Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Назіральнікі БХК: “Выбары не былі дэмакратычнымі”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Назіральнікі зь Беларускага Хэльсынскага камітэту лічаць выбары ў мясцовыя саветы недэмакратычнымі й непразрыстымі. Пра гэта сёньня было заяўлена на прэсавай канфэрэнцыі БХК, якую наведаў наш карэспандэнт.

Каля пяцісот прадстаўнікоў Беларускага Хэльсынскага камітэту назіралі за мінулымі выбарамі ў мясцовыя саветы. Разгорнутая справаздача пра назіраньне зьявіцца пазьней, але ўжо 15 студзеня праваабаронцы абвясьцілі папярэднія высновы.

“Гэтыя выбары немагчыма назваць дэмакратычнымі й празрыстымі. Парушэньні ішлі ад самага пачатку. І на стадыі фармаваньня камісій, і рэгістрацыі кандыдатаў, і падчас агітацыі — усё ня цалкам адпавядала і беларускаму праву, і міжнародным стандартам”, — кажа выканаўчы дырэктар БХК Алег Гулак.

Але найбольш прэтэнзіяў у праваабаронцы да працэсу падліку галасоў. Ён прысутнічаў пры падліку галасоў на участку ў Сухараўскай акрузе №27 Менску, але назіраньнем сваю місію назваць не бярэцца.

Гулак: “За дзесяць мэтраў ад назіральнікаў праводзіцца падлік, але камісія стаіць сьпінамі да нас, у мяне ёсьць фатаздымак — і нічога не відаць. Я падымаюся і кажу, што хачу паглядзець — маўляў, я не зьбіраюся вам замінаць, але я хачу бачыць бюлетэні. Адразу выклікаюць міліцыянта, і ён сядае побач са мной. А тым часам падлік галасоў працягваецца”.

Паводле падлікаў назіральнікаў на гэтай акрузе, выбары на ёй не адбыліся з-за нізкай яўкі выбарцаў, але ў выніковым пратаколе назіральнікі ўбачылі зусім іншыя лічбы. Іхныя заявы пра тое, што трэба пераправерыць лічбы, былі адхіленыя — назіральнікам заявілі, што выбары ўжо адбыліся.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька кажа, што мінулыя выбары фактычна нічым не адрозьніваліся ад папярэдніх прэзыдэнцкіх. “Толькі што меней было затрыманых і кампанія запалохваньня пачалася крыху пазьней”, — кажа Тацяна Процька. Яна асабліва адзначае тое, што, як і ў мінулых выбарах, у гэтых актыўны ўдзел бралі спэцслужбы.

Процька: “Два складнікі ўдзелу КДБ. Першы — гэта запалохваньне ўсіх людзей, стварэньне атмасфэры страху. І другое — супрацоўнікі КДБ, асабліва ў рэгіёнах, кантралююць выбары. Яны папярэджваюць тых, хто дапамагае дэмакратычным кандыдатам, робяць гэта, я б сказала, мякка, але ад гэтага людзі адчуваюць сябе яшчэ горш. Дакумэнтаў гэтыя людзі не паказваюць. Між тым, заўважу, што ў паўнамоцтвы КДБ кантроль за выбарамі не ўваходзіць”.

Паводле зьвестак назіральнікаў, падчас выбарчай кампаніі пад ціск трапілі дзясяткі актывістаў, шмат хто быў затрыманы. Болей за 600 актывістаў не прайшлі рэгістрацыі з прычыны адміністрацыйных захадаў.

Таксама сярод асаблівасьцяў мінулых выбараў назіральнікі адзначаюць нізкую актыўнасьць выбарцаў. Яны тлумачаць гэта нізкай роляй дэпутатаў мясцовых саветаў, якія ня могуць фармаваць мясцовыя бюджэты і ня маюць магчымасьці іх кантраляваць.
XS
SM
MD
LG