Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Яўген Лугін 23.2.1935, в.Барбарова, Глускі раён — 16.10.2006, Менск. Пахаваны ў в.Барбарова.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі "Імёны Свабоды".

Калісьці, служачы ў Менску, дзекабрыст Мікіта Мураўёў пісаў праект канстытуцыі будучай свабоднай Расейскай дзяржавы. Праз паўтара стагодзьдзя афіцэр-беларус Яўген Лугін, таксама ўзяўся складаць ў савецкай арміі праект канстытуцыі вольнай краіны. За гэта — бо падзяліўся запаветнай таямніцаю зь сябрамі — і мусіў разьвітацца з службаю.

Аднак гонар афіцэра былы падпалкоўнік інжынэрна-сапёрных войскаў захаваў праз усё жыцьцё — гэтаксама, як і веру ў эўрапейскую прышласьць роднай краіны.

Спадар Яўген быў з тых, хто выпраменьвае перакананасьць у сваёй праўдзе. Менавіта такім я запамятаў яго на Ўстаноўчым зьезьдзе БНФ у Вільні, на сьвяткаваньнях Дня Волі й “Чарнобыльскіх шляхах”, на іншых акцыях дэмакратычнае апазыцыі, пасьля якіх ён ня раз трапляў за краты.

Ён стаў адным з найактыўнейшых сяброў Згуртаваньня беларускіх вайскоўцаў, дзе адстойваў ідэю стварэньня прафэсійнае арміі й нэўтральнасьці Беларусі.

Лугін любіў нашую зямлю і ў першасным значэньні гэтага слова. Пераадолеўшы дзясяткі бюракратычных бар’ераў, ён стварыў на бацькоўскай Глушчыне адну зь першых у краіне прыватных фэрмаў.

У Беларусі яго ведалі найперш як заснавальніка й лідэра Сялянскай партыі, што мела на мэце абарону эканамічных інтарэсаў і палітычных правоў вяскоўцаў. Адрозна ад шмат каго з паплечнікаў па апазыцыі, Лугін імкнуўся не да асабістай ўлады, а да аб’яднаньня партыяў і рухаў.

У адным з аўтографаў на сваёй кнізе я напісаў, што ён, Лугін, зь ягонымі зацятасьцю й зычлівасьцю, з памяркоўнасьцю й цьвёрдасьцю, з натуральнай багатай моваю, ёсьць для мяне ўвасабленьнем беларускага нацыянальнага характару.

Гэта выявілася і ў яго жаданьні быць пахаваным у роднай Глускай зямлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG