Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі камэнтуюць вынікі выбараў (абноўлены)


Ганна Соўсь, Менск Беларускія палітыкі й грамадзкія дзеячы камэнтуюць вынікі выбараў у мясцовыя органы ўлады, а таксама тое, як дэмакратычныя сілы скарысталі палітычную кампанію "мясцовыя выбары".

Паводле намесьніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, дэмакратычныя кандыдаты скарысталі выбарчую кампанію выключна як агітацыйную.

Івашкевіч: "Выбары — гэта наагул ня выбары, таму і вынікаў ад іх няма ніякіх. Гэта ня тая тэма, якая хвалюе людзей, каб яны ішлі на рэвалюцыю. Другое, што нам працэдура падліку галасоў ужо вядомая — гэта фальсыфікацыя. І таму і назіраньне, і змаганьне кандыдатаў за дэпутацкі мандат у нас у Партыі БНФ не вяліся. Мы выкарыстоўвалі гэтую кампанію толькі як агітацыйную. Выкарысталі хаця б невялікі дзяржаўны рэсурс для прапаганды сваіх ідэй і галоўным чынам у пікетах, пра што ў нас была размова, як раз пра сытуацыю канфлікту з Расеяй, пытаньне энэргетыкі, пытаньні ўзаемаадносінаў Беларусі з Расеяй і Эўропай".

Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч ацэньвае пазыцыю ўлады ў часе выбарчай кампаніі як агрэсіўную.

Мілінкевіч: "Нават ня ведаю, чаму яна так спалохалася. Няма мясцовага самакіраваньня. Дэпутаты нічога ня значаць, але нават такіх дэпутатаў яны страшэнна баяцца. І так перашкаджалі ня толькі сходы праводзіць і інфармацыю распаўсюджваць, але і арышты пачаліся. А што тычыцца апазыцыі, то папракаць людзей у дэмакратычных сілах, што ня так шмат пайшло, я ўсё ж бы ня стаў. Таму што, калі яны ідуць на выбары, то іх звальняюць з унівэрсытэтаў, з працы. Гэта, безумоўна, вялікая рызыка, а набытку ніякага. Я б толькі сказаў, што правядзеньне кангрэсу з дапамогай выбарчай кампаніі аказалася, на маю думку, памылковая рэч. Таму што большасьць людзей (я праехаў амаль пяцьдзясят гарадоў) пасьля таго, як сабралі подпісы, ужо перасталі дзейнічаць, перасталі распаўсюджваць інфармацыю, не хадзілі па хатах, не праводзілі сходы. І я лічу, што гэта перашкодзіла, таму што галоўная мэта выбараў — усё ж інфармацыйная кампанія".

А кіраўнік берасьцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Юрась Губарэвіч задаволены вынікамі палітычнай кампаніі "мясцовыя выбары".

Губарэвіч: "Я лічу, што палітычная кампанія атрымалася. Прынамсі, у нас большасьць кандыдатаў дайшлі да дня галасаваньня, і дайшлі менавіта з мэтай як мага больш папрацаваць з выбарнікамі. Асноўнае, што мы рабілі, гэта распаўсюджвалі інфармацыю пра падзеі ў Беларусі, а таксама пра мясцовыя праблемы, а таксама пра шляхі іх вырашэньня".

Лідэр Аб’яднай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька учора назіраў за хадой галасаваньня.

Лябедзька: "Учора я назіраў за тым, што адбывалася на выбарчых участках у Менску. Нават ня лічаць галасы, нават ня робяць выгляд, што іх трэба лічыць. Іх проста сабралі ў некалькіх кучак — адна вялікая і некалькі маленькіх — закруцілі ў аркуш паперы, паставілі пячатку і празь пятнаццаць хвілінаў усё было скончана, і гэта з улікам таго, што на выбарчых участках 1,5—2 тысячы чалавек... Карысьць для нас якая? Тое, што мы маглі з часткай выбарцаў, там дзе былі нашы кандыдаты, папрацаваць і давесьці да іх наша агульнае пасланьне, нашу інфармацыю. Цяпер задача для нас вельмі простая — зрабіць яшчэ адно пасланьне ўжо па выніках выбараў, каб яшчэ раз прадэманстраваць людзям, што выбараў у нас не было, няма і пры гэтай уладзе ніколі ня будзе, і трэба мяняць сытуацыю празь іншыя інструмэнты".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG