Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іраку пакараныя сьмерцю два паплечнікі Садама Хусэйна


Радыё Свабода Сёньня ў Іраку былі пакараныя сьмерцю праз павешаньне Барзан Ібрагім Тыкрыці, брат Садама Хусэйна па бацьку, былы кіраўнік ірацкай выведкі, і былы вярхоўны судзьдзя Іраку Авад Бандар. Яны былі прызнаныя вінаватымі ў забойстве 148 мусульманаў-шыітаў пасьля няўдалай спробы замаху на Садама ў вёсцы Дужаіл ў 1982 годзе. Паводле гэтай жа справы быў асуджаны да сьмяротнага пакараньня і сам былы прэзыдэнт.

Меркавалася, што Барзан Ібрагім і Авад Бандар будуць павешаныя разам з Садамам 30 сьнежня, аднак потым ірацкія ўлады вырашылі пакараць сьмерцю кожнага паасобку.

Сьмяротны прысуд быў выканананы сёньня а 3-й гадзіне раніцы паводле мясцовага часу, праз 16 дзён пасьля таго, як быў павешаны Садам Хусэйн.

У часе сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі памочнік ірацкага прэм''ера Басам Рыдха паведаміў пра некаторыя акалічнасьці пакараньня. Паводле ягоных словаў, у часе выкананьня прысуду ў памяшканьні знаходзіліся судзьдзя, пракурор і доктар. Усе падпісалі адмысловы дакумэнт, які прадугледжвае адпаведныя паводзіны ў падобных абставінах.

У адрозьненьне ад выпадку з Садамам Хусэйнам, парушэньняў у часе выкананьня прысуду не было, сьведчыць Басам Рыдха. Ніхто не крычаў лёзунгаў, над асуджанымі ня зьдзекаваліся. Рыдха пры гэтым зьвярнуў увагу на інцыдэнт, які адбыўся ў часе павешаньня брата Хусэйна Барзана Ібрагіма і пракамэнтаваў гэта як Божую волю.

(Рыдха:) "Адбылося наступнае. Галава Барзана аддзялілася ад цела. Гэта рэдка здараецца, і гэта сапраўды здарылася, і гэта было Божай воляй. Гэта нармальны працэс, які здараўся і раней".

Сваякам Барзана Ібрагіма і Авада Бандара паведамілі пра выкананьне прысуду і запэўнілі, што неўзабаве яны могуць атрымаць целы для пахаваньня.

У якасьці праціўніка сьмяротнага пакараньня выступіў ірацкі прэзыдэнт Джалал Талабані, які заявіў пра неабходнасьць адтэрміноўкі павешаньня для абодвух асуджаных.

Учора прэзыдэнт пакінуў краіну, каб накіравацца ў Сырыю. Тым часам прэзыдэнт Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу і італьянскі прэм''ер Рамана Продзі прынцыпова выступілі супраць сьмяротнага пакараньня.
XS
SM
MD
LG