бо існаваў сцэнар утварэньня саюзнай дзяржавы, якую мог бы ўзначаліць Уладзімір Пуцін. У часткі расейскай эліты такі сцэнар быў, зараз яго можна лічыць пахаваным”.

Дракахруст: "Лукашэнка падчас свайго выступу сказаў дзьве супярэчлівыя рэчы: па-першае, што незалежнасьць для яго – сьвятое, і ён ніколі яе не аддасьць, а па-другое – што гатовы ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта Расеі. У чым сэнс гэтых заяваў?”

Урноў: "Ён гатовы, таму што разумее, што гэтага ніколі ня будзе. Пры ўсёй папулярнасьці Лукашэнкі ў часткі расейскага электарату, ягоны рэйтынг ніяк не сувымяральны з рэйтынгам Пуціна. Калі будуць праходзіць сумесныя выбары, Пуцін перамагае чыста, у першым жа туры з калясальным разрывам. Да таго ж трэба разумець, які ў Расеі зараз узровень адміністрацыйнага кантролю за выбарамі.

Лукашэнка разумее, што калі будуць выбары, ён прайграе. Але ён разумее таксама, што расейская ўладная эліта перастрахуецца 25 разоў, перш чым такое дапусьціць. І тут можна сьмела казаць: "Ну давайце правядзём! А-а, вы не пагаджаецеся, значыць, вы баязьліўцы!", але гэта не гульня за рэальным картачным сталом, а піяр для ўласнага народу: "Глядзіце, які я сьмелы, што я прапаноўваю, а яны забаяліся".

Дракахруст: "А можа, гэта такая своеасаблівая прапанова Пуціну?"

Урноў: "Мяркую, што не. Такая прапанова абернецца для Лукашэнкі стратай незалежнасьці. А ён на гэта ня пойдзе ніколі. Ён выдатна разумее, што дастаткова Беларусі апынуцца ў адзінай дзяржаве, як ад лідэрства Лукашэнкі на гэтай тэрыторыі праз 3 месяцы не застанецца і памяці. Заўсёды знойдуцца людзі, больш блізкія да крамлёўскай каманды, каб узначаліць гэтую стратэгічна важную тэрыторыю”.
XS
SM
MD
LG