Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А.Кароль: “Шлях на крамлёўскі пасад Лукашэнку перакрыты”


Валер Каліноўскі, Менск Экспэрты зазначаюць, што сярод палітычных вынікаў нафтавага канфлікту паміж Беларусьсю й Расеяй — прыпыненьне інтэграцыйных працэсаў, стварэньня так званай саюзнай дзяржавы.

Незалежныя палітолягі найперш зьвярнулі ўвагу на нядзельную заяву А.Лукашэнкі па выніках нафтавага крызісу:

Лукашэнка: “З усіх кансультацыяў і размоваў з найвышэйшым кіраўніцтвам Расеі я зразумеў, што ў нас розныя падыходы і розныя паняцьці адносна будаўніцтва саюзнай дзяржавы. Я абсалютна пераканаўся ў тым, што ад нас патрабуюць уступленьня ў склад Расеі”.

Менскі палітоляг Аляксей Кароль мяркуе, што гэтым Лукашэнка прызнаў значны палітычны складнік усяго нафтагазавага канфлікту:

Кароль: “Сапраўды, небясьпека інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі была. І яна застаецца. Але гэтая пагроза заўсёды зыходзіла ад беларускіх уладаў, і калі б, скажам, гэты інтэграцыйны праект адкрываў А.Лукашэнку шлях на крамлёўскі пасад, то, думаю, што яго рыторыка была б зусім іншая, і мы б ужо мелі гэтую інкарпарацыю Беларусі ў склад Расеі”.

Тут спадар Кароль спасылаецца на наступную нядзельную заяву А.Лукашэнкі:

Лукашэнка: “Вы хочаце адной дзяржавы, і хочаце мець у ёй і сыстэму кіраваньня, і ўлады, і эканоміку, як у адной дзяржаве? Калі ласка, калі вы гатовыя да гэтага. Давайце гэта зробім цягам гэтага году. У вас якраз да часу выбіраецца парлямэнт, у вас будзе абірацца прэзыдэнт. Давайце будзем абіраць адкрыта, сумленна, паводле зразумелых прынцыпаў і прэзыдэнта, і парлямэнт, і гэтак далей. Вы да гэтага гатовыя? Вы да гэтага не гатовыя. Мне ня раз пра гэта казала кіраўніцтва Расеі”.

Менскі палітоляг Аляксей Кароль перакананы, што незалежніцкая рыторыка А.Лукашэнкі мае вымушаны характар — ён абараняе перш за ўсё ўласную ўладу:

Кароль: “Па сутнасьці, з гэтай ягонай прамовы можна зрабіць яшчэ адну выснову: што гэты шлях на крамлёўскі пасад праз выбары ў саюзную дзяржаву цяпер перакрыты. І таму яму застаецца толькі незалежніцкая рыторыка. Але калі сытуацыя зьменіцца, то мы зноў пачуем інтэграцыйную рыторыку”.
XS
SM
MD
LG