Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія прамыслоўцы прагназуюць страты


Міхал Стэльмак, Менск Пасьля пераходу Беларусі і Расеі да рынкавых дачыненьняў у нафтагазавай сфэры беларуская прамысловасьць пачынае працу ў новых умовах. Прамыслоўцы прагназуюць страты.

Полацкае “Шкловалакно” – адно з буйнейшых прадпрыемстваў беларускай нафтахіміі. Яго працоўны калектыў на мінулым тыдні ўважліва сачыў за беларуска-расейскімі перамовамі ў Маскве. Дамоўленасьці 12 студзеня, паводле лідэра Свабоднага прафсаюзу прадпрыемства Віктара Стукава, не парадавалі работнікаў. Літаральна на наступны дзень, 13 студзеня, ім стала вядома, што зьмяняюцца ўмовы працы – “Шкловалакно” афіцыйна абвясьціла пра згортваньне сацыяльных праграм.

Спадар Стукаў патлумачыў:

Стукаў: “Прыпыняецца дзеяньне калектыўнай дамовы ў частцы аплаты працы за прастоі, выплаты пры накіраваньні ў калгасы (раней плацілі сярэдні заробак), потым выплаты, зьвязаныя з матэрыяльнай дапамогай да адпачынку на аздараўленьне, потым выплаты дапамогі для тых, хто звальняецца. Людзі, вядома, абураюцца”.

Паводле Віктара Стукава, ужо абвешчана, што спажываньне газу падаражэе для “Шкловалакна” удвая. Цяпер тут будуць плаціць за яго па 145 даляраў, у выніку чаго на прадпрыемстве чакаюць падзеньня прыбыткаў. На Менскім маторным заводзе таксама прагназуецца зьніжэньне рэнтабельнасьці вытворчасьці. Паводле адміністрацыі прадпрыемства, тут кошт газу павялічыцца да 150 даляраў.

Пра зьніжэньне эканамічных паказчыкаў у 2007 годзе ў сувязі з ростам цэн на энэрганосьбіты заяўляюць і кіраўнікі Беларускага мэталюргічнага заводу, што ў Жлобіне.

Зьмены ў нафтагазавых дачыненьнях Масквы й Менску сур’ёзна паўплываюць і на сёлетняе эканамічнае становішча яшчэ аднаго беларускага прамысловага гіганта – Гарадзенскае аб’яднаньне “Азот”. Вось што, у прыватнасьці, паведаміў кіраўнік суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу на гэтым прадпрыемстве Сяргей Антусевіч:

Антусевіч: “Пры такім кошце на газ страты прадпрыемства за студзень месяц складаюць 14 мільярдаў беларускіх рублёў. Гэта велізарная сума, якая, фактычна, ставіць крыж на існаваньні ўсяго заводу, таму што вытрымаць такія страты вельмі і вельмі цяжка без нейкага ўмяшаньня дзяржавы. Таму адразу, літаральна на другі дзень новага году, адміністрацыя зьвярталася да ўраду, каб кошты на газ былі нейкія льготныя, перагледжаныя – хаця б такія кошты, якія атрымлівае Беларусь на мяжы з Расеяй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG