Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Жарнасек: "Веру ў ачышчальную моц Крыжа"


Радыё Свабода Ірына Жарнасек — удзельніца праграмы "Ў што я веру"

Гэта было ў 1994 годзе. Я ўпершыню адважылася пайсьці разам са сваімі сынамі ў пілігрымку. З Полацка — у Будслаў. 160 кілямэтраў шляху. 5 дзён дарогі.

У першы дзень трэба было прайсьці ад Полацка да Празарокаў. 43 кілямэтры. Як зь непрывычкі хіба зашмат. Але выйсьця мы ня мелі, бо бліжэйшы касьцёл ад Полацка тады быў толькі ў Празароках. Мы ж хацелі абавязкова дайсьці да сьвятыні, да тых, хто нас зразумее, адчыніць нам яе дзьверы, памоліцца разам з намі, прыме на начлег. За дзень мы моцна стаміліся ня толькі ад сьпякоты, пылу ды мазалёў на нагах, але і ад абыякавых позіркаў стрэчных, злосных ці ня вельмі кпінаў, а то й пакручваньня каля скроні пальцам. Мы ішлі па зямлі, дзе адразу ж пасьля 1917 году было цьвёрда абвешчана, што Бога няма і быць ня можа, а таму, зразумела, і крыжоў, вернікаў, малітваў, а тым больш, усялякіх там рэлігійных шэсьцяў таксама не павінна быць. Ня ведаю, як людзі прынялі такія навіны адразу пасьля 17-га, а напрыканцы ХХ стагодзьдзя іхныя ўнукі ды праўнукі ўжо даўно жылі так, як ім было загадана. Гэта значыць так, нібы Пана Бога ніколі, а тым больш ужо ў СССР, не было і быць не магло. І таму сьпякотным чэрвенем 1994 года гэтыя людзі глядзелі на нас, пілігрымаў, у галаве калёны якіх на тле нябеснага блакіту калыхаўся крыж, як на выкапнёвых дыназаўраў, якім невядома чаму дазволілі "швэндацца" сярод белага дня па дарогах бязбожнай краіны ды шукаць не каго-небудзь, але... Бога!..

Першы пілігрымскі дзень хіліўся да вечара, а разам зь ім пасьпешліва некуды ўцякалі рэшткі сілаў. Цяпер ужо, пасьля дванаццаці гадоў маіх пілігрымскіх дарог, магу прызнацца, што ня раз і ня два ў той першы дзень у галаву ўскоквалі спакусьлівыя думкі пра тое, што каму гэта ўсё патрэбна, сядзела б лепш дома і нечага было перціся ў дарогу, якая зусім не для слабакоў і ў фізычным і, як паказаў досьвед першага дня, у маральным пляне таксама. Выйсьце яшчэ было: аўтобусы пакуль яшчэ хадзілі, спадарожныя машыны таксама. Але ці магла я скарыстаць з гэткага выйсьця, памятаючы пра двух маіх сыноў (аднаму 14, другому 9 гадоў), якіх я марыла выхаваць зусім не атэістамі? А да таго ж, насуперак дзікай стоме, поту, што заліваў вочы, мазалям на нагах я ўжо адчула дзівосны смак пілігрымскае дарогі.

Позна ўвечары, калі сонца паволі хавалася на даляглядзе, мы нарэшце ўкленчылі перад першым за гэты дзень прыдарожным крыжам у Празароках. Да касьцёла заставалася нейкіх паўкілямэтру, а мы стаялі на каленях перад высокім крыжам, які здаваўся нам на тле сіняга неба амаль цудам, плакалі ад радасьці гэтае сустрэчы ды ўспрымалі яго як найвялікшую ўзнагароду за гэты неверагодна цяжкі дзень.

…Веру ў яго, крыж Хрыста. Веру ў тое, што Бог праз боль і ганьбу Крыжа на Галгофе 2000 гадоў таму агарнуў сваёй бязьмежнай любоўю ўсё чалавецтва, а значыць, прыгарнуў да сябе і мяне, маіх сыноў, маю Бацькаўшчыну. Веру ў ачышчальную моц Крыжа. У тое, што ўсе нягоды, выпрабаваньні, расчараваньні, увесь спазнаны боль жыцьця, перажыты ў духу веры, не зьнішчаюць чалавека, але ачышчаюць яго, узьнімаюць над шэрым, будзённым, звычайным і адкрываюць перад ім далягляд прыгажосьці, высакародства й любові.

Веру, што ўсё не надарэмна. І што тыя, хто знайшоў у сабе адвагу выбраць сёньня арыенцірам свайго шляху праўду, свабоду, справядлівасьць і абавязкова любоў, бо безь яе немагчыма ажыцьцявіць усё астатняе, ідуць нялёгкім, камяністым, цяжкім, але адзіна правільным шляхам. Пранесьці крыж свайго жыцьця ў імя свабоды, праўды, справядлівасьці і любові — што можа быць прыгажэй і высакародней?

Цемра баіцца сьвятла і крыжа. Баіцца праўды. Баіцца справядлівасьці. І вельмі баіцца бескарысьлівай любові, якая яе абяззбройвае.

Веру, што шлях да ўваскрашэньня пралягае толькі праз крыж. Іншага шляху проста няма.

…Заўсёды, калі выяжджала з бацькоўскага дома, маці з бацькам выпраўлялі мяне ў дарогу знакам крыжа. Ведалі: зь ім не заблуджуся на пакручастых жыцьцёвых пуцявінах. Цяпер, калі мае ўжо дарослыя сыны выходзяць за парог майго дома, я таксама жагнаю іх на дарогу: у імя Айца і Сына і Духа Сьвятога… Не ў якасьці замовы, але даю ім на дарогу знак нашае зь імі веры.

Ірына Жарнасек – пісьменьніца, аўтарка пяці кніг прозы, галоўная рэдактарка каталіцкага часопіса для дзяцей “Маленькі рыцар Беззаганнай”. Нарадзілася на Глыбоччыне, скончыла бібліятэчны факультэт інстытуту культуры. Жыве ў Наваполацку.


Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG