Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ідэалізуюцца ўмовы эканамічнага і культурнага жыцьця беларускага народу ў Літоўскім княстве"


Зьміцер Падбярэскі, Менск Беларуская прэса 15 студзеня розных гадоў

“Сялянская ніва” ў 1927 годзе друкуе абвестку: “Беларускі народны календар на 1927 год… (кірыліцаю, “рускімі літарамі”) мае 120 старонак кніжнага фармату, адзначаецца вельмі багатым і цікаўным зьместам. Цана з прычыны павялічэньня выданьня зьменшана: замест ранейшых 1 зал. 40 гр. цяпер прадаецца па 1. зал. 25 гр. экземпляр, з перасылкай 1 зал. 40 гр. Перасылка 2-3 календароў 30 гр., 4 календароў — 40 гр. Хто выпісуе ня меней 5-х календароў, той за перасылку ня плаціць і дастае спуск (уступку) 20 проц., хто выпісуе ня меней 10 календароў — дастае спуску 30 проц”.

“Советская Белоруссия” ў 1947 годзе пад загалоўкам “Аб недахопах у друкаванай прапагандзе і ў літаратуры Беларусі” піша: “Былі зроблены памылкі і ў літаратуры па гісторыі. У падрыхтаванай Інстытутам гісторыі Акадэміі навук Беларускай ССР кнізе “Гісторыя БССР” (вып. 1-ы) зроблены скажэньні гісторыі беларускага народу. У гэтай кнізе няправільна асьвятляюцца пытаньні ўтварэньня беларускай народнасьці і беларускай дзяржавы, ідэалізуюцца ўмовы эканамічнага і культурнага жыцьця беларускага народу ў Літоўскім княстве, не разьвенчваюцца шкодныя тэорыі буржуазных нацыяналістаў па пытаньнях гісторыі беларускага народу. (Аналягічныя памылкі мелі месца ў брашуры Т.Гарбунова “Гераічнае мінулае беларускага народу”, выдадзенай яшчэ ў 1945 годзе.)

“Народная воля”, год 1997. Газэта паведамляе: “Днямі кіраўнікі шэрагу галіновых прафсаюзаў накіравалі ўжо трэцяе пісьмо прэзыдэнту краіны Аляксандру Лукашэнку. Якія ж патрабаванні выстаўляюць калектывы прамысловых прадпрыемстваў? Вось некаторыя з іх. Прадаставіць раз у тыдзень з 17 да 20 гадзін 30 мінут эфірнага часу на радыё і тэлебачанні прафсаюзным і рабочым актывістам… Забяспечыць канстытуцыйнае права грамадзянам на свабоду думак, перакананняў і іх свабоднае выражэнне… на свабоду мітынгаў, шэсцяў і дэманстрацый. (Калі ж улады не прыслухаюцца, прафсаюзныя арганізацыі маюць намер правесці масавыя акцыі пратэсту.)”
XS
SM
MD
LG