Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія наступствы нафтавай вайны паміж Беларусьсю й Расеяй?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: журналістка газэты “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак, прэзыдэнт незарэгістраванага навукова-дасьледчага Цэнтру Мізеса Яраслаў Раманчук, філёзаф Аляксандар Грыцанаў зь Менску і журналіст Вадзім Дубноў з Масквы.

Валер Карбалевіч: “Беларуска-расейскі канфлікт у нафтавым пытаньні абвастраецца. Спачатку Беларусь увяла мыта на транзыт расейскай нафты, потым пачала несанкцыянаваны адбор нафты з нафтаправоду. У панядзелак беларускія афіцыйныя асобы адмаўлялі факт, што Беларусь крадзе нафту, а ўчора прызналі гэта, але сьцьвярджаюць, што за яе было заплачана. Урэшце Расея ўжо трэція суткі, як перапыніла пастаўкі нафты ў Эўропу. Эўрапейскія краіны выказваюць трывогу, вырасьлі цэны на нафту на ўсясьветных рынках, а акцыі расейскіх нафтавых кампаніяў упалі. Перамовы зайшлі ў тупік, бакі выстаўляюць адзін аднаму ўльтыматум.

Пачнем спачатку. Паводле вэрсіі Лукашэнкі, Беларусь пагадзілася падпісаць ня выгадныя для яе газавыя кантракты толькі таму, што Расея дала згоду перагледзець рашэньне аб увядзеньні нафтавага мыта для Беларусі. І вось, не чакаючы вынікаў новых перамоваў, Менск пайшоў на такія брутальныя дзеяньні. Чым вы можаце патлумачыць гэта?”

Тацяна Манёнак: “Падчас падпісаньня газавых дамоваў прэм’еры дзьвюх краінаў Сідорскі й Фрадкоў вялі перамовы чатыры гадзіны. Гледзячы на інфармацыю, Расея пагадзілася перагледзець рашэньне аб увядзеньні нафтавага мыта для Беларусі. Але ў Расеі былі доўгія калядныя вакацыі, пытаньне завісла. Адсюль такая рэакцыя”.

Вадзім Дубноў: “Я б не назваў дзеяньні Беларусі такімі брутальнымі й нечаканымі. Нафтавы чыньнік існаваў увесь час, пакуль ішлі перамовы пра газ. Беларусь з гледзішча транзыту расейскай нафты зьяўляецца манапалістам, каля 40% яе ідзе празь беларускую тэрыторыю. І Лукашэнка цягнуў час да апошняга, траціць яму не было чаго”.

Яраслаў Раманчук: “Калі б Беларусь сур’ёзна ацаніла намер Расеі памяняць сытуацыю з экспартам нафты ў Беларусь, то яна б пагадзілася на падзел нафтавага мыта ў прапорцыі 60% на 40% на карысьць Расеі. Але ў беларускага кіраўніцтва была дрэнная інфармацыя пра настроі Крамля. Альбо Менск пераацаніў патэнцыял сваіх лабістаў у Маскве.

Цяпер спрэчка стала ўжо не прагматычна-эканамічнай, а палітычнай — і нават псыхалягічнай. Увёўшы свае мыта, Беларусь вырашала шантажаваць Маскву тым, што пацерпіць рэпутацыя Расеі як надзейнага пастаўшчыка энэргарэсурсаў. І такім чынам, задаволіць свае патрабаваньні. Але разьлік Менску апынуўся памылковым.

Калі спраўдзіцца самы чорны сцэнар, Расея ўвядзе мыта на шэраг беларускіх тавараў, то гэта будзе крыж ня толькі на саюзе дзьвюх краінаў, але і на тым сацыялістычным экспэрымэнце, які праводзіцца ў Беларусі”.

Аляксандар Грыцанаў: “Для беларускай эканомікі страта нафтавых грошай значна больш балючая, чым павышэньне цэнаў на газ. Па-другое, пацярпець паразу ў справе нафты для Лукашэнкі азначае згубіць твар. Таму што гэта будзе азначаць разбурэньне псэўдабліскучай беларускай эканамічнай мадэлі. І гэта будзе мець сур’ёзныя наступствы для рэжыму ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве. Гэта апошні бастыён. Таму ў Лукашэнкі не было іншага выбару, як толькі распачаць эканамічную вайну”.

Карбалевіч: “Падаецца, дзеяньні Менску сталі нечаканымі для Масквы. Яны не прагназаваліся расейскімі экспэртамі й палітыкамі. Як толькі Масква аб’явіла, што адмаўляецца ад субсыдыяў беларускай эканомікі, усе расейскія экспэрты казалі, што Лукашэнка загнаны ў кут, прыціснуты да сьценкі, яму няма куды падзецца, як толькі капітуляваць. Але цяпер высьветлілася, што ў беларускага кіраўніка ёсьць такая моцная зброя, якую недаацанілі, — гэта транзыт.

Акрамя таго, у Лукашэнкі ёсьць яшчэ адна перавага перад Расеяй. Калі для Расеі важная яе рэпутацыя ў вачах эўрапейскіх спажыўцоў энэргарэсурсаў, то Беларусі няма чаго губляць. Як кажуць, калі рэпутацыя падарваная, то можна жыць, нічога не саромеючыся. У гэтай сытуацыі, падаецца, Масква выглядае ў пэўным сэнсе разгубленай. Учора камэнтар Пуціна да гэтай сытуацыі можна разглядаць як апраўданьне. Хто ў гэтай сытуацыі ня вытрымае і саступіць?”

Манёнак: “Я б не сказала, што Масква выглядае разгубленай. Але сапраўды — дзеяньні Менску сталі нечаканымі для Масквы. Тыя грошы, якія атрымоўвала беларуская скарбніца за лік акцызаў на нафтапрадукты, дазвалялі ўраду захоўваць сацыяльную скіраванасьць эканомікі, абыходзіцца без рэформаў. Трэба праводзіць сур’ёзныя рэформы ўнутранага рынку нафтапрадуктаў. Трэба зьменшыць падаткі, скараціць падтрымку сельгасвытворцаў.

У выніку скандалу Беларусь атрымала статус ненадзейнага партнэра. Таму ў пэрспэктыве Расея будзе шукаць альтэрнатыўных маршрутаў экспарту нафты. Гэта дрэнна. Бо без паставак расейскай нафты нашы нафтаперапрацоўчыя заводы нікому не патрэбныя”.

Дубноў: “Цяжка казаць, хто выйграў ці прайграў, бо кожная краіна гуляла ў сваю гульню. Лукашэнка цяпер валодае ініцыятывай. Акрамя эканамічных задачаў ён вырашае і палітычныя.

Так, страту “Белтрансгазу” Лукашэнка расцэньвае як асабістую катастрофу. Але ў гэтым пытаньні ён перагуляў Маскву. Бо “Белтрансгаз” выведзены зь перамоўнага пакету, і стварэньне сумеснага прадпрыемства адклалі да 2010 году. Да гэтага часу ён ня раз яшчэ “кіне” сваіх расейскіх партнэраў, што ўжо здаралася.

Ня думаю, што будзе зацятая гандлёвая бітва. Цяпер бакі бразгаюць зброяй. Менавіта такой зброяй зьяўляецца такі нонсэнс, як мыта на транзыт расейскай нафты. Гэты сыгнал Маскве, што Лукашэнка ня спыніцца ні перад чым. Варыянты кшталту стварэньня нейкіх пасярэднікаў, як ва Ўкраіне, тут немагчымыя. Таму што ніякіх пасярэднікаў Лукашэнка ня пусьціць. Калі яму ўдасца ўдала падзяліць нафтавае мыта, то ніякай эканамічнай катастрофы ў Беларусі ня будзе”.

Раманчук: “Зразумела, Расея губляе рэпутацыю, бо не выконвае сваіх абавязкаў перад эўрапейскімі партнэрамі. Але Эўропа адначасова бачыць, што Беларусь парушае фундамэнт эўрапейскага гандлю.

Але паколькі нафты ў Беларусі засталося мала, то яна мае абмежаваны спосаб ціску на перамовах. Таму Лукашэнка адступіць, узновіцца транзыт, перамовы пачнуцца з чыстага аркуша.

Але Расея раззлаваная такім шантажом. Думаю, падзел мыта ў прапорцыі 50% на 50%, як хоча беларускі бок, нерэальны. Лічу, што Расея ўжо паставіла крыж на ўсіх двухбаковых дамовах, саюзнай дзяржаве, мытным зьвязе”.

Грыцанаў: “Крэмль губляе сродкі на сваіх палітычных рахунках. Дасюль Крэмль займаў такую пазыцыю: ёсьць “энфан тэрыбль” Эўропы Лукашэнка, і толькі мы валодаем тэхналёгіяй працы зь ім і выхаваньня яго. Цяпер гэтае “немаўля” вельмі балюча пакусала рэпутацыю Расеі й асабіста Пуціна. Крамлю трэба было прайсьці гэтае выпрабаваньне, каб зразумець, з кім ён дачыняецца”.

Карбалевіч: “Як можна ацаніць пазыцыю Эўропы ў гэтым канфлікце? Год таму, падчас газавага канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай, сымпатыі Захаду схіляліся на бок Кіева. На чый бок цяпер яны схіляюцца?”

Манёнак: “Эўропа найперш клапоціцца пра свае інтарэсы. Дзякуй Богу, што цёплая зіма, і гэтыя перапынкі з пракачваньнем нафты ня так балюча ўдарылі па эўрапейцах.

Але гэтая сытуацыя — урок для Эўропы, якая дамовілася не пра ўсе энэргетычныя пытаньні з Расеяй. Дарэчы, Беларусь падпісала Энэргетычную хартыю, але на знак салідарнасьці з Расеяй не ратыфікавала яе”.

Дубноў: “Лукашэнка гуляе ў бяспройгрышную гульню. Хоць выйгрыш і ня вельмі зразумелы, але лёгіка дастаткова празрыстая. Ён далучаецца да кола дзяржаваў, якія маюць рахункі з Расеяй. Лукашэнка паказвае, што ня толькі ён адзін “жудаснае немаўля” Эўропы, а ёсьць сіла, яшчэ страшнейшая для эўрапейцаў, якая стварае праблемы. І тым самым Лукашэнка ставіць Эўропу ў тупік. І рахункі, якія Захад можа выстаўляць Расеі, будуць большымі, чым для Беларусі”.

Раманчук: “Для Эўразьвязу гэта важны ўрок. Там шмат казалі пра дывэрсыфікацыю, але канкрэтных крокаў у гэтым кірунку не рабілася. І цяперашні крызіс падштурхне Эўропу ў гэтым кірунку.

Акрамя таго, Эўропа яшчэ раз убачыла, што беларускі рэжым ігнаруе міжнародныя дамовы. Увогуле, Захад разглядае гэтую сытуацыю як канфлікт двух аўтарытарных рэжымаў”.

Грыцанаў: “Пакуль Эўропа не ўзгадніла сваёй пазыцыі з ЗША А Злучаныя Штаты раскрытыкавалі і Маскву і Менск. Вось калі яны дамовяцца аб агульных кроках, мы ўбачым агульную пазыцыю Захаду”.

Карбалевіч: “Падаецца, што апошнія падзеі паўплываюць на стаўленьне да Беларусі з боку эўрапейскіх краін. Дасюль Беларусь была для Эўропы толькі гуманітарнай праблемай, дзе парушаюцца правы чалавека. Канфлікт быў толькі каштоўнасны.

Цяпер сытуацыя можа зьмяніцца. Беларусь становіцца крыніцай дэстабілізацыі эканамічных дачыненьняў у Эўропе. Чакалі перапыненьня паставак газу, цяпер спыніўся транзыт нафты. Вядомыя праблемы з канфіскацыяй грузаў у аўтамабільных перавозчыкаў. Напярэдадні новага году Лукашэнка паабяцаў адкрыць мяжу і прапускаць на Захад усіх ахвочых. Ці будуць нейкія наступствы для беларускага рэжыму ад гэтых дзеяньняў афіцыйнага Менску?”

Манёнак: “Ня думаю, што Эўропа прыме цяпер нейкія захады датычна Беларусі. Там зацікаўленыя ў хутчэйшым вырашэньні гэтага канфлікту. Вось Расея пагражае ўвесьці мыта на шэраг беларускіх тавараў. Гэта такі сродак ціску, каб прымусіць Беларусь да саступак. У сьпіс гэтых тавараў увайшлі сельгасмашыны, аўтамабілі. І нафта на беларускіх заводах заканчваецца”.

Дубноў: “Ня думаю, што беларускі рэжым захістаецца ў выніку гэтай вайны. Контуры міру мне бачацца такімі — будзе дасягнуты хісткі балянс у справе газу і нафты, які будзе пры першай магчымасьці пераглядацца.

Лукашэнка будзе асьцерагацца збліжэньня з Расеяй. Дачыненьні паміж дзьвюма дзяржавамі — гэта не саюз вядоўцы і вядзёнага, як шмат каму бачылася. Гэта сымбіёз. А ў сымбіёзе ёсьць свае законы. У нейкім сэнсе Беларусь для Расеі такая ж манаполія, як і Расея для Беларусі. І можна прыпыніць імпарт зь Беларусі тэлевізараў і тканіны, але, напрыклад, беларускія трактары патрэбныя беднай расейскай сельскай гаспадарцы, тут альтэрнатывы няма.

Зьмена будзе адна, але важная. Лукашэнка будзе паступова дыстанцыявацца ад Расеі і ўмацоўваць сувэрэнітэт, як гэта не гучыць сьмешна. І гэта, дарэчы, паставіць у двухсэнсоўны стан апазыцыю. Бо цяпер ёй нічога не застаецца, як прымаць бок Расеі, справядліва вінаваціць Лукашэнку ў тым, што той не правёў рынкавых рэформаў. Але ў вачах беларусаў гэта лёгка падаць як здрадніцтва, што беларускія ўлады і зробяць.

Думаю, рэжым асабістай улады Лукашэнкі ўмацуецца. Але ён урэшце прывядзе краіну да такога стану, што ў крытычны момант яна стане сапраўды “аранжавай”, на зайздрасьць Украіне”.

Раманчук: “Беларускі палітычны рэжым сваімі дзеяньнямі нанес сабе магутны ўдар. Дасюль Расея падтрымлівала Беларусь на міжнародным узроўні, абараняла ад абвінавачаньняў у парушэньні дэмакратыі. Цяпер Расея гэтага рабіць ня будзе. У выніку зьнікненьня расейскага балянсу ціск Захаду на Менск узмацніцца. Беларусь апынецца ў яшчэ большай ізаляцыі.

У самой Беларусі стане больш незадаволеных як сярод грамадзянаў, у якіх узьнікнуць праблемы з цэнамі, заробкамі, так і сярод дырэктарату, намэнклятуры, якая ўбачыць, што Лукашэнка вядзе ў нікуды”.

Грыцанаў: “Я бачу сумныя пэрспэктывы — не для Лукашэнкі, а беларускага грамадзтва. Падобныя рэжымы выжываюць коштам будучых пакаленьняў. Калі Расея пачне шукаць іншых шляхоў экспарту нафты і газу ў Эўропу, то геапалітычная вага Беларусі будзе зьмяншацца. І палітыкам, якія прыйдуць да ўлады пасьля Лукашэнкі, давядзецца плаціць паводле ягоных рахункаў”.

Карбалевіч: “Які лёс праекту “саюзная дзяржава”? Гэта канец, можна ставіць кропку? Ці ўсё яшчэ можна рэанімаваць?”

Манёнак: “З увядзеньнем экспартнага мыта на нафту для Беларусі Расея выйшлі з Мытнага зьвязу, які існуе паміж дзьвюма краінамі. Беларусь ня будзе рабіць крокаў дзеля выхаду з саюзных дамоўленасьцяў, бо ёй гэта ня трэба. Ня зробіць гэтага пакуль і Расея — хоць бы таму, што там пачынаюцца выбарчыя кампаніі. Невыпадкова падчас тэлевізійнага камэнтару Пуцін тлумачыў расейскім грамадзянам, чаму ён вымушаны ісьці на гэтыя захады. І да выбараў новага прэзыдэнта Расеі абодва бакі будуць удаваць працяг інтэграцыі”.

Карбалевіч: “Вы сказалі, што Расея парушыла дамову аб Мытным зьвязе. Але абодва бакі ўжо шмат разоў парушалі гэтую дамову. І сёньня высьветліць, хто зрабіў гэта больш разоў, хто пачаў першым, — немагчыма”.

Дубноў: “Мы яшчэ будзем ня раз чуць, што ствараем саюзную дзяржаву. Асабліва ў перадвыбарчы год гэтая рыторыка будзе працягвацца. Увогуле, гэта дзіўная вайна. Адной рукой Расея ўводзіць мыта, а другой у АБСЭ блякуе абмеркаваньне беларускага пытаньня. Але тое, што цяпер адбылося, — лягічная разьвязка дзесяцігадовай гісторыі. І, думаю, гэтае аб’яднаньня нам больш не пагражае”.

Раманчук: “Саюзная дзяржава — ужо гісторыя. Этап псэўдаінтэграцыі закончыўся. Лукашэнка сумяшчае сувэрэнітэт Беларусі й сваю ўладу над краінай. Думаю, Крэмль гатовы выйсьці з усіх саюзных дамоўленасьцяў. І Менск хоча, каб першым гэта зрабіла Масква”.

Грыцанаў: “Ідэя саюзнай дзяржавы застанецца — як байка для электарату. Але будаваць яе Масква больш не жадае. У Расеі зьяўляецца новы нацыянальны праект — барацьба з Лукашэнкам”.

Карбалевіч: “Такім чынам, пакуль кампрамісу ў нафтавай вайне паміж саюзьнікамі не відаць. Але ён непазьбежны, бо Расея з кожным днём перапыненых паставак нафты траціць рэпутацыю надзейнага пастаўца энэргарэсурсаў, а Беларусь бяз нафты таксама можа пратрымацца лічаныя дні. Але нават пры хуткім дасягненьні згоды падзеі апошніх дзён моцна ўдарылі па саюзьніцкіх дачыненьнях краін”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG