Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху пакаралі арыштамі


Любоў Лунёва, Менск Старшыню Моладзі Партыі БНФ Алеся Каліту суд Савецкага раёну Менску арыштаваў на 7 сутак. Актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэя Дзьмітрыева суд Партызанскага раёну арыштаваў на трое сутак. Фрунзенскі суд Менск разгледзеў справу Насты Александровіч, але прысуд вынесе 1 лютага. Усіх актывістаў абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Андрэя Дзьмітрыева прывезьлі з турмы на вуліцы Акрэсьціна ў суд Партызанскага раёну. Яго затрымалі 12 студзеня спэцназаўцы ў цывільным на вуліцы Захарава, калі ён выйшаў з офісу. Андрэй пасьпеў крыкнуць жанчыне, якая стала сьведкай інцыдэнту, каб яна патэлефанавала ягоным паплечнікам. Жанчына нават запісала нумары аўтамабіля.

Міліцыянты абвінавацілі Дзьмітрыева ў дробным хуліганстве. Суд пакараў яго арыштам на трое сутак. Пасьля суду Андрэя адвезьлі ў міліцыю і праз тры гадзіны адпусьцілі – паколькі ён ужо адбыў тэрмін арышту.

У судзе Савецкага раёну судзьдзя Людміла Савасьцян пакарала Алеся Каліту арыштам на 7 сутак. Алеся таксама схапілі на вуліцы, калі ён ішоў у адвакацкую кантору заключаць пагадненьне з адвакатам для Насты Александровіч. Яе затрымалі дома на гадзіну раней.

Алесь Каліта распавёў у судовай залі:

Каліта: “У чатыры кулакі і ў чатыры нагі на мяне пасыпаўся град удараў, нецэнзурная лаянка. Я крычаў: “Міліцыя! Дапамажэце!”. Мяне закінулі ва “ўазік”. Там яшчэ разоў пятнаццаць гумавай дубінкай, пасьля чаго я страціў прытомнасьць.

Ачуняў толькі каля Савецкага РУУС, калі спэцназаўцы паднесьлі мне нашатыр. Мне заламілі рукі й завялі ў падвальнае памяшканьне. Там адзін са спэцназаўцаў кінуў мяне на падлогу і ўдарыў па пячонцы, у правы бок грудзіны. Я зноў страціў прытомнасьць. Потым мяне прыкавалі кайданкамі да крэслаў, якія там стаялі, і нанесьлі яшчэ некалькі ўдараў па нагах і ў твар”.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка прысутнічаў на судзе. Ён паведаміў “Свабодзе”:

Вячорка: “Думаю, што той сьпіс №2, які згадвалі тыя людзі бандыцкага выгляду, якія зьбівалі Алеся, лішні раз паказвае высокі прафэсіяналізм і інтэлект спэцслужбаў. Бясспрэчна, раней ці пазьней усе вінаватыя ў гэтым панясуць пакараньне. Масавыя арышты ў Горадні, там дзе людзі спрабавалі ажыцьцявіць папярэдняе назіраньне за выбарамі, паказвае, што іх насамрэч нэрвуе і чаго яны баяцца”.

Алесь Каліта лічыць, што яго арыштавалі яшчэ й дзеля таго, каб ізаляваць на час правядзеньня акцыі салідарнасьці 16 студзеня.

Каліта: “Можа, каб пабоі, якія мне нанесьлі, сталі менш відавочныя. Можа, каб ізаляваць мяне на час правядзеньня акцыі 16-га. Улада панічна баіцца беларускай моладзі й беларускага моладзевага супраціву і духу”.

Суд Фрунзенскага раёну дапытаў сьведак у справе Насты Александровіч. Судзьдзя накіроўваў справу для дапрацоўкі і паведаміў, што прысуд агалосіць 1 лютага.
XS
SM
MD
LG